Беларусь, якая чакае: Гродна. Частка 1 (фота)

Беларусь пакідаюць яе жыхары. Бягуць ад пераследу, няпэўнасці, небяспекі аказацца ўцягнутым у вайну… А мы працягваем наш фотапраект «Беларусь, якая чакае» — дзеля тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. Наступная кропка ў нашым маршруце — горад над Нёманам, Гродна. Сюды мы выправіліся ўслед за ўспамінамі двух вядомых гродзенцаў: журналіста Андрэя Мялешкі і музыкі Алеся Дзянісава.

_harodnja_horad_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__15__logo.jpg


Сёння мы прапануем вам Гродна, якім яго памятае і любіць Андрэй Мялешка.
«Фарны касцёл, цэнтр каталіцтва ў маім родным горадзе. Любы позірк на гэтую славутасць цешыць маё сэрца.

_harodnja_farny_kascjol_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

_harodnja_farny_kascjol_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg


Францысканскі кляштар на левым беразе Нёмана — тут у 2011-м мы з жонкай пабраліся шлюбам, тут хрысцілі нашых дзяцей.



У Брыгіцкім манастыры я ў свой час пазнаёміўся з Паўлам Севярынцам і Аляксеем Шэйнам, якія прыязджалі на сустрэчы з моладдзю. Таксама гэтае месца я вельмі палюбіў, дзякуючы святару Рымска-каталіцкай Царквы ксяндзу-каноніку Антонію Грэмзе, які ведае кляштар як свае пяць пальцаў і можа распавядаць пра яго бясконца.


Кляштар бернардзінцаў, што насупраць драмтэатра — адзін з самых старых каталіцкіх кляштараў у Гродне. Ён звязаны з сустрэчай з Анджэем Вайдам, які прыязджаў у Гродна каля 10 год таму.


Свята-Пакроўскі сабор на вул. Ажэшкі для мяне, у першую чаргу, асаблівы: айцец Георгі Рой і Павел Каспяровіч. А таксама абразы, што ў гэтым саборы знаходзяцца.


Каложская царква — гэта проста месца сілы для кожнага гродзенца.


Калі казаць пра іўдзейства, то варта ўзгадаць харальную сінагогу. Яна для мяне таксама звязаная з людзьмі і падзеямі: Барыс Квяткоўскі, які ладзіць экскурсіі па гэтым месцы, Руслан Кулевіч, які быў акцёрам монаспектакля па старонках дзённіка гродзенскага гета.


Цэнтр горада, вядомы дзякуючы пешаходнай вуліцы Савецкай.


Мост у вёску Ласосна мясцовыя называюць «самым доўгім у Еўропе». У імперскія часы за Ласасянкаю пачыналася Царства Польскае, а мы былі Літоўскім генерал-губернатарствам. Паміж суб'ектамі імперыі трэба было праходзіць праз мытню, кожны суб'ект меў сваю. І мытня была адразу за мостам. Таму мост трэба было праязджаць вельмі доўга, вось адсюль і назва.


Калі казаць пра знакі ў Гродне — гэта шыльда з «Пагоняй» на Новым замку і шыльда паўстанцам Каліноўскага на чыгуначным вакзале.

_harodnja_staraja_krepasc_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

_harodnja_czyhunaczny_vakzal_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


Працяг будзе...
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны, напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.