Эксперт: Кітай «па факце» далучаецца да заходніх санкцый супраць Беларусі

Ці варта беларускім уладам чакаць дапамогі ад Кітая? На гэты і іншыя пытанні «Філіна» адказаў дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.

og_x00g0a7hy7kjwefrw46u.jpg


— Лукашэнка прапанаваў Кітаю намеціць дадатковыя шляхі для супрацоўніцтва з улікам сітуацыі ў рэгіёне і санкцый. Але Беларусь прызналі краінай-агрэсарам, з чыёй тэрыторыі ідзе атака на Украіну. Як гэты факт паўплываў на стаўленне Пекіна да афіцыйнага Мінска?

— Падставай сустрэчы Лукашэнкі з кітайскім паслом паслужыла прыпыненне працы сумеснага беларуска-кітайскага прадпрыемства «БелДжы» па вытворчасці кітайскіх аўтамабіляў Geely, а таксама згортванне супрацоўніцтва з Беларуссю Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый, створанага Кітаем.

Па сутнасці, гэтыя дзеянні можна разглядаць у якасці далучэння Кітая да заходніх санкцый, уведзеных супраць Беларусі і Расіі. Што, з аднаго боку, абумоўлена асцярогамі Пекіна ў сувязі з другаснымі заходнімі санкцыямі з-за супрацоўніцтва як з Расіяй, так і з Беларуссю.

З іншага боку, гэта з'яўляецца спосабам аказаць ціск на Маскву і Мінск праз агрэсію ў дачыненні да Украіны. Дэстабілізацыя ваенна-палітычнага становішча ва Усходняй Еўропе намаганнямі РФ і Беларусі разглядаецца Пекінам негатыўна, бо гэта падрывае планы Кітая па прасоўванні яго ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» у гэтым рэгіёне.

Больш за тое, дастаткова сур'ёзныя страты нясе флагманскі праект Кітая — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», з якога пачынаюць сыходзіць заходнія інвестары.

У прыватнасці, літаральна на днях было абвешчана аб тым, што нямецкая кампанія «Дуйсбургер Хафен», стваральнік і аператар мультымадальнага лагістычнага цэнтра на тэрыторыі «Вялікага каменя», прыняла рашэнне спыніць дзейнасць у Беларусі. У тым ліку — выйсці са складу сузаснавальнікаў мультымадальнага тэрмінала ў індустрыяльным парку, які першапачаткова планаваўся ў якасці ключавой лагістычнай артэрыі для транзіту з Беларусі ў еўрапейскія краіны.

Не кажучы ўжо пра тое, што агульная ўнутрыпалітычная сітуацыя ў нашай краіне, а таксама яе міжнароднае становішча ў сувязі з удзелам у расійскай агрэсіі супраць Украіны, ставіць крыж на планах ператварэння Беларусі ў прамысловы і лагістычны хаб Усходняй Еўропы ў рамках кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».

Вядома, ва ўмовах, калі Захад уводзіць беспрэцэдэнтныя сектаральныя санкцыі, беларускае кіраўніцтва спрабуе знайсці новых эканамічных партнёраў, каб паспрабаваць пераарыентаваць экспартныя патокі, атрымаць доступ да альтэрнатыўных крыніц фінансавання і тэхналогій. Але відавочна, што Кітай не будзе рызыкаваць сваімі гандлёва-эканамічнымі адносінамі з краінамі Захаду дзеля падтрымкі беларускага кіраўніцтва, якое ўласнымі дзеяннямі і стратэгічнымі пралікамі, па сутнасці, нанесла страты кітайскім інтарэсам у рэгіёне.

Таму, я не чакаю, што Кітай пажадае аказаць сур'ёзную падтрымку Беларусі на гэтым фоне. Хоць, безумоўна, «сяброўская» рыторыка з боку Пекіна з асуджэннем заходніх санкцый у дачыненні да Мінска працягнецца.

Але ніякага практычнага выніку з пункту гледжання паглыблення стратэгічнага партнёрства паміж Мінскам і Пекінам чакаць не варта. І гэта звязана з тым, што Беларусь не выконвае свае абавязацельствы ў рамках пагадненняў і дамоўленасцяў, дасягнутых паміж Лукашэнкам і Сі Цзіньпінам па выніках яго візіту ў Мінск у 2015-м.

— Акрамя завода «БелДжы», які прыпыняе дзейнасць, якія яшчэ праекты кітайцы могуць паставіць на паўзу ў Беларусі?

— На гэтым этапе, безумоўна, Кітай вымушаны карэктаваць супрацоўніцтва з Беларуссю для таго, каб не патрапіць пад заходнія санкцыі. І таму відавочна, што ён замарозіць любы крэдытна-фінансавае супрацоўніцтва з нашай краінай. Асабліва ў тых сектарах, на якія зараз распаўсюджваюцца заходнія санкцыі — перш за ўсё энергетычны і фінансавы сектары, дрэваапрацоўка, машынабудаванне.

Па меры пашырэння сектаральных санкцый я не выключаю, што Кітай будзе вымушаны адмовіцца і ад беларускага калію.

Па факце, Пекін вымушаны будзе падтрымліваць тыя санкцыйныя рэжымы, якія ўводзяцца Захадам. Пры гэтым мы бачым, што ў многіх выпадках Кітай далучаецца да гэтых абмежаванняў прэвентыўна: для таго, каб максімальна знізіць рызыкі ўвядзення другасных санкцый з боку Захаду. Перш за ўсё — ЗША і Еўрасаюза, якія з'яўляюцца асноўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі для КНР.

Пры тым, што пакуль з заяваў і дзеянняў заходніх краін не вынікае, што ў дачыненні да Кітая будуць уведзеныя санкцыі праз супрацоўніцтва з Беларуссю. Пакуль што ўсе заявы датычацца пагроз у адрас Пекіна, калі ён вырашыць аказваць нейкую падтрымку Расіі.

Беларусь адсутнічае ў гэтых перасцярогах, але Кітай перастрахоўваецца. Ён асцярожна ставіцца да дзяржаў, у дачыненні да якіх уведзеныя сектаральныя санкцыі, асабліва з боку ЗША. А паколькі Беларусь ідзе ў звязку з Расіяй, якая развязала агрэсію супраць Украіны, то, адпаведна, Пекін распаўсюджвае свае абмежаванні і на нашу краіну.

Нягледзячы на традыцыйна нейтральную рыторыку кітайскіх дыпламатаў, няма сумневаў, што зыходзячы са стратэгічных інтарэсаў Пекін асуджае гэтую агрэсію. Меры, якія прадпрымае кітайскае кіраўніцтва, звязаныя з асцярогамі другасных санкцый, але і з'яўляюцца спосабам аказаць ціск на беларускі і расійскі бакі з мэтай хутчэйшага завяршэння канфлікту.