Спі спакойна, металічная птушка. Да 35-годдзя славутага палёту «Мріі»

Найбуйнейшы і найбольш магутны самалёт у свеце Ан-225 «Мрія» 22 сакавіка 1989 года падняўся ў неба, і за 3 гадзіны 45 хвілін устанавіў 110 сусветных рэкордаў хуткасці, вышыні і грузападымальнасці. «Дыямент» авіяцыі быў знішчаны расійскімі тэрарыстамі праз тры дні пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

vokladka_76.jpg

Роўна 35 гадоў таму сімвал бездакорнасці ў галіне авіяпрамысловасці «Ан-225 Мрія» ўразіў свет сваімі магчымасцямі. Найвялікшае ў гісторыі транспартнае судна паднялася ў неба з грузам 156,3 тоны, пабіўшы 109 рэкордаў хуткасці. Апошні, сто дзясяты, стаў фактам здзяйснення такой колькасці рэкордаў адначасова.

Праз 12 гадоў, ужо ў незалежнай Украіне, адноўленая «Мрія» з новай сертыфікацыяй і жоўта-блакітнай ліўрэяй (афарбоўка самалёта) пабіла ранейшыя вынікі, устанавіўшы 124 сусветныя і 214 нацыянальныя рэкорды па грузападымальнасці, хуткасці і вышыні палёту.

«Мрія» з арбітальным караблём «Буран». Фота: «Antoniv»

«Мрія» з арбітальным караблём «Буран». Фота: «Antoniv»

Украінскай інтэрв’юэрцы Раміне Эсхакзай удалося зрабіць унікальны рэпартаж, у якім адлюстроўваецца фактычна адна з найбольш уплывовых падзей у гісторыі сучаснай авіяцыі. Першая частка інтэрв’ю, знятая 23 лютага 2022 года, паказвае «Мрію» на піке яе магчымасцяў і славы. З 2002 года самалёт займаўся важнымі камерцыйнымі рэйсамі, дастаўкай тэрміновых гуманітарных паставак, буйнагабарытных грузаў накшталт лакаматываў і лопасцяў для ветракоў, ратаваў незлічоную колькасць жыццяў падчас пандэміі COVID-19, забяспечваючы шпіталі лекамі, шчыткамі, маскамі, абсталяваннем. «Мрія» за сваю паўнавартасна ўкраінскую гісторыю пабывала на ўсіх кантынентах свету акрамя Антаркціды.

Транспарціроўка цягніка на «Мріі»

Транспарціроўка цягніка на «Мріі»

Праз чатыры дні, 27 лютага, легендарная «птушка» была варварскі знішчана падчас авіяналёту расійскіх акупантаў на аэрапорт Гастомель пад Кіевам. Фюзеляж судна быў выпалены без магчымасці аднаўлення. «Мрія» хутка стала сімвалам украінскай мроі, а лопасці рухавіка, што працягвалі вярцецца на абгарэлых крылах — сімвалам незламанасці ды няспыннасці.

Другая частка інтэрв’ю была запісана пасля вызвалення Гастомелю, Ірпеня, Барадзянкі і ўсёй Кіеўскай вобласці.

Дзмітрый Антонаў. Фота: «Antoniv»

Дзмітрый Антонаў. Фота: «Antoniv»

Камандзір судна Дзмітрый Антонаў распавёў пра прэтэнзіі Расіі на ўкраінскі самалёт, асабістыя адчуванні да «птушкі» і яе смерць.

Пілот пралётаў на «Мріі» практычна 20 гадоў: за гэты час ён правёў у паветры паўтары тысячы гадзін. Дзмітрый упэўнены, што пра аніякае «права на спадчыну СССР» у краіны-агрэсаркі быць не магло: 26 траўня 2001 года Ан-225 атрымаў сертыфікат тыпу ў Авіяцыйным рэгістры Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта. У адрозненне ад сотняў літаральна забітых савецкіх паветраных суднаў у Расіі, «Мрія» была прыведзена ў належны стан украінскімі спецыялістамі на ўкраінскім заводзе ў незалежнай Украіне.

