«Рашэнні суда абавязковыя да выканання». Расію пачалі судзіць за генацыд ва Украіне

Сёння ў судзе ААН у Гаазе пачаліся слуханні па пазове Украіны супраць Расіі аб парушэнні Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. Украіна падала гэты пазоў адразу пасля пачатку ўварвання. Слуханні пройдуць з 18 па 27 верасня. Што гэта за суд і што ён азначае?

Фота з працэсу: reuters.com

Фота з працэсу: reuters.com

Пра сутнасць прэтэнзій і перспектывы працэсу тэлеграм-каналу «Можам патлумачыць» распавёў міжнародны адвакат Сяргей Галубок.

Чаму менавіта генацыд

Уварванне ва Украіну — гэта злачынства агрэсіі, якое парушае Статут ААН. Суд ААН не валодае юрысдыкцыяй разглядаць гэтае парушэнне. Але ён можа разглядаць пазоў аб парушэнні Канвенцыі аб генацыдзе. «Для таго, каб суд валодаў кампетэнцыяй, трэба юрысдыкцыйныя падставы, і ў гэтай спрэчцы ў якасці яго выступае Канвенцыя аб генацыдзе, якую ратыфікавалі абодва бакі гэтай спрэчкі», — тлумачыць Галубок.

Што абмяркоўваюць на працэсе

На гэтым тыдні гаворка пойдзе аб юрысдыкцыі суда і прымальнасці скаргі Украіны. Расія гэта аспрэчвае, сцвярджаючы, што прэтэнзіі Кіева зводзяцца да правамернасці правядзення так званай «СВА», як называюць уварванне ва Украіну ў Расіі. Калі Украіна гэты этап выйграе, пазоў пачнуць разглядаць па сутнасці.

У чым сутнасць спрэчкі?

Украіна абвінавачвае РФ у «планаванні актаў генацыду» і сцвярджае, што Расія «наўмысна забівае прадстаўнікоў украінскай нацыянальнасці». У пачатку верасня камісія ААН заявіла, што пакуль не знайшла дастатковых доказаў генацыду ва Украіне. Пазоўнік таксама заяўляе, што Расія маніпулюе паняццем генацыд для апраўдання сваёй агрэсіі — абвяшчаючы аб нейкіх «актах генацыду» ў самаабвешчаных і непрызнаных «ДНР» і «ЛНР» на ўсходзе Украіны.

Хто яшчэ ўдзельнічае ў справе

Акрамя Расіі і Украіны ў працэсе ўдзельнічаюць яшчэ 32 краіны. «Гэтыя краіны ўдзельнічаюць у той жа Канвенцыі і зацікаўленыя ў тым, каб яе палажэнні тлумачыліся і ўжываліся правільна з пункту гледжання міжнароднага права», — тлумачыць Галубок.

Ці абавязкова да выканання?

Суд ААН у Гаазе — гэта галоўны судовы орган ААН (не трэба блытаць яго з Міжнародным крымінальным судом у Гаазе). Рашэнні суда канчатковыя і абавязковыя да выканання. Калі іх не выконваюць, можна апеляваць у Савет Бяспекі ААН, але там у РФ права вета. 16 сакавіка 2022 года суд ужо пастанавіў, што Расія павінна неадкладна прыпыніць ваенныя дзеянні да пачатку разбору, але ў Маскве вердыкт праігнаравалі.

У мінулым за генацыд двойчы судзілі Югаславію, а цяпер разглядаецца справа супраць М'янмы.