275-ы дзень вайны: Хутка будуць важкія навіны. Галоўныя падзеі да гэтага часу

Сёння 275-ы дзень поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Як Украіна перажыла першы блэкаўт?

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Падчас вайны ва Украіне без вестак зніклі больш за 15 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміў дырэктар Міжнароднай камісіі па пытаннях зніклых без вестак (ICMP) Мэцью Холідэй.

Паводле яго слоў, нават пасля спынення баявых дзеянняў працэс расследавання гэтых спраў будзе доўжыцца гадамі. Холідэй таксама адзначыў, што пакуль не зразумела, колькі людзей былі гвалтоўна перамешчаныя і ўтрымліваюцца пад вартай у Расіі, колькі памерлі і пахаваныя ў імправізаваных магілах.

«Цяпер галоўнае — прыняць усе неабходныя меры, каб забяспечыць ідэнтыфікацыю як мага большай колькасці асоб. Пераважная большасць зніклых без вестак і загінулых з'яўляюцца ахвярамі ваенных злачынстваў, таму вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», — сказаў ён.

* * *

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі накіраваўся ва Украіну, паведамілі ў офісе кіраўніка брытанскага МЗС. У рамках візіту Клеверлі сустрэнецца з Зяленскім і Кулебам, а таксама абвесціць пра выдзяленні 3 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў на аднаўленне жыццёва важнай украінскай інфраструктуры і 5 мільёнаў — на ўзначаленую Кіевам збожжавую ініцыятыву.

* * *

Кіраўнік Мінабароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес у інтэрв'ю The Daily Beast параіў украінскай арміі захаваць дынаміку наступлення зімой. «Улічваючы перавагу, якую ўкраінцы маюць у падрыхтоўцы, тэхніцы і якасці асабістага складу над дэмаралізаванымі, дрэнна навучанымі, дрэнна ўзброенымі расіянамі, у інтарэсах Украіны было б захаваць дынаміку цягам зімы», — сказаў ён.

Міністр таксама адзначыў, што УСУ атрымалі ад міжнароднай супольнасці 300 тысяч камплектаў зімовага адзення, якія з'яўляюцца вельмі важнымі для зімовага наступу. Пры гэтым расійскія войскі, па яго словах, забяспечаны дрэнна. «Расійскае падраздзяленне нядаўна было разгорнутае без ежы, без шкарпэтак і з невялікай колькасцю зброі. Гэта катастрафічна для чалавека, які ідзе ў поле», — дадаў Уолес.

Брытанская выведка піша, што большасць расійскіх мабілізаваных сутыкаюцца з аднымі і тымі ж праблемамі — неадэкватная ацэнка медкамісіі наконт прыдатнасці да службы, недастатковая падрыхтоўка да вайны і кепскі рыштунак, прыцягненне людзей да вельмі небяспечных і цяжкіх задач.

Так, мабілізаваныя рэзервісты, хутчэй за ўсё, панеслі вельмі вялікія страты пасля таго, як ім даручылі капаць гіганцкую сістэму траншэй пад артабстрэламі ў раёне Сватава, адзначаюць аналітыкі.

У Данецкай вобласці многія рэзервісты загінулі падчас нападаў «у лоб» на добра падрыхтаваныя ўкраінскія абаронныя рубяжы ў раёне Бахмута.


Кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай анансаваў «пазітыўныя навіны» на кірунку Сватава і Крамянной, аднак падкрэсліў, што «цяпер неабходна памаўчаць». Таксама ён распавёў, што ў бок Сватава едуць каля 200 грузавікоў з будаўнічымі матэрыяламі, у прыватнасці, так званымі «зубамі дракона» — расіяне ўмацоўваюць там абарону.

* * *

У Белагораўцы працягваюцца пастаянныя атакі расіян, аднак украінскія сілы ўпэўнена трымаюць абарону. Дэакупаваныя вёскі і мястэчкі пакутуюць ад пастаяннага агню: расіяне б'юць «Градамі», «Ураганамі», «Смерчамі».

* * *

У Купянскім раёне Харкаўскай вобласці супрацоўнікі ўкраінскай пракуратуры, якія займаюцца расследаваннем ваенных злачынстваў, эксгумавалі целы двух мужчын 28 і 39 гадоў. Паводле папярэдняй версіі следства, іх расстралялі расійскія вайскоўцы ў сярэдзіне верасня, калі вёска знаходзілася пад акупацыяй. Мясцовыя жыхары распавялі, што бачылі, як аўтамабіль мужчын забуксаваў каля расійскага блокпаста, пасля чаго ў іх стрэлілі аўтаматнай чаргой. На целах забітых следчыя знайшлі агнястрэльныя раненні тулава і галавы.

* * *

Сем чалавек загінулі, больш за 20 параненыя пасля абстрэлу расійскімі вайскоўцамі жылых кварталаў Херсона, удары нанесеныя ў тым ліку па шматпавярховіках.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку абстрэлаў параненыя трое мірных жыхароў — у Бахмуце, Угледары і Краснагораўцы, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

Расіяне ноччу ўдарылі па Мікалаеўскім раёне, ёсць разбурэнні і пацярпелы. Удары нанеслі ўдары па партовай акваторыі Мікалаеўскага раёна і населеным пункце Ачакаўскай грамады. Пра гэта паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай вобласці Віталь Кім.

