Адсутнасць дамафона і Дзень прыбіральні

Тое, што жыхароў шматпавярховак, у тым ліку ў Мінску, спрабуюць абкласці дадатковымі выплатамі так званыя манапалісты ў галіне аказання жыллёва-камунальных паслугаў, для большасці законапаслухмяных грамадзянаў не з’яўляецца адкрыццём. Але паводзіны некаторых “паслугачоў” ад такіх установаў ужо можна параўноўваць з адкрытым нахабствам.

100_5906.jpg

Аўтар гэтых радкоў ужо звяртаўся да “дамафоннай тэмы ў сваім блогу на сайце “Новага часу” (артыкул “Грошы садралі. Нарываюцца” http://novychas.info/blogs/blog_kiesnier/hroshy_sadrali_naryvajucca/).

Дык вось станоўчага працягу гісторыя пра тое, як службакі ад дзяржаўнага манапаліста вырашылі замяніць дамафоны, якія яшчэ добра працуюць, на новыя прылады з прычыны “адсутнасці запчасткаў на выпадак паломкі” для старых, не атрымала. Усё адбываецца ў мінскім мікрараёне “Малінаўка”. А канкрэтна, у доме № 16 па вуліцы Сяргея Ясеніна. Ды і ў іншых дамах таксама.

 

Дэмантаж замест падключэння

Больш за тое, пасля таго, як жыхары канкрэтнага шостага пад’езда згаданага вышэй дома некалькі разоў тэлефанавалі ў службу, якая спачатку здзёрла грошы за ключы да новых дамафонаў (першы даецца бясплатна, а за астатнія асобнікі — па 45 тысячаў рублёў за кожны), ужо ўвараны ў дзверы новы дамафон папросту… дэмантавалі (глядзі фота). Прычым, абадралі ўсе абвесткі, нават ЖКГоўскія, і цяпер дзверы ў пад’езд выглядаюць як прахадная ў алкашскую забягалаўку.

Некаторым асабліва цікаўным і абураным месцічам голас у тэлефоннай слухаўцы адказваў: у новаўстялаваных апаратах знойдзеныя хібы, дамафоны маюць тэхнічныя дэфекты і не працуюць, таму іх трэба адрамантаваць. Пардон, а нельга было праверыць на працаздольнасць гэтыя прылады да таго, як здзерці з людзей грошы і выдраць старыя дамафоны, яшчэ добрай якасці? Такія пытанні засталіся без адказу.

Такім чынам, старыя дамафоны дэмантаваныя, новыя таксама, дзверы ў пад’езды застаюцца адчыненымі, а самі пад’езды ператвараюцца ў грамадскія прыбіральні. Так званыя асацыяльныя элементы і не вельмі свядомыя менш асацыялізаваныя, асабліва прыняўшы на грудзі, не цураюцца адправіць натуральныя патрэбы наўпрост у тых самых пад’ездах. Прычым, патрэбы часам не самыя малыя. Можаце сабе ўявіць, якія пачуцці нахлынаюць на жыхароў гэтых пад’ездаў, якія не толькі змушаныя затыкаць насы з прычыны смуроду, але і спрабаваць не наступіць у смярдзючую калюжыну ці, яшчэ больш, у кучу г..на. 

Вось так, атрымаліваецца як у класікаў: грошы ўвечары, крэслы — на наступны ранак. То бок, грошы жыхароў недзе круцяцца ўжо больш за месяц, а дамафонаў няма. І адказных знайсці немагчыма.

Дзень прыбіральні

Дарэчы, а ці спрабаваў хто ў буйных мікрараёнах на ўскрайку сталіцы знайсці грамадскую прыбіральню? Хаця б платную? Ведаю адну, за ўніверсамам “Валгаград”, і тая працуе да 20.00. Больш не бачыў ніводнай, і гэта за тыя 27 гадоў, што жыву ў Малінаўцы. Дык чаму мы здзіўляемся таму, што народ аскаціньваецца? Прафесар Прэабражэнскі з вядомага шэдэўра Міхаіла Булгакава казаў: “Разбурэнне не ў клазэтах, але разбурэнне ў галовах”. Вось такое разбурэнне, на жаль, пануе і ў галовах як шырокіх народных мас, і ў галовах тых, хто імі сёння кіруе.

Дарэчы, 24 ліпеня Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая ўсталёўвае Сусветны дзень прыбіральні. Гэты дзень будзе адзначацца штогод 19 лістапада. “Кожны трэці чалавек (на Зямлі) не мае элементарнай прыбіральні”, — заявіў з гэтае нагоды намеснік генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Ян Эліасан.

Непрыемна канстатаваць, але і для нашай Беларусі праблема адсутнасці прыбіральняў застаецца актуальнай. У вёсках, асабліва ў глыбокай правінцыі, месцічы і дагэтуль карыстаюцца выграбнымі ямамі, сарцірамі з дзіркаю па сярэдзіне, як тое было яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Паглядзіце, якой якасці прыбіральні на многіх рэгіянальных вакзалах. А тым больш на паркоўках ці прыпынках на тутэйшых аўтабанах. Жудасць!  Замежнікі ледзь не страчваюць прытомнасць, калі бачаць падобнае.

Вось адсутнасць упарадкаваных “адхожых месцаў” у дастатковай колькасці, як і адсутнасць традыцыі цывілізаванага адпраўлення натуральных патрэбаў у многіх і многіх людзей змушае зрабіць выснову, што заснаваны ААН Сусветны дзень прыбіральні — вельмі актуальная дата і для нашай краіны. І пакуль улады не звернуць увагу на гэтае пытанне, якое не менш важнае за фінансаванне сілавікоў, датуль нашыя пад’езды будуць запаскуджаныя нечыстотамі. Вось бачыце, які лагічны ланцужок атрымліваецца — ад адсутнасці дамафона да Сусветнага дня прыбіральні. Такія вось нашы рэаліі.