СМІ: Дональд Трамп разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць Расіі ўжо на гэтым тыдні

Расійскі бок адмаўляецца разглядаць Ватыкан як месца мірных перамоваў. Чаму? Адказ вас здзівіць, але абсурдная матывацыя паказвае нежаданне Крамля спыняць вайну. Тым часам СМІ пішуць, што Трамп думае пра санкцыі. Але ён думае ўжо не ўпершыню. Ідзе 1189-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 170 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы за 27 траўня. На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 65 штурмавых дзеянняў расіян паблізу Зары, Александропалю, Малінаўкі, Елізаветаўкі, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Удалага, Катляроўкі, Траецкага, Андрэеўкі.  

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі непадалёк Канстанцінопалю, Багатіру, Атраднага, Зялёнага Поля, Навасёлкі і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 16 разоў, спрабуючы ўклініцца ў абарону УСУ паблізу Грэкаўкі, Новаміхайлаўкі, Рэдкадубу, Ямпалоўкі, Торскага. 

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак у раёнах Азаранаўкі, Тарэцка і Шчарбінаўкі.

Па пяць атак расійн на кожным зафіксавана на Харкаўскім, Купянскім, Краматорскім кірунках.

У Курскай вобласці Расіі ўкраінскія войскі спынілі 23 штурмавыя дзеянні арміі РФ.

* * *

Перакідванне падраздзяленняў з Данецкай вобласці да межаў Сумскай вобласці можа сведчыць пра новую ваенную стратэгію расійскай арміі, піша ў сваёй справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Нядаўняе патрабаванне прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб стварэнні расійскімі войскамі «буфернай зоны» ўздоўж дзяржаўнай расійска-ўкраінскай мяжы, а таксама сталыя намаганні для поўнага захопу тэрыторый Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей падкрэсліваюць намер Пуціна пашырыць свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі.

У справаздачы спаслаліся на інфармацыю ўкраінскага вайсковага аналітыка Канстанціна Машаўца пра тое, што камандаванне РФ нядаўна перадыслакавала падраздзяленні 752-га мотастралковага палка (3-я мотастралковая дывізія, 20-я агульнавайсковая армія, Маскоўская вайсковая акруга) і 200-й мотастралковай брыгады (14-ы армейскі корпус, Ленінградская вайсковая акруга) для ўзмацнення расійскай групоўкі, якая вядзе наступ на поўнач Сумскай вобласці.

З сярэдзіны 2023 года падраздзяленні 200-й мотастралковай брыгады дзейнічалі на кірунку Бахмут — Часаў Яр, а падраздзяленні 752-га мотастралковага палка як мінімум з сярэдзіны 2024 года знаходзіліся ў кірунках Баравой (Харкаўская вобласць) і Лімана (Данецкая вобласць).

У ISW не выключаюць, што перадыслакацыя войскаў з раёна Часавага Яра сведчыць, што расійскае камандаванне можа планаваць адтэрміноўку наступу на Канстанцінаўку. Гэта пацвярджае ацэнку ISW пра тое, што  Расія пакуль не мае дастатковых аператыўных рэзерваў для адначасовага вядзення наступальных дзеянняў у некалькіх кірунках.

Раней у ISW меркавалі, што Пуцін, верагодна, мае намер выкарыстоўваць буферныя зоны на поўначы Сумскай і Харкаўскай абласцей для апраўдання пашырэння сваіх тэрытарыяльных прэтэнзій на ўкраінскія землі за межамі традыцыйных прэтэнзій на Луганскую, Данецкую, Запарожскую і Херсонскую вобласці.

* * *

500235950_1053433093636435_2352649612934122598_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць Расіі ўжо на гэтым тыдні, піша The Wall Street Journal. Такі крок можа быць зроблены, паколькі Трамп адчувае расце расчараванне з-за «нападаў» кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна на Украіну (хутчэй за ўсё, гаворка аб абстрэлах) і павольных тэмпаў мірных перамоваў.