«Ноччу, 25 лістапада, з 00:08 вораг наносіў удары з РСЗА па партовай акваторыі і населеным пункце Ачакаўскай грамады. У выніку чаго адзін чалавек атрымаў кантузію. Пашкоджаныя жылыя дамы, сярод іх адзін шматпавярховы», — распавёў ён.

Пры гэтым у Мікалаеве, Першамайскім, Вазнясенскім і Баштанскім раёнах дзень і ноч прайшлі адносна спакойна.

* * *

У ноч на 25 лістапада расійскія войскі ў чарговы раз нанеслі ракетны ўдар па Запарожжы. «Вораг зноў атакаваў прыгарад Запарожжа. Гэтым разам ракеты трапілі побач з бальніцай. Людзі не пацярпелі, чаго не скажаш пра будынак. Дзясяткі разбураных вокнаў», — паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Старух.

* * *

У Харкаўскай вобласці ўдалося аднавіць энергазабеспячэнне на 70%, паведаміў старшыня АВА Алег Сінягубаў. У той жа час, паводле яго слоў, без святла застаюцца яшчэ каля 150 тысяч чалавек у Харкаве і амаль 300 тысяч – у вобласці.

У Кіеве 50% жыллёвага фонду працуе ў рэжыме аварыйнага адключэння электраэнергіі. Водазабеспячэнне ва ўкраінскай сталіцы адноўлена цалкам, аднак у некаторых спажыўцоў усё яшчэ можа быць паніжаны напор вады. Цеплазабеспячэнне аднаўляецца.

Кіраўнік Укрэнерга Уладзімір Кудрыцкі заявіў, што праз 1–2 дня ўсіх абанентаў перавядуць з аварыйных адключэнняў на планавыя. Паводле яго слоў, самы складаны этап пасля атакі ўкраінская энергасістэма ўжо прайшла: «Усе вобласці падлучаныя, энергасістэма зноў злучаная з энергасістэмай Еўрасаюза. Усе тры атамныя станцыі, размешчаныя на неакупаванай тэрыторыі, працуюць. Праз 1-2 дні яны выйдуць на сваю нармальную планавую магутнасць, і мы чакаем, што можна ўжо будзе перавесці нашых спажыўцоў замест аварыйных на планавыя графікі».


Еўрапарламент сумесна з сеткай еўрапейскіх гарадоў запусцілі праграму “Генератары надзеі”. Гэта дазволіць выкарыстоўваць магчымасці гарызантальнага супрацоўніцтва ў Еўропе — з гарадамі, з бізнесамі — і забяспечыць Украіну неабходным цяпер энергаабсталяваннем, паведаміў Уладзімір Зяленскі.

* * *

Літва дапаможа Украіне з аднаўленнем энергетычнай інфраструктуры, заявіла прэм'ер-міністарка Інгрыда Шыманіце. Паводле Міністэрства энергетыкі Літвы, Вільнюс ужо прадаставіў матэрыяльную дапамогу для аднаўлення ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры на суму 3 мільёна еўра, у бліжэйшы час павінна быць выдзелена дапамога яшчэ на 2 мільёны.

* * *

Улады Харватыі ўсё ж такі прымуць удзел у навучанні ўкраінскай армііпаведаміў міністр абароны Украіны. «Урад Харватыі ўхваліў рашэнне аб падрыхтоўцы ўкраінскай арміі. Сучасная, добра навучанае армія з моцнымі партнёрамі абавязкова пераможа зграю расійскіх забойцаў, марадзёраў і гвалтаўнікоў. Дзякуй прэм'ер-міністру Харватыі Андрэю Пленкавічу і кіраўніку Міністэрства абароны Марыё Баножычу за падтрымку», — напісаў Аляксей Рэзнікаў у твітары.

* * *

За дзевяць месяцаў поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Расія выдаткавала 82 мільярды долараў, што складае чвэрць яе гадавога бюджэту, падлічыў Forbes. Ацэнка ўключае ў сябе непасрэдныя выдаткі, неабходныя для падтрымкі ваенных дзеянняў, але не ўключае стабільныя выдаткі на абарону або страты, звязаныя з эканомікай.


Уладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце анансаваў «важкія навіны». Паводле слоў украінскага прэзідэнта, амаль кожную гадзіну ён атрымлівае паведамленні аб ударах акупантаў па Херсоне і іншых абшчынах вобласці — такі тэрор пачаўся адразу пасля таго, як расійская армія была вымушана бегчы з Херсонскай вобласці.

«Гэта помста тых, хто прайграў. Ваяваць яны не ўмеюць. Адзінае, што пакуль могуць, — гэта тэрарызаваць. Або энергетычны тэрор, або артылерыйскі, або ракетны — вось гэта і ўсё, да чаго дэградавала Расія пры цяперашніх яе кіраўніках. Толькі вызваленне нашай зямлі і надзейныя гарантыі бяспекі для Украіны могуць засцерагчы наш народ ад якіх-небудзь расійскіх эскалацый. Штодня працуем з партнёрамі для гэтага. Хутка будуць важкія навіны», — заявіў Зяленскі.