З'явіліся рэдкія кадры Чарнобыльскай АЭС падчас акупацыі РФ

Расійскія вайскоўцы, калі захапілі Чарнобыльскую АЭС, адключылі ўсе камеры назірання, акрамя адной — незаўважнай прыватнай камеры на батарэйках. Так аператар тураў у Чарнобыль з першых дзён вайны перадаваў УСУ інфармацыю пра войскі РФ.

Скрын з камеры відэаназірання на турыстычным кіёску на ўездзе ў зону адчужэння. Фота АР

Скрын з камеры відэаназірання на турыстычным кіёску на ўездзе ў зону адчужэння. Фота АР

Агенцтва Associated Press апублікавала архіў відэазапісаў, зробленых на кантрольна-прапускным пункце на Чарнобыльскай АЭС у канцы лютага 2022 года.

Гэта адна з рэдкіх відэафіксацый дзеянняў расійскага войска ў самыя першыя дні вайны, піша korrespondent.net.

За некалькі месяцаў да таго, як Расія ўварвалася ва Украіну, Яраслаў Емяльяненка, уладальнік фірмы, што арганізоўвае турыстычныя туры ў зону адчужэння, вырашыў усталяваць камеру на батарэйках, якая паказвае турыстычны інфармацыйны цэнтр сваёй кампаніі на кантрольна-прапускным пункце каля Чарнобыльскай АЭС.

Уявіце сабе яго здзіўленне, калі 24 лютага ён сядзеў у сваёй кіеўскай кватэры і ў жывым эфіры бачыў, як дзясяткі расійскіх танкаў рухаюцца на поўдзень ад Чарнобыля, месца самай страшнай у свеце ядзернай катастрофы, да ўкраінскай сталіцы.

«За дзве гадзіны мы ўбачылі на камерах велізарную колькасць расійскай тэхнікі», — заявіў заснавальнік «Чарнобыль Тур» Яраслаў Емяльяненка.

Расійскія вайскоўцы адключылі ўсе афіцыйныя ўрадавыя камеры назірання, але не заўважылі невялікую прыватную, якую Яраслаў Емяльяненка ўсталяваў для назірання за сваім кіёскам, дзе яго супрацоўнікі прадавалі турыстам сувеніры і паштоўкі.

«Чарнобыль Тур» вазіў турыстаў праз зону адчужэння, радыеактыўную зону вакол станцыі, паказваў ім аб'ект, найбліжэйшы горад, пабудаваны для размяшчэння рабочых, і радыеактыўныя лясы.

Емяльяненка тут жа вырашыў паказаць сваё відэа ўраду Украіны. На працягу некалькіх дзён, пакуль хапала зарада батарэі, Емяльяненка і яго калегі адсочвалі і кожныя 10–15 хвілін перадавалі даныя ва ўкраінскую армію.


Нагадаем, рускія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС у першы дзень шырокамаштабнага нападу РФ на Украіну і кантралявалі АЭС з 24 лютага па 31 сакавіка. Пазней, як пісаў НЧ, Служба бяспекі Украіны абвінаваціла расіян у ядзерным тэрарызме і крадзяжы радыеактыўных матэрыялаў з ЧАЭС. Падчас акупацыі на тэрыторыі зоны адчужэння пастаянна знаходзілася вялікая колькасць цяжкай ваеннай тэхнікі, узбраення і больш за 1000 вайскоўцаў з РФ. СБУ адзначае, што тэрыторыя зоны адчужэння да гэтага часу не размініраваная, існуе высокая верагоднасць некантраляваных выбухаў і пажараў.

Пасля адыходу войскаў РФ з ЧАЭС спецыялісты замералі радыяцыйны фон у Рудым лесе зоны адчужэння, дзе расіяне капалі траншэі. Там былі анамальна высокія радыяцыйныя паказчыкі: рускія вайскоўцы атрымалі ад паверхні глебы (бэта-забруджванне) дозы радыяцыі ў 160 разоў большыя за норму. «Такім чынам, усіх акупантаў, якія амаль 30 дзён знаходзіліся і капалі зямлю ў Рудым лесе, чакае прамянёвая хвароба розных ступеняў цяжару», — заявілі навукоўцы.