Даравальная нядзеля, альбо Наступствы прыроднага катаклізму

17 сакавіка праваслаўныя вернікі адзначаюць Даравальную нядзелю — апошні дзень перад Вялікім постам. Гэты дзень яшчэ называюць «Масленіцай», калі народ у неверагоднай
колькасці змятае бліны ды іншыя смакоцці ў чаканні саракадзённай адмовы ад тлустай, малочнай, мясной ды іншай «скабрэзнай» ежы. Хоць, натуральна, не ўсе ў нас праваслаўныя, і тым
больш не ўсе прытрымліваюцца поста. А некаторыя, хоць і лічаць сябе праваслаўнымі, нават не ведаюць, што з панядзелку — «бывай, абжорства». Прынамсі, так мусіць быць. Ці
мусіла б.

Пост — постам, але не на гэтае хацелася б звярнуць увагу. Днямі беларусы перажылі сапраўдны прыродны апакаліпсіс. Невіданыя апошнімі дзесяцігоддзямі завеі, моцны ўраганны вецер, які зносіў нават навесы ды дахі над прыпынкамі транспарту і паркоўкамі. Немагчымасць нармальна не тое што ехаць, але проста рухацца «на сваіх дваіх», калі парывы ветру замінаюць нават дыхаць.

Адлегласць, якую звычайна пераадольваеш за лічаныя хвіліны, вымагала паўгадзіны, а то і больш прасоўвання ледзь не паўзком праз невіданыя многімі маладзёнамі, і нават падзабытыя людзьмі больш сталага веку, сумёты. Кожны крок — як крок адчаю, з думкаю, навошта ты вылез на вуліцу. Але ж у пятніцу вечарам многім і многім нашым суайчыннікам трэба было дабрацца дадому з працы, хтосьці вяртаўся з камандзіровак, хтосьці яшчэ чамусіць вымушаны быў лезці праз гэтую стыхію.

Падавалася б, чалавек чалавеку — «сябра, таварыш і брат», як гэтаму дзесяцігоддзямі  вучылі ў савецкіх школах. Сённяшняя Беларусь, спавядаючы амаль усе савецкія звычкі, традыцыі, законы і амаль тую ж, калі не больш, спрэчную ідэалогію, менавіта вось на згаданы той прынцып пра «чалавека» і забылася. 

Што я маю на ўвазе ў дадзеным выпадкам пад «Беларуссю»? Не, не толькі Чырвоны дом і «Дразды» з іх небажыхарамі, не толькі чыноўнікаў і дзяржаўныя службы, які яказаліся амаль не падрыхтаваныя да прыроднай стыхіі, хоць нават сіноптыкі загадзя папярэджвалі пра магчымыя калапсы.

Не. Я маю на ўвазе тых «шэрагоўцаў», хто нават у гэтых складанейшых умовах паспрабаваў нажыцца на праблемах людзей. Уладальнікі прыватных аўто, як і таксоўшчыкі, у вялікай сваёй колькасці паводзолі сябе ў разгул стыхіі як нелюдзі, імкнучыся нажыцца на бездапаможнасці сваіх суайчыннікаў, што на той момант былі «не на колах». Менавіта ў пятніцу надвячоркам і пад ноч па многіх маршутах не хадзілі ні аўтобусы, ні тралейбусы, завязнуўшы ў корках. А вось «бамбілы» з «шашачкамі» ці без толькі паціралі рукі, заломваючы кошты ў тры-пяць разоў. Гэта па-чалавечы, па-братэрску, па-хрысціянску, урэшце?! Напрыклад, ад Дома быта на вуліцы Маскоўскай (насупраць Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, якая круглы год «шчыра запрашае»), да пачатку вуліцы Ясеніна можа было даехаць за сто тысяч і болей беларускіх грашовых адзінак. Гэта ж менш за дзесяць кіламетраў. Нармальна? 

17 сакавіка — Даравальная нядзеля. Няхай бы тыя «бамбілы», зрабіўшы «апакаліптычны» бізнэс на праблемах сваіх суайчыннікаў, хаця б у думках у гэты дзень папрасілі ў іх прабачэння. Але наўрад ці такога можна чакаць. У сучаснай Беларусі не прынята шчыра прасіць прабачэння. Няма такой звычкі ні сярод уладатрымцаў, ні сярод большасці электарату. Менавта электарату, бо тутака ад сапраўднага  народу цяпер ужо мала што засталося.      

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: