«Вазьміцеся за Пуціна асабіста». Генерал ЗША пра тое, як Украіна можа выйграць вайну
Калі Трамп хоча зноў зрабіць Амерыку вялікай — Расіі трэба рашуча супрацьстаяць. енерал ЗША ў адстаўцы Уэслі Кларк распавёў www.holosameryky.com пра тое, што трэба зрабіць ЗША і краінам Захаду, каб Украіна магла выйграць вайну
Пра перамовы Украіны з Расіяй усё часцей кажуць на Захадзе. У прыватнасці, Джон Кірбі, дарадца Белага дома па камунікацыях у нацыянальнай бяспецы, нядаўна заявіў, што цяперашняя адміністрацыя будзе сканцэнтраваная на тым, каб забяспечыць Украіне найлепшыя рычагі для перамоваў да канца тэрміну.
Кіт Келаг, вылучаны новаабраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на пасаду спецпрадстаўніка па Украіне, яшчэ ўлетку пісаў пра ўсталяванне рэжыму спынення вайны і пачатку мірнага спынення агню.
Адстаўны амерыканскі генерал Уэслі Кларк, былы камандуючы аб'яднанымі сіламі NATO ў Еўропе, лічыць, што да мірных перамоваў яшчэ далёка. Для гэтага патрэбныя чатыры рэчы, першая з якіх — Расія павінна пакінуць тэрыторыю Украіны. І лічыць, што гэтага можна дасягнуць, калі Захад сур'ёзна возьмецца дапамагаць Украіне.
Журналісту «Голасу Амерыкі» Андрэю Борысу генерал у адстаўцы Кларк распавёў, якім ён бачыць план перамогі.
— Спадар генерал, 5 снежня спаўняецца 30 гадоў з моманту падпісання Будапешцкага мемарандуму, калі Украіна адмовілася ад ядзернай зброі ў абмен на гарантыі, ці, як некаторыя кажуць, «запэўненні» лідараў краінаў у бяспецы для Кіева. Сярод падпісантаў былі і ЗША. Як вы лічыце, ці разглядаюць гэты мемарандум у Вашынгтоне як сур'ёзны аргумент для падтрымкі Кіева?
— О, я думаю, што гэта ўсё яшчэ вельмі актуальна, таму што гэта звязана з аўтарытэтам Амерыкі ў свеце. Адміністрацыя Байдэна кажа, што яны прытрымліваліся яго палажэнняў, і што насамрэч Расія іх парушыла.
Але праўда ў тым, што ўсе тры бакі (Расія, ЗША, Брытанія. — Рэд.) паабяцалі абараняць суверэнітэт Украіны. Таму гэтае пытанне па-ранейшаму стаіць на парадку дня.
— Адміністрацыя Байдэна трэці год падтрымлівае Украіну ў гэтай вайне. Вам здаецца, што іх дапамогі недастаткова?
— Я вельмі расчараваны тым, што мы так і не атрымалі той палітыкі, якую чакалі ад адміністрацыі Байдэна. Палітыкі, якая палягала ў тым, што Украіна павінна дамагчыся поспеху, павінна перамагчы, павінна адбіць жаданне Расіі акупаваць украінскія землі.
Я лічу, што прэзідэнт Байдэн зрабіў добрую працу па аб'яднанні NATO. Я думаю, што міністр абароны Осцін зрабіў добрую працу, заахвочваючы іншых падаваць зброю. Але на фундаментальным узроўні не хапала палітычнага кіраўніцтва.
— Нядаўна Злучаныя Штаты абвясцілі аб адпраўцы Украіне новых пакетаў дапамогі, якія ўключаюць рознае ўзбраенне. Нядаўна Белы дом санкцыянаваў ракетныя ўдары ATACMS па Расіі. Што яшчэ Вашынгтон можа зрабіць для Украіны?
