Грошай няма. Зусім

Усе паводзіны ўладаў, як палітычных, гэтак і эканамічных сведчаць пра тое, што з фінансамі ў краіне — поўны швах. Рост коштаў, увядзенне маразматычных пабораў, павелічэнне памераў штрафаў ёсць доказам спусташэння дзяржаўнае скарбонкі з прычыны нежыццяздольнасці “ўнікальнай беларускай мадэлі”.

Вось толькі некалькі прыкладаў, можа быць, занадта суб’ектыўных, але на якія аўтар гэтых радкоў мае права. Крыху статыстыкі. Ведаеце, што больш за ўсё падаражала ў мінулым годзе? Бульба! Ажно на 91,1%, пра што сведчаць дадзеныя Белстату, а не чыесьці выдумкі. І гэта нацыянальны, так бы мовіць, прадукт! Тытунёвыя вырабы падскочылі ў кошце на 59%, мука пшанічная — на 52,6%. І нічога пра тое, што штосьці за гэты час упала ў цане.

Што да паслугаў, то ў 2013 годзе найбольш падаражала электрычнасць — ажно на 114%. Дашкольныя ўстановы абышліся на 91,4% больш параўнальна з 2012 годам, праезд у грамадскім транспарце падскочыў на 88,4%. І гэта толькі некалькі прыкладаў. Ад 1-га студзеня года 2014 падскочылі кошты зноўку на тытунёвыя вырабы, на алкаголь, на жыллёва-камунальныя паслугі і гэтак далей. І спыняцца рост коштаў не збіраецца. Дык што ж за такая мадэль у нас унікальная, калі па ўзроўні інфляцыі Сінявокая “наперадзе планеты ўсёй”? Калі людзі, хоць і не так гістэрычна-актыўна, як у сумнапамятным 2011-м годзе, працягваюць пераўтвараць лішні рубель (у каго ён, канешне, ёсць) у долары ды еўра?

Яшчэ невядома, што б было сёння, калі б напярэдадні Новага году расійскі правадыр не паабяцаў свайму беларускаму візаві выдаткаваць Беларусі да двух мільярдаў долараў у выглядзе міждзяржаўнага крэдыту, першая частка якога ў памеры 440 мільёнаў долараў ледзь не імгненна апынулася на рахунках тутэйшага ўраду, што хоць колькі дапамагло палепшыць паказчыкі па памерах золата-валютных рэзерваў. І тое толькі крыху.

Дзе браць грошы? Абіраць уласны народ у выглядзе ўвядзення новых падаткаў па ўсіх магчымых кірунках, як, напрыклад, абкладанне ўладальнікаў аўто так званым правам на карыстанне дарогамі, новы падатак для прадпрымальнікаў, а таксама на тых, хто здае кватэры. Гэта і чарговае павышэнне тарыфаў, акцызаў і коштаў. Але абіраць уласны электарат доўга не атрымаецца, бо кішэні беларусаў не бяздонныя, ды і не самыя яны заможныя нават параўнальна са сваімі суседзямі.

Таму застаецца пабірацца. Вось, з 19 да 24 студзеня тутэйшы прэм’ер Міхаіл Мясніковіч будзе бавіць час у Кітаі і нават сустракацца з вышэйшым кіраўніцтвам Паднябёснай. Можна не сумнявацца, што галоўнай тэмаю тых сустрэчаў будзе пытанне грошай. Прычым, у любым выглядзе — інвестыцый, крэдытаў ці грошай як такіх. Кожны раз пасля такіх замежных вандровак высокапастаўленых асобаў нам далдоняць пра прарывы на розных накірунках і пра мільярды долараў, якія вось-вось павінны абрынуцца на галовы беларусаў. Толькі штосьці гэтага даларападу ніхто не заўважае. Нават з боку таго ж Кітаю, хоць вяліся размовы-абяцанкі і пра нейкія там 15 мільярдаў амерыканскіх “зялёных”, і пра іншыя, не такія астранамічныя ў беларускіх варунках сумы. Можна прадказаць, што гэта не апошняя сёлета паездка прэм’ера па замежжах з працягнутай рукою. Як і далёкіх і блізкіх візітаў самага галоўнага па краіне.

Ах, вось узгадаў я яшчэ адную крыніцу папаўнення бюджэту, якую ахвотна выкарыстоўваюць улады з дапамогаю падручных судоў ды выканаўцаў. Натуральна, гэтая крыніца — штрафы. Таму ўсё часцей у грамадскім транспарце гучаць абвесткі пра набор на працу кантралёраў, а суды выносяць адміністрацыйныя пастановы аб велізарных грашовых спагнаннях тым, хто не згодны з палітыкаю цяперашніх уладатрымцаў.

Апошні прыклад — штраф кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку, выпісаны палітыку 14 студзеня судом Савецкага раёна сталіцы толькі за тое, што той 5 студзеня на мінскай Плошчы Якуба Коласа збіраў подпісы мінакоў за адмену аўтамабільнага пабору ды за адстаўку ўрада Мясніковіча. Вось гэтае “страшэннае злачынства” пацягнула ажно на 5 мільёнаў 800 тысяч рублёў! А што, за гэтыя грошы можна заплаціць месячную зарплату дзвюм ці нават тром санітаркам ці нянечкам дзіцячага садку.

На жаль, на гэтым ноў-хаў “геніяльных” стваральнікаў “унікальнай беларускай мадэлі” і завяршаюцца. А ты, “народзец”, рыхтуйся да новых сюрпрызаў. На што — на што, а вось на гэта нашыя чынушы — мастакі.