«Баец «Алмазу» пабачыў камізэльку з надпісам «Прэса» і прыцэльна стрэліў у мяне»
Журналістка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская другі месяц знаходзіцца ў шпіталі пасля таго, як у яе стрэліў сілавік.
«10 жніўня на Кальварыйскай з'явіліся дзясяткі байцоў, як мяркуецца, з атраду "Алмаз". Адзін з іх спыніўся прыкладна за 10 метраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках з надпісам "Прэса" і прыцэльна стрэліў у мяне.
Цяпер я другі месяц у шпіталі. Справу дагэтуль не завялі.
Адчуваю сябе нармальна, наколькі гэта магчыма. Мне зрабілі аперацыю, а таксама рэнтгенаўскія здымкі. Каленны сустаў, косці, сухажылы, на шчасце, не закранутыя, але рана глыбокая. Колькі часу яшчэ давядзецца правесці ў шпіталі, я не ведаю.
Літаральна на другі дзень пасля здарэння прыходзіў дзяжурны следчы, яшчэ да таго, як я падала заяву — у межах праверкі па факце паступлення ў лякарню хуткай дапамогі з кулявым раненнем. А потым прыходзіла следчая Фрунзенскага раённага аддзялення Следчага камітэту. Я падала заяву з патрабаваннем завесці крымінальную справу па факце нанясення мне цялесных пашкоджанняў. Супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз, якія аглядалі рану, заявілі, што канчатковае заключэнне будзе гатова, толькі калі мяне выпішуць з лякарні.
21 жніўня па месцы жыхарства мне прыйшло паведамленне, што праверку падоўжылі на месяц — да 21 верасня. Больш ніхто са следчых да мяне не прыходзіў.
У лякарні на лячэнні яшчэ застаюцца параненыя, у асноўным мужчыны».
Паводле Радыё Свабода