Беларусь, якая чакае: Сокал — кавалачак Мінска сярод лясоў

Пасля невялікага перапынку распачынаем новы год чарговай вандроўкай у межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае». Гэтым разам па просьбе нашага чытача мы завіталі ў мікрараён Сокал, які, нягледзячы на добрую адлегласць ад сталіцы, лічыцца яе часткай. Паглядзім, як жыве кавалачак Мінску пасярод лясоў Смалявіцкага раёну.

_belarus_sokal_fota_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas_logo.jpg


Гісторыя Сокала пачалася ў 1983 годзе разам з будаўніцтвам аэрапорта «Мінск-2». Гэты пасёлак мусіў быць заселены авіятарамі і працаўнікамі аэрапорту. Спачатку нават планавалася зрабіць яго закрытым, але так і не зрабілі. У 2000 годзе Сокал перастаў быць пасёлкам і набыў статус часткі Кастрычніцкага раёна сталіцы. Дзіўнае рашэнне, бо бліжэй да Сокала ўсё ж Заводскі раён. Магчыма, падставай стала тое, што аэрапорт «Мінск-1», які яшчэ працаваў на той момант, знаходзіўся на тэрыторыі менавіта Кастрычніцкага раёна. Карацей, ва ўладаў асобная логіка...


Да пачатку будавання індустрыяльнага парку «Вялікі Камень», які знаходзіцца літаральна ў некалькіх кіламетрах ад Сокала, мікрараён на 90% складаўся з прыватнай забудовы. Некалькі «гарадскіх» дамоў і крамаў у самым цэнтры — вось і ўсё адрозненне ад вялікай вёскі на той час. Апошнія гады Сокал актыўна забудоўваецца шматпавярховікамі, якія даволі цікавяць мінчукоў. Ад сталіцы зусім недалёка, побач лясы, вадасховішча, рака... Ёсць над чым сур'ёзна паразважаць!


«Гарадская» забудова не кранае прыватнага сектару, месца хапае. Але існуюць іншыя пытанні: пакуль няма паўнавартаснай паліклінікі, адна школа... Нагадаем, што Сокал — гэта Кастрычніцкі раён, і дабрацца да той жа паліклінікі зойме шмат часу. Павелічэнне колькасці жыхароў мікрараёна патрабуе досыць хуткага вырашэння гэтых пытанняў.


Да падзей некалькіх мінулых гадоў істотны ўплыў на жыццё мікрараёна аказваў пабудаваны побач «Вялікі Камень». Мясцовыя жыхары распавялі, што краму сеткі «Карона» пабудавалі «пад кітайцаў, якія сюды аўтобусамі з гэтага "Каменя" прыязджалі». Цяпер, кажуць мінакі, колькасць кітайцаў вельмі істотна скарацілася і «можна без чэргаў набыць у краме ўсё, што трэба»

 
Сёння Сокал — ціхі мікрараён сярод лясоў. Побач будуюцца дамы і новае жыццё. Завітаем сюды праз год-другі.


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках. Беларусь чакае ўсіх сваіх людзей — малых, дарослых, старых. Беларус беларусу Беларусь!