 «“Мрія” — асаблівая. Па-першае, яна прыцягвала шмат увагі да сябе. Такое адчуванне гонару, што ты з Украіны, самалёт украінскі, бо пасля другога яе нараджэння ў 2001 годзе, я лічу, яна стала цалкам украінскай. Той самалёт, савецкі, памёр у 95-м годзе. У 2001 нарадзіўся новы самалёт — украінскі», — адзначае пілот.

«Мрія» падчас параду на Дзень незалежнасці над Кіевам. Фота: ТСН

«Мрія» падчас параду на Дзень незалежнасці над Кіевам. Фота: ТСН

Антонаў дазнаўся пра знішчэнне «Мріі» праз зводкі навін у інтэрнэце і першы час не мог паверыць у тое, што адбылося. Адзіная яго мара заключалася ў тым, каб самалёт магчыма было аднавіць. Пасля вызвалення акупаваных тэрыторый 31 сакавіка, пілот адразу ж прыбыў у аэрапорт, дзе засталіся выпаленыя рэшткі судна.

Апошні рэйс «Мріі» прайшоў 6 лютага — тады Дзмітрый пасадзіў яе ў аэрапорце Гастомелю. Па яго словах, на наступны дзень пасля пачатку вайны яны атрымалі пісьмо ад НАТА, у якім заходнія спецыялісты прапаноўвалі перагнаць важны борт дзеля бяспекі. На рашэнне быў прадастаўлены месяц, аднак, як аказалася, ратаваць «Мрію» неабходна было тэрмінова.

«Усё гаварыла пра тое, што пачынаецца: NATO яшчэ за месяц (папярэджвалі) пра гэта, што іншыя авіякампаніі ўляцелі. Напрыклад, страхавыя кампаніі пачалі страхаваць самалёты толькі на адзін дзень — гэта таксама, я лічу, вялікі паказальнік, што нешта не тое адбываецца».

Рэшткі «Мріі» у Гастомелі. Фота: United24

Рэшткі «Мріі» у Гастомелі. Фота: United24

Тым не менш, Антонаў аналізуе, што сыходзячы з рэзультату, ён не верыў ва ўварванне, бо ў адваротным выпадку выратаваў бы «Мрію» без загаду кіраўніцтва.

«У кабінеце ў мяне, на жаль, знішчана палова майго жыцця: там і дакументы, там і матэрыялы, фотаздымкі і шмат іншага. Чаму? Бо лічыў, што надзейней, чым гэта месца, быць не можа. Калі б я быў упэўнены, што штосьці будзе адбывацца, напэўна паспрабаваў бы нешта забраць. А так — ўсё згарэла».

Пілот распавядае, што па прыбыцці ў разбураны Гастомель паўсюль была выключна разруха, шэрасць і поўнае знішчэнне ўсяго, з чым ён працаваў з 1993 года. Ягоны аўтамабіль, які стаяў на паркоўцы, таксама быў спалены акупантамі.

«Тое, з чым я амаль 30 гадоў сутыкаўся, штодзень бачыў, усё-ўсё знішчана практычна з нейкай злосцю і нянавісцю да ўсяго ўкраінскага. Сумная карціна», — дзеліцца спадар.

Пілоты «Мріі», Дзмітрый Антонаў пасярэдзіне. Фота: «Antoniv»

Пілоты «Мріі», Дзмітрый Антонаў пасярэдзіне. Фота: «Antoniv»

Найбольш складаным псіхалагічным этапам Дзмітрый называе менавіта гэта — прыняцце таго, што ні «Мріі», ні ўсяго, з чым ён пражыў свой лёс, больш не існуе.

«Але гэта ўсё праходзіць», — напрыканцы кажа ён. Найлепшай навіной для пілота быў момант, калі стала вядома пра паспяховую эвакуацыю 150 чалавек, што знаходзіліся ў аэрапорце падчас акупацыі. Ніхто з іх не пацярпеў. Самай важнай мрояй Антонаў называе перамогу, а пасля будзе і новая «Мрія», і іншая Украіна, і сучасная ўкраінская еўрапейская авіяцыя.