Задзяўблі падаражаннямі

Не паспелі аўтамабілісты прызвычаіцца да новых коштаў на маторнае праліва, як наш дарагі ва ўсіх сэнсах урад зноўку ўсіх “ашчаслівіў”. Ад 1-га кастрычніка павялічваюцца кошты на аўтамабільнае паліва. Апошні раз цэннікі мяняліся 9-га верасня.

Гэта ўжо чацвёртае павышэнне коштаў на гэты від прадукцыі за бягучы год. Дакладныя цэны не паведамляюцца, толькі вядома, што кошт паліва ў сярэднім падскочыць на 4,8%.

Таксама 1-га кастрычніка падаражае праезд на таксоўках. І без таго шмат хто ўжо адмовіўся ад карыстання гэтым відам транспарту, а пасля чарговага росту кошту праезда за кіламетр (па словах таксоўшчыкаў, цяпер трэба будзе выкласці залежна ад фірмы таксі і восем, і дзесяць тысяч айчынных грашовых адзінак за 1 км) колькасць кліентаў пэўна ж не вырасце. Мінімальны праезд (на 3 кіламетры) з пасадкаю пацягне недзе на 40 тысяч рублёў. Атрымаліваецца, што каб праехаць з аднаго краю сталіцы да іншага, трэба будзе раскашэліцца ў эквіваленце баксаў так на 20–30. Файна. 

Вырастае кошт і на праед у маршрутных таксоўках. Цяпер замест 10 тысяч давядзецца выкласці 11–12 тысяч рублёў. Ва ўмовах крызісу, калі людзі пачынаюць эканоміць кожны рубель, і маршрутачнікам давядзецца канстатаваць сплыў кліентуры.

Рост цэн на аўтамабільнае паліва адаб’ецца не толькі на коштах на праезд. Паводле эканамістаў, цана бензіна і саляркі аўтаматычна закладаецца ў кошты амаль усіх тавараў і паслуг. Так што праз невялікі час варта чакаць падаражання большасці змесціва прылаўкаў.

Такім чынам, улады на практыцы рэлізуюць праанансаваную вышэйшым кіраўніцтвам палітыку зацягвання паясоў. І народ зацягвае. На рынках усё меней пакупнікоў, на Камароўцы гандляры ледзь не бегаюць за пакупнікамі. Бо і там кошты растуць. Напрыклад, простае белае сала ўжо каштуе 130–140 тысяч за кілаграм, вэнджанае — 210–230 тысяч. У Гродна на рынку пакупнікі зафіксавалі кошт на курыны (!) фарш — 100 800 рублёў за кіло. Ялавічная вараная каўбаса на той жа Камароўцы ў некаторых месцах  каштуе ўжо амаль 80 тысяч, сасіскі мясныя вышэйшага гатунку — ад 70 да 85 тысяч.

Дурныя кошты на цытрыны — 60–85 тысяч за кілаграм. І гэта ў сезон. А калі пачнецца зіма, а менавіта ў гэты час люд паспаліты спажывае цытрыны ў якасці найлепшага антысептыка, то, імаверна, кошты вырастуць яшчэ больш, і народу давядзецца шукаць іншага паратунку ад рознага кшталту вірусаў.

Кошты растуць і растуць нібы грыбы пасля дажджу. Грошай у людскіх гаманцах тым часам болей не становіцца. Таму ўсё часцей даводзіцца чуць ад суайчыннікаў, калі тыя прыглядаюцца да цэннікаў у крамах і на рынках, слова “задзяўблі”. Праўда, часцей гучыць нецэнзурны, але ўсім зразумелы сінонім гэтага дзеяслова. І нават не выпадае сумнявацца, на чый адрас скіраваны гэтыя словы.