Вайна ва Украіне: пяць сцэнароў развіцця канфлікту ў 2023 годзе

Ці можа вайна завяршыцца ў надыходзячым годзе, і калі так, то якім чынам — на полі бою ці за сталом перамоў? Ці канфлікт наогул зацягнецца да 2024 года? ВВС спытала некалькіх ваенных аналітыкаў, як, на іх думку, будуць развівацца падзеі ў 2023 годзе.

_128133248_gettyimages_461042624.jpg


ВВС выбірала аналітыкаў для гэтага артыкула, кіруючыся іх ваенным вопытам і спрабуючы адлюстраваць шырокі спектр меркаванняў.


«Вясновы наступ Расіі будзе ключавым»

Майкл Кларк, намеснік дырэктара Інстытута стратэгічных даследаванняў, Эксетэр, Вялікабрытанія

— Тыя, хто спрабуе ўварвацца ў іншую краіну ў любым пункце вялікіх еўразійскіх стэпаў, у выніку асуджаныя на зімоўку ў гэтых стэпах.

Напалеону, Гітлеру і Сталіну даводзілася манеўраваць сваімі войскамі перад наступленнем зімы ў стэпе, і цяпер, калі ўварванне ідзе не лепшым чынам, Уладзіміру Пуціну даводзіцца прымушаць свае войскі зімаваць у стэпе ў чаканні новага расійскага наступу вясной.

Абодвум бакам патрэбны перадых, але ўкраінцы лепш забяспечаны і матываваны для працягу наступу, і можна чакаць, што яны будуць працягваць выціскаць расійцаў, прынамсі, з Данбаса.

У раёне Крамянной і Сватава яны на мяжы вялікага прарыву, які адкіне расійскія войскі на 60 кіламетраў назад, да наступнай натуральнай абарончай лініі, недалёка ад таго месца, дзе расійскае ўварванне пачалося ў лютым 2022 года.

Кіеў не захоча спыняцца на дасягнутым, асабліва калі перамога тут гэтак блізка. Аднак пасля вызвалення Херсона ўкраінскія наступальныя аперацыі на паўднёвым захадзе могуць спыніцца. Фарсіраванне Дняпра для ціску на ўразлівыя расійскія аўтамабільныя і чыгуначныя шляхі ў Крым можа аказацца занадта складаным. Але нельга выключаць магчымасці новага наступу УСУ.

У 2023 годзе ключавым фактарам будзе вынік вясновага наступу Расіі. Пуцін прызнаў, што каля 50 тысяч чалавек з нядаўна мабілізаваных ужо знаходзяцца на фронце; астатнія 250 тысяч праходзяць падрыхтоўку для ўдзелу ў баявых дзеяннях у 2023 годзе. Пакуль лёс гэтых новых расійскіх войскаў не вызначыцца на полі бою, практычна ніякіх іншых сцэнароў, акрамя працягу вайны, няма.

Адзіны іншы магчымы сцэнар — гэта кароткае і нестабільнае спыненне агню. Пуцін даў зразумець, што ён не спыніцца. А Украіна дала зразумець, што будзе змагацца за сваю краіну.


«Украіна адваюе свае землі»

Андрэй Піянткоўскі, вучоны і аналітык з Вашынгтона

— Украіна пераможа, цалкам аднавіўшы сваю тэрытарыяльную цэласнасць не пазней за вясну 2023 года.

Гэта выснова вызначаецца двума фактарамі. Першы — беспрэцэдэнтная ў сучаснай ваеннай гісторыі матывацыя, рашучасць і мужнасць украінскіх вайскоўцаў і ўкраінскага народа ў цэлым.

Другі фактар — пасля многіх гадоў прымірэння з расійскім дыктатарам Захад нарэшце пасталеў і ўсвядоміў маштабы гістарычнага выкліку, з якім сутыкнуўся. Лепш за ўсё гэта ілюструе нядаўняя заява генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга: «Цана, якую мы плацім, выяўляецца ў грашах. А цана, якую плацяць украінцы — гэта кроў. Калі аўтарытарныя рэжымы ўбачаць, што прымяненне сілы прыносіць плён, мы ўсе заплацім значна большую цану. І свет стане больш небяспечным для ўсіх».

