Наступствы шасці месяцаў вайны Расіі: як інфляцыя грызе глабальную эканоміку

Паводле прагнозаў Арганізацыі харчавання і сельскай гаспадаркі ААН, сёлета ад голаду могуць пацярпець да 181 мільёна чалавек у 41 краіне.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Марціну Копфу патрэбны прыродны газ для сямейнай кампаніі «Zinkpower GmbH», якая займаецца абаронай сталёвых дэталей ад карозіі ў Заходняй Германіі.
Прадпрыемства «Zinkpower» пад Бонам выкарыстоўвае газ для штодзённага захоўвання ў расплаўленым стане 600 тон цынку коштам 2,5 мільёна еўра (2,5 мільёна долараў). У адваротным выпадку метал зацвярдзее, зруйнуе рэзервуар, у які апускаюць сталёвыя дэталі, перш чым яны патрапяць у аўтамабільныя падвескі, будынкі, сонечныя батарэі і ветраныя турбіны.
Праз шэсць месяцаў пасля таго, як Расія ўварвалася ва Украіну, наступствы ўяўляюць сабой пагрозу для сусветнай эканомікі, піша «Associated Press». Газ не толькі даражэе — ён можа наогул адсутнічаць, калі Расія цалкам спыніць пастаўкі ў Еўропу, каб адпомсціць за заходнія санкцыі, або калі камунальныя прадпрыемствы не змогуць назапасіць дастаткова на зіму.


Германіі, магчыма, давядзецца ўвесці нармаванне спажывання газу, што можа нанесці шкоду цэламу шэрагу галін — ад сталеліцейнай вытворчасці да фармацэўтыкі і камерцыйных пральняў. «Калі яны скажуць: "Мы вас адключаем", усё маё абсталяванне будзе знішчанае», — сказаў Копф.
Урады, прадпрыемствы і сем'і па ўсім свеце адчуваюць эканамічныя наступствы вайны, усяго праз два гады пасля таго, як эканоміка перажыла пандэмію каронавіруса. Інфляцыя імкліва расце, а хуткі рост цэн на энерганосьбіты павялічыў верагоднасць халоднай зімы.
Высокія цэны на прадукты харчавання і яго дэфіцыт, пагоршаныя спыненнем паставак угнаенняў і збожжа з Украіны і Расіі, якія павольна аднаўляюцца, могуць прывесці да масавага голаду і беспарадкаў у краінах, якія развіваюцца.
Рэйчэл Гаміша з Уганды заявіла, што вайна Расіі ў далёкай Украіне нанесла шкоду яе прадуктоваму бізнесу. Яна адчула гэта ў рэзкім росце цэн на прадметы першай неабходнасці, у тым ліку на бензін.
Гаміша заўважыла яшчэ і так званую «шрынкфляцыю» (або «інфляцыю скарачэння»): цана можа не змяніцца, але пончык, які раней важыў 45 грамаў, цяпер можа важыць усяго 35 грамаў. Хлеб, які важыў 1 кілаграм, цяпер можа быць 850 грамаў.
Вайна з Расіяй прывяла да таго, што Міжнародны валютны фонд у мінулым месяцы знізіў свой прагноз па сусветнай эканоміцы ў чацвёрты раз менш чым за год. Ён чакае росту глабальнай эканомікі на 3,2% у гэтым годзе ў параўнанні з 4,9%, якія прагназаваліся ў ліпені 2021 года, і значна ніжэй за тыя 6,1%, што былі ў мінулым годзе.


«Свет, магчыма, хутка акажацца на мяжы глабальнай рэцэсіі, усяго праз два гады пасля апошняй», — сказаў П'ер-Аліўе Гурынша, галоўны эканаміст МВФ.
Спецыялісты Праграмы развіцця ААН заявілі, што рост цэн на прадукты харчавання і энерганосьбіты прывёў да таго, што 71 мільён чалавек ва ўсім свеце аказаліся ў галечы пасля першых трох месяцаў вайны Расіі ва Украіне. Больш за ўсё пацярпелі краіны на Балканах і ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары. Паводле прагнозаў Арганізацыі харчавання і сельскай гаспадаркі ААН, сёлета ад голаду могуць пацярпець да 181 мільёна чалавек у 41 краіне.
У Бангкоку цяперашнія цэны на свініну, гародніну і алей вымусілі вулічную гандлярку ежай Варуні Дыжай падняць кошты, скараціць персанал і працаваць даўжэй.
«Я не ведаю, як доўга я змагу падтрымліваць прымальны кошт абеду, — сказала яна. — Выйсці з карантыну COVID-19 і сутыкнуцца з гэтым тварам да твару — гэта цяжка. Горш за ўсё тое, што я не бачу гэтаму канца».
Яшчэ да таго, як прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін аддаў загад пра ўварванне ў Украіну, сусветная эканоміка знаходзілася пад ціскам. Інфляцыя ўзляцела да нябёсаў, паколькі больш моцнае, чым чакалася, аднаўленне пасля пандэмічнай рэцэсіі прывяло да перагрузкі заводаў, партоў і грузавых верфяў — і, адпаведна, да затрымак, дэфіцыту тавараў і росту цэн. У адказ цэнтральныя банкі пачалі павышаць працэнтныя стаўкі, каб паспрабаваць астудзіць эканамічны рост і утаймаваць рост цэн.
«Ва ўсіх нас адбываюцца розныя рэчы, — сказаў Робін Брукс, галоўны эканаміст Міжнароднага інстытута фінансаў. — Валацільнасць інфляцыі ўзрасла. Валацільнасць росту павысілася. І таму цэнтральным банкам стала бясконца цяжэй кіраваць караблём».
Кітай, праводзячы палітыку нулявой барацьбы з COVID-19, увёў каранцін, які сур'ёзна аслабіў другую па велічыні эканоміку свету. У той час многія краіны, якія развіваюцца ўсё яшчэ змагаліся з пандэміяй і вялікімі абавязкамі, якія яны ўзялі на сябе, каб абараніць сваё насельніцтва ад эканамічнай катастрофы.
Усе гэтыя праблемы можна было б вырашыць. Але калі Расія ўварвалася ва Украіну 24 лютага, Захад адказаў жорсткімі санкцыямі. Абодва дзеянні прывялі да парушэння гандлю харчаваннем і энерганосьбітамі. Расія з'яўляецца трэцім па велічыні вытворцам нафты ў свеце і вядучым экспарцёрам прыроднага газу, угнаенняў і пшаніцы. Фермы ва Украіне кормяць мільёны людзей па ўсім свеце.
Інфляцыя, якая ўзнікла ў выніку гэтага, распаўсюдзілася па ўсім свеце.