— Ёсць дзясяткі ракетных комплексаў «Пэтрыёт», якія стаяць па ўсім свеце і не выкарыстоўваюцца. Злучаныя Штаты павінны змяніць прыярытэты сваёй абароннай дапамогі, сваёй абароннай вытворчасці. Мы павінны сканцэнтравацца на пастаўках ва Украіну неабходнага для яе абароны абсталявання і самых сучасных тэхналогій, якія могуць быць карыснымі.
У нас ёсць перадавыя тэхналогіі, якія не адпраўляліся ва Украіну, напрыклад, «Жалезны купал». Гэта можна было б забяспечыць. У нас ёсць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія Украіне не давалі. У нас ёсць навучальныя групы і групы тэхнічнай дапамогі, якія, відавочна, толькі цяпер едуць ва Украіну для падтрымкі абсталявання, якое мы прадаставілі.
Ёсць шмат сродкаў, якія краіны абяцалі прадаставіць, але яшчэ не далі. Гаворка ідзе не толькі аб боепрыпасах, але і аб такіх сістэмах, як NASAMS і Patriot. На міжнародных сустрэчах шмат кажуць пра тое, што будзе прадастаўлена Украіне, але часавыя рамкі часта не выконваюцца.
Еўропе і ЗША прыйшоў час прызнаць, што Расія стаіць на ваенных рэйках. Калі вы хочаце спыніць гэтую вайну, перавядзіце заходнія эканомікі на ваенныя рэйкі.
Нарошчваць вытворчасць, каб Пуцін разумеў — ён не можа выйграць. Каб скончыць гэтую вайну, пераканаць Пуціна, што ён не пераможа. Пакуль ён верыць, што можа перамагчы, ён будзе настойваць.
— Вы прапануеце саюзнікам пайсці ва-банк?
— Саюзнікі павінны разумець, што ранейшых стасункаў ужо няма. Расія абразае кабелі, дыверсіруе самалёты і таму падобнае. Не будзем падманваць сябе. Давайце пяройдзем да таго, што мы ўмеем лепш за ўсё, гэта выкарыстоўваць індустрыяльную моц і эканамічную моц Захаду.
Мы насамрэч не расправіліся з расійскай банкаўскай сістэмай. Расія па-ранейшаму экспартуе сваю нафту, таму што нашы грамадзяне не жадаюць плаціць за паліва на 15-20 цэнтаў даражэй за галон. Гэта недапушчальна.
Расправіцца з расійскім экспартам, адрэзаць іх банкаўскую сістэму, заняцца асабіста Пуцінам. У яго на Захадзе 300 і больш мільярдаў. Што ён з імі робіць? Мы ведаем, што ягоная сям’я на Захадзе, у яго дзеці на Захадзе.
Стоп, мы не дазволім вам гэтага зрабіць. У вас не будзе нармальнага жыцця, спадар Пуцін, пакуль гінуць тысячы людзей. Больш такога не паўторыцца. Прэзідэнт Байдэн заўсёды казаў правільныя рэчы, казаў, што Пуцін — забойца, але адпаведная палітыка не праводзілася. Самы час гэта зрабіць. Давайце паставімся да гэтага сур'ёзна, давайце скончым з гэтым.
— Вяртаючыся да тэмы Будапешцкага мемарандума і ядзернай зброі, як вы ставіцеся да ядзерных пагроз Пуціна? Нядаўна ён змяніў ядзерную дактрыну, пагражаючы NATO. Праціўнікі жорсткай палітыкі ў дачыненні да Расіі ўвесь час згадваюць ядзерны фактар.
