Беларусь, якая чакае — літаратурная. Маршруты ката Шпрота
Атрымаць гэты ліст было вельмі прыемна. Наша чытачка Вераніка жыве ў Турцыі, яе дачка Меліса нарадзілася ўжо там. Адной з улюбёных кніжак Мелісы з'яўляецца выдатны дзіцячы твор Ганны Янкуты аб прыгодах ката Шпрота са сталічнай вуліцы Калініна. Дзяўчынка вельмі хоча ўбачыць мясціны, дзе адбываюцца гэтыя незвычайныя падзеі.
Адпраўляемся ў падарожжа разам з Веранікай, Мелісай і катом Шпротам! Стартуем з вуліцы Калініна. Менавіта дзесьці тут жыве Шпрот!
Домік Мышы абавязкова трэба наведаць, тым больш гэта не проста домік, а велічэзны сапраўдны вулей, якому больш за 250 год і калісьці ён вісеў на дрэве. Уявіце сабе якія тады былі дрэвы! А Мыш яшчэ там гатуе надзвычайна смачны маннік.
Далей мы накіроўваемся да парку Чалюскінцаў па вуліцы Кузьмы Чорнага, бульвару Талбухіна і спускаемся ў падземны пераход.
Вось мы і дайшлі да парку Чалюскінцаў. Скрыжаванні сцежак, дрэвы, вясна... Але мы ўпэўнена крочым уперад!
Тым, хто пакуль не чытаў кніжку пра прыгоды Шпрота, вельмі раім зрабіць гэта неадкладна, а потым яшчэ раз паглядзець нашу справаздачу аб гэтым падарожжы. Будзе нашмат цікавей!
Зараз мы наведваем атракцыёны. Тут іх шмат, а некаторыя хаваюць у сабе досыць таемных ведаў. У «Джамба Джэце» жыве атракцыёнавік — магутны і таемны дух мясцовых атракцыёнаў! Можа мы здолелі сфатаграфаваць менавіта тое месца, дзе ён хаваецца?
Героям кнігі таксама вельмі падабаюцца і іншыя атракцыёны.
Але ж самым улюбёным, канешне, з'яўляецца «Кола агляду». Міма прайсці ну зусім немагчыма!
Якімі б ні былі цікавымі і захапляльнымі любыя прыгоды, але ж і яны калісьці канчаюцца. А нашае падарожжа па парку Чалюскінцаў працягваецца. Гэты парк вельмі да спадобы мінчукам і гасцям, таму яшчэ трошку пашпацыруем.
На развітанне падзякуем Вераніцы і Мелісе за цудоўную ідэю для фотападарожжа. Але прыгоды ката Шпрота на гэтым не скончыліся: праз некаторы час мы правядзем вас па ягоным новым маршруце!
Працяг!
Чытайце кніжкі, няхай яны будуць нават і дзіцячымі, але сапраўднымі і нашымі.
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках. Беларусь чакае ўсіх сваіх людзей — малых, дарослых, старых. Беларус беларусу Беларусь!