Праца ці маральны надлом?

З Мінскага трактарнага завода – аднаго з флагманаў беларускае эканомікі, звальняюцца працаўнікі. Як інфармуюць калегі з   praca-by.info, рабочыя МТЗ нават перадаюць адпаведныя фотаздымкі ў прафсаюз РЭП (радыёэлектроннай прамысловасці). На гэтых фота – безліч гатовай прадукцыі, якая займае ўсю вольную прастору прадпрыемства. Тым не менш, вытворчы цыкл не спыняецца. Як жа ж інакш – пад пагрозаю выкананне планаў па памеры ВУП! 

Рабочы люд звальняецца нават без атрымання абяцаных заробкаў, а вось кіроўныя чыны МТЗ сцвярджаюць, што праблемаў з рэалізацыяй вырабленае прадукцыі няма. Але гэта супярэчыць уласным вачам людзей, якія праязджаюць міма былога гонару айчыннай эканомікі, і тым больш тых, хто непасрэдна заняты на вытворчасці на МТЗ. 

traktary.jpg

Чынавенская лухта  


Тысячы і тысячы гатовых трактароў прыпаркаваныя на тэрыторыі завода без усялякіх прыкметаў таго, што іх вось-вось адарвуць з рукамі патэнцыйныя спажыўцы-пакупнікі. Натуральна ж, замежныя, бо валюта патрэбная за вырабленую прадукцыю! Недарма ж афіцыйны сайт прадпрыемства імпэтна заяўляе, што “цягам шэрагу гадоў завод захоўвае за сабою долю ў 8-10 адсоткаў ад сусветнага рынку колавых трактароў і знаходзіцца ў васьмёрцы буйнейшых сусветных вытворцаў”. 
Мажліва. Але калі так, то якога ясеня тады такая запатрабаваная і каштоўная прадукцыя пакутуе пад амаль трапічнымі залевамі пад адкрытым небам? Нестыковачка атрымаліваецца. Калі б было ўсё ціп-топ, як тое падаюць вытворцы, то двары МТЗ не былі б запоўненыя трактарамі, а сталічныя выканкамаўскія чыноўнікі на чале з мэрам, а таксама прэм’ер-міністр не енчылі б пастаянна наконт не вырашальнай для іх праблемы затаварвання складоў гатовай прадукцыяй беларускіх прадпрыемстваў.  

Расчараванасць у працы


Цяпер што тычыцца працаўнікоў, якія звальняюцца, не дачакаўшыся заробкаў. Мяркую, вельмі цяжка працаваць ва ўмовах, калі бачыш, што твая праца ідзе кату пад хвост. З аднаго боку, начальства раве, каб выконваліся планы па валу, то бок, па аб’ёме вытворчасці. І працаўнікі вылузваюцца з уласнае скуры, каб гэты план выканаць. З іншага боку, рабочыя бачаць, куды ідуць плады іх нялёгкае працы: на склад, а ў выпадку з МТЗ – пад дрэўцы на дожджык. 
Многім працаўнікам на гэта напляваць: далі капейчыну, час свой на працы адбавіў і - шыбуй да бліжэйшага шынка абмяркоўваць з такімі ж “стаханаўцамі” жыццёвыя загагуліны ды злыднёвак-цешчаў. А вось іншым баліць. Баліць за тое, што вынік упартае працы не ідзе туды, куды мусіў, - да спажыўца, а псуецца ў завадскіх назапашніках. Баліць за тое, што твае высілкі нікому не патрэбныя. За тое, што вакол хлусня. У тым ліку і з вуснаў непасрэднага начальніка, і з вуснаў высокапастаўленага чынавенства. А чалавеку, для якога вынікі ягонае працы – не пусты звон, тое, што ён бачыць, ёсць ранаю на сэрцы. 
Тады лепш сысці, каб не бачыць сваю непатрэбшчыну. Каб не чуць лухты. Каб паспрабаваць знайсці сябе там, дзе ты патрэбны. Насамрэч, а не на словах таго, хто імкнецца цябе проста скарыстоўваць у плыні агульнага валагону дзеля выканання задэклараваных вышэйшым начальствам паказчыкаў. Для якіх лічбы, вал і прагнозы, якія нічога не маюць агульнага з рэчаіснасцю, нашмат важнейшыя за чалавека. Таго, за кошт якога ўся гэтая чыноўная хеўра існуе.