Дакладны час непазбежнай перамогі Украіны будзе вызначацца хуткасцю, з якой NATO зможа паставіць новы пакет ваенных штурмавых узбраенняў (танкі, самалёты, ракеты вялікай далёкасці), што зменіць расклад сіл на полі бою.

Я чакаю, што ў бліжэйшыя месяцы (магчыма, тыдні) ключавым пунктам кампаніі стане Мелітопаль. Захапіўшы Мелітопаль, украінцы лёгка прасунуцца да Азоўскага мора, фактычна адрэзаўшы лініі забеспячэння і сувязі з Крымам.

Капітуляцыя Расіі будзе афіцыйна ўзгоднена на тэхнічных перамовах пасля зруйнавальных украінскіх перамог на полі бою. Дзяржавы-пераможцы — Украіна, Вялікабрытанія, ЗША — сфарміруюць новую архітэктуру міжнароднай бяспекі.

_128131618_gunreuters.jpg


«Канца не відаць»

Барбара Занчэта, факультэт вывучэння вайны, Каралеўскі каледж Лондана

Уладзімір Пуцін разлічваў на пасіўнае прыняцце Украінай дзеянняў свайго больш магутнага суседа, без якога-небудзь значнага ўдзелу іншых краін. Гэты сур'ёзны пралік прывёў да зацяжнога канфлікту, канца якому, падобна, не відаць.

Зіма будзе цяжкай, паколькі расійскія атакі на ўкраінскую інфраструктуру будуць закліканы зламаць маральны дух і пахіснуць цягавітасць і без таго стомленага насельніцтва. Але ўкраінцы аказаліся на дзіва ўстойлівымі. Яны будуць стаяць цвёрда. І вайна будзе працягвацца.

Перспектывы перамоў нельга назваць натхняльнымі. Для патэнцыйнага мірнага пагаднення неабходна, каб асноўныя патрабаванні хаця б аднаго з бакоў памяняліся, аднак пакуль няма ніякіх сведчанняў таго, што гэта адбылося ці адбудзецца ў бліжэйшы час.

Выдаткі вайны, як матэрыяльныя, так і чалавечыя, могуць раскалоць расійскую палітычную эліту і знізіць узровень падтрымкі вайны. Ключ да спынення канфлікту знаходзіцца ў Расіі.

Мінулыя войны, у якіх вырашальным элементам былі пралікі кіраўніцтва (В'етнам для ЗША ці Афганістан для Савецкага Саюза), заканчваліся менавіта такім чынам. Унутраныя палітычныя ўмовы ў краіне, якая не разлічыла свае сілы, мяняліся, што рабіла завяршэнне канфлікту — на «ганаровых» ці не вельмі ўмовах — адзіным прымальным варыянтам.

Аднак цяпер гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі Захад будзе цвёрда падтрымліваць Украіну нягледзячы на рост ціску ў сувязі з выдаткамі вайны.

На жаль, гэта будзе працяглая палітычная, эканамічная і ваенная бітва палітычнай волі. І да канца 2023 года яна, хутчэй за ўсё, яшчэ не скончыцца.


«Іншага зыходу, акрамя паражэння Расіі, няма»

Бен Ходжэс, былы камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША ў Еўропе

— Планаваць парад Перамогі ў Кіеве яшчэ заўчасна, але перавага цяпер на баку Украіны, і я не сумняваюся, што яны выйграюць гэтую вайну, магчыма, ужо ў 2023 годзе.

Узімку падзеі будуць развівацца больш павольна, але ўкраінскія сілы, несумненна, змогуць лепш за расійцаў справіцца з сітуацыяй, дзякуючы зімоваму абсталяванню, якое паступае з Вялікабрытаніі, Канады і Германіі. Да студзеня Украіна зможа прыступіць да заключнай фазы кампаніі — вызвалення Крыма.