— Я думаю, што заўсёды ёсць людзі, якія хочуць больш лёгкага выхаду з сітуацыі. Некаторыя каментатары, як мой сябар Джэфры Сакс, які з'яўляецца вядомым эканамістам. Ён з самага пачатку стаў на бок Расіі. Я не думаю, што NATO нейкім чынам справакавала гэты канфлікт. NATO ніколі не збіралася гэтага рабіць. Гэта быў выбар украінскага народу, які далучыўся да Захаду, і Захад павінен падтрымаць народ Украіны, які змагаецца за сваю свабоду. У гэтым увесь сэнс ААН. Таму мы стварылі Арганізацыю Аб'яднаных Нацый у 1945 годзе, і Расія дала Украіне гарантыі бяспекі, калі Украіна адмовілася ад ядзернай зброі. І я думаю, што для Злучаных Штатаў важна цвёрда адстойваць прынцыпы, якія мы заўсёды адстойвалі.
— Вы шмат казалі пра дзеянні адміністрацыі Байдэна. А чаго вы чакаеце ад будучай адміністрацыі Дональда Трампа? Нядаўна ён абраў экс-генерала Кіта Келага сваім спецпрадстаўніком па Украіне. Наколькі вядома, ён прыхільнік мірных перамоваў?
— Улічваючы наш мінулы вопыт, без нашай (ЗША — рэд.) лідарскай ролі ў гэтых перамовах наўрад ці атрымаецца станоўчы вынік.
Прызначэнне Кіта Келага — гэта добра. Але я лічу, што трэба стварыць умовы для дыпламатычнага ўрэгулявання. На полі бою неабходна знайсці баланс, і цяпер абодва бакі змагаюцца за гэты баланс.
Спыненне ваенных дзеянняў не з'яўляецца разумнай мэтай. Спачатку трэба зрабіць наступныя рэчы:
- па-першае, Расія павінна пакінуць тэрыторыю Украіны;
- па-другое, неабходна знайсці выкрадзеных дзяцей і зніклых без вестак.
- па-трэцяе, былі здзейсненыя ваенныя злачынствы, у тым ліку нядаўнія забойствы ўкраінскіх ваеннапалонных, і яны павінны быць расследаваныя.
- па-чацвёртае, фактычна, спадар Пуцін, як і ягоны ўрад, з’яўляюцца ваеннымі злачынцамі. І тады паўстае пытанне рэпарацый.
Такім чынам, калі мы лічым, што міжнародны закон і парадак важныя, і калі містэр Трамп хоча зноў зрабіць Амерыку вялікай, вам давядзецца рашуча выступіць супраць Расіі.
Гэта таксама пашле сігнал на Блізкі Усход, а таксама ў Кітай. Гэта тыя ўмовы, вакол якіх павінна весціся дыскусія, а не проста спыненне ваенных дзеянняў.
— І ў самым канцы я хацеў спытаць вас, што вы думаеце пра словы былога галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны генерала Валерыя Залужнага. Нядаўна ён заявіў, што, на ягоную думку, Трэцяя сусветная вайна пачалася ў гэтым годзе пасля таго, як Паўночная Карэя далучылася да вайны ва Украіне. Ці згодны вы з ім? Гэта Трэцяя сусветная?
— Калі вы гэта кажаце, заходняя публіка гэта няправільна разумее. Трэцяя сусветная вайна для іх — гэта нешта накшталт буйнамаштабнага ўварвання, кшталту высадкі ў Нармандыі і г.д. Не, мы цяпер не ў такой сітуацыі.
Гэта шматмерная барацьба за разбурэнне пасля Другой сусветнай вайны сістэмы міжнародных правілаў, гандлю і права. Гэта можа быць і не вайна, гэта барацьба з элементамі дыпламатыі, шпіянажу, разведкі, эканамічнага прымусу і, вядома ж, ваенных дзеянняў.
Захад быў шакаваны ў 2022 годзе ўварваннем ва Украіну. Мільёны ахвяраў шакуюць, Расія ахвяравала большай часткай сваіх узброеных сілаў. Адкрытая вайна ў Еўропе ў 21 стагоддзі! Я думаю, што людзі на Захадзе павінны павярнуцца і сказаць: «Пачакайце, пачакайце, гэтага не павінна было быць. Гэта трэба спыніць, агрэсар павінен адступіць, ён павінен быць пакараны».