Што будзе, калі пераможа Пуцін?

У пэўных палітычных колах расце адчуванне, што стаўка Пуціна на тое, што ён зможа перахітрыць ЗША і іх саюзнікаў, можа аказацца правільнай, піша ўкраінская служба ВВС.

world_war3__1_.png

Замарожванне дапамогі з боку ЗША і Еўропы прымушае саюзнікаў Украіны задумацца аб тым, у што яны адмаўляліся верыць з першых дзён расійскага ўварвання: што Уладзімір Пуцін можа перамагчы. Пра гэта піша амерыканскае выданне Bloomberg.

З больш чым 110 мільярдамі долараў дапамогі, якія затрымаліся ў палітычных спрэчках у Вашынгтоне і Бруселі, пытанне аб тым, як доўга Кіеў зможа стрымліваць расійскія сілы, становіцца ўсё больш вострым.

У дадатак да патэнцыйна катастрафічных наступстваў для Украіны, еўрапейскія саюзнікі таксама пачынаюць думаць пра тое, як можа паўплываць на свет правал NATO ў найбуйнейшым канфлікце ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. 

Як паведамляюць інфармаваныя крыніцы выдання Bloomberg, яны ўлічваюць небяспеку, якую Расія ў выпадку перамогі будзе ўяўляць для ўсходніх чальцоў альянсу.

Партнёры і саюзнікі ЗША сумняваюцца, наколькі надзейнымі будуць абяцанні Вашынгтона ў галіне абароны. Наступствы такога стратэгічнага правалу будуць значна глыбейшымі, чым тыя, якія прывялі да вываду войскаў ЗША з Афганістана ў 2021 годзе, піша Bloomberg.

Выданне таксама згадвае пра перспектыву таго, што Дональд Трамп можа выйграць прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў наступным годзе і выканаць свае публічныя абяцанні выйсці з асноўных альянсаў, у тым ліку NATO, і дамовіцца з Пуціным адносна Украіны.

«Калі Украіна не атрымае падтрымкі з боку ЕС і ЗША, то Пуцін выйграе», — заявіў прэм'ер-міністр Ірландыі Леа Варадкар на мінулым тыдні на саміце Еўрасаюза, дзе лідары не змаглі ўхваліць 50 мільярдаў еўра дапамогі Украіне.


Глядзіце таксама

Тым часам у панядзелак Пентагон папярэдзіў, што грошы на новую зброю для Украіны скончацца 30 снежня, калі амерыканскія заканадаўцы не зацвердзяць пакет дапамогі Украіне.

Акрамя таго, несуцяшальныя вынікі ўкраінскага наступу гэтым летам выклікаюць усё больш пытанняў аб тым, ці рэальная мэта Украіны вярнуць усе акупаваныя Расіяй тэрыторыі, піша Bloomberg.

«Узмацняецца занепакоенасць недахопам дапамогі Украіне па абодва бакі Атлантыкі, а таксама расчараванне з-за стагнацыі з жахлівымі наступствамі на полі бою», — цытуе выданне Крысцін Берзіна, дырэктар Нямецкага фонду Маршала ў Вашынгтоне. «Верагоднасць таго, што Украіна страціць іншыя тэрыторыі і нават суверэнітэт, усё яшчэ існуе».

На думку еўрапейскіх чыноўнікаў, Расія, верагодна, будзе імкнуцца захапіць больш тэрыторыі і знішчыць больш інфраструктуры, калі Украіна не атрымае зброю, неабходную для абароны. На іх думку, Украіна можа быць вымушаная прыняць пагадненне аб спыненні агню на ўмовах Расіі.

Афіцыйныя асобы, якія падтрымліваюць Украіну як у ЕС, так і ў ЗША, кажуць, што нейкая форма дапамогі, верагодна, будзе зацверджана ў пачатку наступнага года, але наўрад ці гэта прывядзе да значнага прарыву на полі бою.

У краінах Балтыі афіцыйныя асобы ўжо кажуць людзям рыхтавацца да наступнай вайны, паколькі сілы Пуціна, падобна, не знішчаныя ва Украіне. Дыскусія перайшла ад "калі" Расія нападзе — да канкрэтных дзеянняў па падрыхтоўцы да гэтай калісьці неймавернай перспектывы.

Нягледзячы на публічныя запэўніванні Байдэна, расце занепакоенасць наконт таго, ці сапраўды ЗША і іншыя саюзнікі будуць рызыкаваць сваімі войскамі, каб абараніць малюсенькія краіны, якія калісьці ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза, піша Bloomberg.

«Расія не баіцца NATO», — заявіў на мінулым тыдні кіраўнік ваеннага ведамства Эстоніі Марцін Херэм у інтэрв'ю мясцоваму тэлеканалу, дадаўшы, што расейскія вайскоўцы могуць быць гатовыя напасці на NATO на працягу года пасля заканчэння канфлікту ва Украіне.

Іншыя заходнія чыноўнікі кажуць, што Пуціну, верагодна, спатрэбіцца прынамсі некалькі гадоў, каб акрыяць ад велізарных страт, якія панесла яго армія ва Украіне, не кажучы ўжо пра пагрозу значна больш баяздольным сілам НАТА.

Але ўпэўненасць у тым, што ўварванне будзе «стратэгічным паражэннем» для расійскага лідара знікла — замест гэтага ў некаторых колах расце адчуванне, што стаўка Пуціна на тое, што ён зможа перахітрыць ЗША і іх саюзнікаў, можа аказацца правільнай.

Фінляндыя, якая ў гэтым годзе ўступіла ў NATO, будуе ўласную абарону і імкнецца наладзіць сувязі са Злучанымі Штатамі ў галіне бяспекі.

Выданне спасылаецца на неназванага заходняга чыноўніка, які адзначыў, што перамога Расіі выкліча паток бежанцаў у ЕС, што ўзмоцніць ціск на гэтыя краіны і абвострыць напружанасць паміж чальцамі саюза. Паводле яго слоў, украінскі супраціў пяройдзе да партызанскай тактыкі, што павялічыць нестабільнасць на ўсходняй мяжы ЕС.

Некаторыя еўрапейскія краіны, магчыма, захочуць умацаваць свае сувязі з Масквой ці Пекінам, каб не спадзявацца занадта моцна на ненадзейныя Злучаныя Штаты, заявілі іншыя чыноўнікі.

У сувязі з тым, што расійскія сілы патэнцыйна значна бліжэй да межаў Польшчы, Славакіі, Венгрыі і Румыніі, а Крым дае Крамлю дамінуючую пазіцыю ў Чорным моры, ЗША трэба будзе ўкласці значныя сродкі ў свае еўрапейскія сілы, каб забяспечыць надзейны фактар стрымлівання. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Інстытута вывучэння вайны, апублікаваным на мінулым тыдні.

ЗША павінны будуць разгарнуць «значную частку» сваіх сухапутных войскаў, а таксама «вялікую колькасць» самалётаў-невідзімкаў. Улічваючы абмежаванні вытворчасці ў ЗША, гэта можа прымусіць Белы дом выбіраць паміж захаваннем дастатковай колькасці сіл у Азіі для абароны Тайваня ад патэнцыйнага ўдару Кітая і стрымліваннем нападу Расіі на NATO.

«Усё гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль існуе расійская пагроза — патэнцыйна бясконца», — заявілі аналітыкі на чале з Фрэдэрыкам В. Каганам.