Гісторыя вучыць нас, што вайна — гэта выпрабаванне волі і лагістыкі. Прымаючы пад увагу рашучасць украінскага народа і салдат, а таксама сітуацыю з лагістыкай для Украіны, якая вельмі хутка паляпшаецца, я не бачу іншага зыходу, акрамя паражэння Расіі.

Да такой высновы мяне збольшага падштурхнуў вывад расійскіх войскаў з Херсона. Па-першае, гэта псіхалагічная перамога для ўкраінскага народа, па-другое, глыбокі канфуз для Крамля, і, па-трэцяе, атрыманне ўкраінскімі войскамі ключавой аператыўнай перавагі — усе подступы да Крыма цяпер знаходзяцца ў межах дасяжнасці ўкраінскіх сістэм узбраення.

Я лічу, што да канца 2023 года Крым будзе цалкам вернуты пад кантроль і суверэнітэт Украіны, хоць, магчыма, будзе заключана нейкае пагадненне, якое дазволіць Расіі паступова згортваць сваю ваенна-марскую базу ў Севастопалі... Магчыма, нават да сканчэння тэрміну дзеяння дагавора (прыкладна да 2025 года), які існаваў да незаконнай анексіі Крыма Расіяй.

Будуць прадпрымацца намаганні па аднаўленні ўкраінскай інфраструктуры ўздоўж узбярэжжа Азоўскага мора, уключаючы важныя парты Марыупаля і Бярдзянска. Яшчэ адзін важны праект — аднаўленне работы Паўночна-Крымскага канала, які адводзіць ваду з Дняпра ў Крым.

_128134017_tank_donbas.jpg


«Чакайце большага»

Давід Гендэльман, вайсковы эксперт з Ізраіля

— Толькі каля паловы з 300 тысяч расійскіх мабілізаваных ужо знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў. Астатнія, разам з сіламі, вызваленымі пасля адыходу з Херсона, даюць расійцам магчымасць пачаць новы наступ.

Акупацыя Луганскай і Данецкай абласцей працягнецца, але буйны расійскі прарыў, напрыклад, прасоўванне з поўдня да Паўлаграда з мэтай акружэння ўкраінскіх сіл у Данбасе, менш верагодны. Больш верагодны працяг цяперашняй тактыкі — павольнае выцісканне ўкраінскіх войскаў на вузкіх кірунках і павольнае прасоўванне наперад, як у раёнах Бахмута і Аўдзееўкі. Магчыма, тую ж тактыку будуць прымяняць і ў раёне Сватава —Крамянной.

Няспынныя напады на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру і іншыя атакі на ўкраінскія тылы — гэта яшчэ адна частка стратэгіі вайны на знясіленне.

Пасля адступлення расійскіх войскаў з Херсона ўкраінская армія вызваліла значныя сілы. Найбольш стратэгічна важны кірунак для УСУ цяпер — гэта поўдзень, на Мелітопаль або Бярдзянск, з мэтай перарэзаць расійскі наземны калідор у Крым. Гэта стала б буйной перамогай Украіны, і менавіта таму расійцы ўмацоўваюць Мелітопаль.

Іншы варыянт для Украіны — Сватава. Паспяховыя дзеянні там паставяць пад пагрозу ўвесь паўночны фланг расійскай лініі фронту.

Вялікае пытанне, аднак, у тым, колькі ўкраінскіх сіл даступна для наступу на дадзены момант і які графік фарміравання і боегатоўнасці новых брыгад і карпусоў ляжыць на стале ў генерала Залужнага — ці будуць яны гатовы праз месяц, два ці тры, уключаючы асабовы склад, бронетэхніку і цяжкае ўзбраенне.

Адказ на гэтае пытанне мы атрымаем, калі ўдараць маразы. І тады будзе крыху лепш зразумела, чым скончыцца вайна.

Пераклад «НЧ»