Крама «Князь Вітаўт» у Берасці дасюль не працуе. Праверка працягваецца?
Яшчэ да 9 жніўня ў Брэсце падаткавая інспекцыя заявілася з праверкай у краму «Князь Вітаўт». І яна, нібыта, працягваецца.

Апячатаныя дзверы крамы “Князь Вітаўт”. Фота Яўгена Бяласіна
Крама месціцца ў цэнтры горада каля помніка 1000-годдзю Берасця, на якім спаміж шасці статуй на цокалі стаіць і князь-пераможца Грунвальда. У краме вялікі выбар вышыванак, беларускіх сувеніраў і аздобы. У тым ліку тут багата гістарычна-нацыянальнай сімволікі: бел-чырвона-белых сцяжкоў ды сцягоў, гербаў “Пагоня”.
Дзверы крамы былі апячатаныя, супрацоўнікі і гаспадар, прадпрымальнік Алег Чапараў, засталіся фактычна без працы. “Мусім раз-пораз з’яўляцца ў падаткавую, то тую даведку патрабуюць, то гэту”, -- патлумачыў спадар Чапараў.
Я схадзіў да правяральшчыкаў, каб запытацца калі нарэшце змагу скарыстаць сертыфікат на тавар у краме “Князь Вітаўт”, які атрымаў на дзень народзінаў.
Намеснік начальніка аддзела аператыўных мерапрыемстваў Інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў па Брэсцкай вобласці Максім Грыцэвіч адмовіўся нешта патлумачыць, сказаўшы: “Не даю інтэрвью”.
А мне інтэрвью і без патрэбы было. Просты і ўцямны адказ, калі яны пакінуць краму ў спакоі і вернуцца ў берагі сваёй працы. На што спадар Грыцэвіч спаслаўся на начальніка аддзела Паўла Брылеўскага. Маўляў, ён загадаў, я толькі выконваю.
Звяртаюся праз газету. Спадар Павел Брылеўскі, ёсць шанец стаць хай сабе не Героем Беларусі, проста паказаць нармальнасць на месцы службы.

Фота Яўгена Бяласіна