Барыс Пастухоў: У Крамлі запраўляе партыя ўлады, якая перманентна адчувае, што яна прайграла
Расійская ўлада адчувае сваю непаўнавартасць ужо сотні гадоў — і прыкрывае яе агрэсіяй, лічыць расійскі палітолаг Барыс Пастухоў.
Раптоўная згадка Пуціным «незалежнасці», якую Расія набывае ў ходзе цяперашняй вайны, наштурхнула мяне на думкі аб тым, што ў Расіі і праўда не атрымліваецца ўжо гадоў пяцьсот здабыць гэтую самую незалежнасць.
Я кажу не пра незалежнасць ад умоўнага Захаду або Усходу, а пра незалежнасць ад узваленай на саму сябе місіі несці крыж трэцяга Рыма. Дзесьці там, хаваючыся за гістарычным гарызонтам, маячыць ідэя, што спадчыннікі Візантыі ўсё ніяк не могуць выканаць свой абавязак перад продкамі і адабраць, нарэшце, Канстанцінопаль у асманаў. Гэты комплекс непаўнавартасці, які каштаваў Расійскай імперыі дзвюх смяротна параніўшых яе войнаў — Крымскай і Першай сусветнай, здавалася б, павінен быў памерці пры пераходзе ўлады да атэістаў-бальшавікоў.
Замест гэтага бальшавікі займелі свой крыж: у барацьбе за ўладу яны не ўтрымалі аскепкаў імперыі — Прыбалтыку, Польшчу, Фінляндыю — і не здолелі супакоіцца, бо разглядалі страту пэўнай тэрыторыі не як разумны, а як балючы кампраміс, плату за здабыццё ўлады на абшарах астатняй часткі.
Дзіўна, але посткамуністычная Расія паўтарыла гэты шлях 30 гадоў таму. Нягледзячы на заяўленыя лозунгі страта чатырнаццаці рэспублік СССР ніколі не была палітычнай воляй новай расійскай улады — гэта быў кошт, заплачаны Ельцыным за перамогу над Гарбачовым у барацьбе за Крэмль.
І негатоўнасць «адпусціць» малюсенькую Чачэнію, калі ўсяго пару гадоў таму «адпусцілі» велізарныя рэспублікі СССР, толькі падкрэслівае тое, як адчувала гэтую сітуацыю новая ўлада.
Па сутнасці, як мінімум сто апошніх гадоў у Крамлі запраўляе партыя ўлады, якая перманентна адчувае, што яна прайграла, а не выйграла, таму што страціла ўладу над часткай сваёй тэрыторыі замест таго, каб атрымаць уладу над усёй краінай.
У 1991-м замест сіндрому страчанай Польшчы і Фінляндыі Расія атрымала сіндром страчанай Украіны, Казахстана і далей па спісе.
Для мяне праблема не ў імперскім мысленні (яно ёсць у многіх), а ў комплексе непаўнавартасці ўнутры Крамля, стаць незалежным ад якога не атрымліваецца ўжо сотню, калі не сотні гадоў. Бо калі ў Расіі гэтая ўладная эліта зменіцца на новую каманду, то, верагодна, яна зноў прыме ўладу ў межах, якія ёй дастануцца, зыходзячы з кан'юнктурных абставін. А значыць, калі нічога не зменіцца кардынальна ў ментальнасці, то неўзабаве народзіцца чарговы сіндром агрэсіі, што будзе прыкрываць чарговы комплекс непаўнавартасці.