Стэфані Мюлер з Ёханэсбурга, што ў Паўднёвай Афрыцы, параўноўвае цэны ў інтэрнэце і правярае розныя прадуктовыя крамы, каб знайсці лепшыя прапановы.
«У мяне трое дзяцей, якія вучацца ў школе, так што я адчуваю розніцу», — сказала яна.
Здзяйсняючы пакупкі на рынку ў сталіцы В'етнама Ханоі, Буй Тху Хуонг сказала, што яна абмяжоўвае свае выдаткі і скарачае колькасць вячэр па-за домам па выхадных. Прынамсі, ёсць адна перавага ў тым, каб гатаваць дома з дзецьмі: «Мы можам больш мець зносіны з імі на кухні, адначасова эканомячы грошы».
Сяхрул Ясін Лімпо, міністр сельскай гаспадаркі Інданэзіі, папярэдзіў ў гэтым месяцы, што цэны на локшыну хуткага прыгатавання, адзін з асноўных прадуктаў харчавання ў краіне Паўднёва-Усходняй Азіі, могуць патроіцца з-за завышаных цэн на пшаніцу. У суседняй Малайзіі фермер Джымі Тан наракае, што цэны на ўгнаенні выраслі на 50%. Ён таксама плаціць больш за расходныя матэрыялы — такія, як пластыкавыя лісты, пакеты і шлангі.
У Пакістане, удалечыні ад франтоў Украіны, Камран Арыф уладкаваўся на другую працу на няпоўны працоўны дзень, каб павялічыць свой заробак.
«Паколькі мы не кантралюем цэны, мы можам толькі паспрабаваць павялічыць нашы даходы», — сказаў ён.
Пераважная большасць людзей жыве ў беднасці ў Пакістане, валюта якога страціла да 30% свайго кошту адносна долара, а ўрад павысіў цэны на электраэнергію на 50%.
Мухамад Шакіль, імпарцёр і экспарцёр, кажа, што ён больш не можа атрымліваць пшаніцу, белы нут і жоўты гарох з Украіны.
«Цяпер, калі нам даводзіцца імпартаваць з іншых краін, мы вымушаныя купляць па больш высокіх цэнах — часам на 10-15% даражэй», — кажа ён.
Паколькі вайна падсілкоўвае інфляцыю, цэнтральныя банкі павышаюць працэнтныя стаўкі, каб паспрабаваць запаволіць рост цэн, не падрываючы эканамічны рост.
Еўропа, якая на працягу многіх гадоў залежала ад расійскай нафты і прыроднага газу ў сваёй прамысловай эканоміцы, атрымала ўдар пад дых. Яна сутыкаецца з узрастаючай пагрозай рэцэсіі, паколькі Крэмль абмяжоўвае пастаўкі прыроднага газу, які выкарыстоўваецца для абагравання дамоў, выпрацоўкі электраэнергіі і запуску заводаў. 
«У Еўропе значна больш рэцэсійных рызык і ціску, чым у астатніх краінах з высокім узроўнем даходу», — сказаў Адам Позен, прэзідэнт Інстытута міжнароднай эканомікі Петэрсана і былы супрацоўнік Банка Англіі.
Шкода наўрад ці абышла бокам Расію, эканоміка якой, паводле прагнозаў МВФ, скароціцца на 6% у гэтым годзе. Сяргей Алексашэнка, расійскі эканаміст, цяпер які жыве ў Злучаных Штатах, адзначыў, што рознічны гандаль у краіне ўпаў на 10% у другім квартале ў параўнанні з папярэднім годам, паколькі спажыўцы скарацілі спажыванне.
«У іх няма грошай, каб траціць іх», — сказаў ён.