Адна з крыніц паведаміла, што абмежаванні, імаверна, не будуць уключаць новыя банкаўскія санкцыі, але абмяркоўваюцца іншыя варыянты ціску на Пуціна з мэтай прымусіць яго пайсці на саступкі за сталом перамоваў, уключаючы 30-дзённае спыненне агню. Пры гэтым выданне піша, што Трамп можа вырашыць не ўводзіць новыя санкцыі.

Таксама ў публікацыі сказана, што прэзідэнт ЗША стаміўся ад мірных перамоваў і падумвае аб тым, каб адмовіцца ад іх, калі апошні рывок не спрацуе. Няясна, што адбудзецца, калі ЗША адступяць ад мірнага працэсу і ці працягне Амерыка аказваць ваенную дапамогу Украіне.

* * *

Расійскі бок адмаўляецца разглядаць Святы Пасад як месца правядзення мірных перамоваў з Украінай, і выдумляе прычыны, каб не ехаць у Ватыкан, піша Reuters са спасылкай на высокапастаўленыя крыніцы ў кіраўніцтве Расіі.

Са слоў аднаго з суразмоўцаў Reuters, «Ватыкан, безумоўна, не разглядаецца ў Расіі як сур'ёзная сіла, здольная развязаць такі складаны канфлікт».

Сярод прычын, якія прывялі тры крыніцы агенцтва, згадваўся ўжо распаўсюджаны Лаўровым тэзіс, што каталіцкая краіна, маўляў, не можа быць пасярэднікам у вайне паміж «пераважна праваслаўнымі дзяржавамі». Таксама яны наракалі, што Ватыкан акружаны Італіяй — чальцом NATO, якое падтрымлівае Украіну і неаднаразова ўводзіла санкцыі супраць Расіі. І яшчэ — нібыта членам мірнай дэлегацыі будзе вельмі цяжка дабрацца да Ватыкана з Масквы з-за персанальных санкцый ЕС.

* * *

Дазвол Украіне на ўдары па выдаленых цэлях на тэрыторыі Расіі, з'яўляецца лагічным адказам на растучую хвалю паветраных атак па Украіне, заявіў міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфул.

Нагадаем, у адказ на маштабныя паветраныя атакі Украіны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заявіў, што Украіна не мае абмежаванняў у далёкасці удараў па Расіі з боку Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША.

Ёган Вадэфул адхіліў крытыку Масквы на дазвол Украіны ўжываць заходнюю зброю для ўдараў углыб Расіі. «Расійскаму прэзідэнту неаднаразова прапаноўвалі магчымасць сесці за стол перамоваў, але ён кожны раз адмаўляўся. Мы заўсёды выразна заяўлялі, што такія паводзіны не застанецца без наступстваў», — сказаў Вадэфул.

* * *

Нідэрланды адправілі апошнюю партыю прызначаных для Украіны знішчальнікаў F-16. Яны вылецелі з авіябазы «Фолькель» у Бельгію, дзе іх будуць рыхтаваць да дастаўкі, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Нідэрландаў.

На авіябазе «Фолькель» прысутнічаў міністр абароны Нідэрландаў Рубен Брэкельманс. Ён назваў гэта настальгічным момантам, бо F-16 адыгрывалі важную ролю для Нідэрландскіх паветраных сіл дзесяцігоддзямі. «Але цяпер, калі мы развітваемся пасля пераходу на F-35, я не мог уявіць лепшага месца прызначэння, чым Украіна. З-за штодзённых расійскіх авіяўдараў F-16 маюць жыццёва важнае значэнне для Украіны. Гэта дазваляе ім стрымліваць расійскую агрэсію і для нас», — адзначыў міністр.

З ягоных слоў, F-16 ужо дапамаглі ўкраінскім вайскоўцам збіваць крылатыя ракеты і дроны, гэта значыць ратаваць жыцці. Міністр дадаў, што гэтыя самалёты маюць лепшыя тэхнічныя магчымасці і больш высокую выжывальнасць у баі, чым савецкія, якія да гэтага часу выкарыстоўвала Украіна.

У цэлым Нідэрланды перадалі Украіне 24 знішчальнікі. Таксама яны працягнуць перадаваць усё неабходнае для абслугоўвання F-16 — запчасткі, боепрыпасы і паліва.