Беларусь, якая чакае. Старэйшы «спальнік» сталіцы (ФОТА)
Ледзьве мы паспелі абсушыцца пасля апошняй вандроўкі — трэба збірацца па новай замове ад нашага чытача. Ён прапанаваў прадоўжыць мінулы маршрут і завітаць у «макрараён», які з’яўляецца старэйшым «спальнікам» сталіцы і дзе няма аніводнага прамысловага прадпрыемства. Ягоная назва выклікае шмат успамінаў і асацыяцыяй у сталічных жыхароў рознага ўзросту, сацыяльнага статусу, матэрыяльнага становішча. Менш слоў, больш фота — сёння мы накіроўваемся ў Зялёны Луг!
«Макрараён» Зялёны Луг складаецца ажно з 7 мікрараёнаў і, гледзячы на мапу, можа падацца, што нумаравалі іх трошкі хаатычна, але ж, магчыма, уся справа ў часе забудовы. Мы, у адпаведнасці з замовай, сёння наведваем «чацвёрку» і «тройку». І не пытайцеся, чаму «чацвёрка» месціцца перад «тройкай».
Безумоўна, самая першая асацыяцыя з Зялёным Лугам — трамвай. Дастаткова працяглы час сюды можна было даехаць толькі на гэтым грамадскім транспарце, але ж цяпер тут ходзяць і аўтобусы, і маршруткі. Транспарту сапраўды шмат, і пад коламі ўжо рыпіць соль, напамінаючы, што зіма вось-вось раптоўна можа пачацца.
Святлафор нагадвае нам, як трэба выглядаць у гэтых суворых мясцінах, каб быць сапраўдным узорам і каб бясследна не згінуць у лабірынтах Зялёнага Лугу-4. Трэба не забыцца і кантраляваць сябе! Значыць так — чырвоны лысы волат з умоўнымі кавунамі падпахамі... Цяжкавата, але ж трэба неяк зрабіць тое, дзеля чаго мы тут.
Павольна ідзем па вуліцы Шырокай, якая сапраўды шырокая, і амаль адразу знаходзім дамы-старажылы. Сціплыя двухпавярховікі памятаюць яшчэ часы, калі Зялёны Луг толькі праектаваўся — першыя дамы-«хрушчоўкі» новага раёну пачалі будавацца напачатку 1960-х гадоў. Дагэтуль двухпавярховыя будынкі з максімальна спрошчанай планіроўкай напрыканцы 1950-х гадоў масава будаваліся на тагачасных ускрайках гораду вельмі хутка — сталіца мела вялікую патрэбу ў жытле для працоўных новых прадпрыемстваў. У дварах месціліся невялікія сарайчыкі для гаспадарчых патрэбаў, дзе даволі часта новыя гараджане трымалі кур і нават коз. Зараз у гэтых каморках захоўваюцца закруткі ды ўсялякая гаспадарчая дробязь, а ля некаторых — каларытныя chill-zone з абавязковым ахоўнікам-катом.
Паглыбляемся ў двары, якія ёсць сапраўдным Кландайкам для аматараў вывучэння гарадской архітэктуры і дзе можна пабачыць усю гісторыю забудовы Зялёнага Луга ад тых самых старых двухпавярховікаў да зусім новых сучасных будынкаў, што мірна суіснуюць на невялікімі кавалку зямлі мікрараёна. Дарэчы, прыгадваем чырвонага волата на святлафоры, бо на дзіцячай пляцоўцы бачныя сляды адчайнай бітвы паміж дыназаўрам і невядомым экзэмплярам будаўнічай тэхнікі будучыні. Суворыя тут месцы, нічога не скажаш!
А вось цікава — гэты сучасны комплекс фарбавалі з улікам ужо існуючай старой галубятні побач, ці птушыны аб’ект ужо потым перафарбавалі? Чамусьці хочацца верыць у першы варыянт, бо ён нам проста больш падабаецца! Галубоў шмат, яны прыгожыя, а яшчэ мы даўно не бачылі адчыненыя дзверы ў пад’езд як у дзяцінстве. Да і ўвогуле тут па хатняму ўтульныя двары, цішыня і спакой, якіх не знойдзеш у мітуслівым цэнтры.
Яшчэ крышачку павалацужнічаем па «чацвёрцы». Надвор’е сёння казачнае і зусім не падобнае на звычайны змрочны небасхіл сталёвага колеру і бяссонечнасць апошніх дзён лістапада, якое нашыя сябры называюць «шэрым золатам беларускай восені». Сапраўды, мінулае і цяперашняе Зялёнага Луга перад намі. Магчыма гэта ўсё хутка зменіцца і застанецца толькі на фота.
Напрыканцы пераходу да «тройкі» завітаем на, бадай, адну з самых незвычайных вуліц сталіцы, якая носіць імя вядомага мастака Івана Крамскога, мае толькі шэсць дамоў — і тыя толькі на няцотным баку — ды заканчваецца ля ўжо знаёмых нам старых сарайчыкаў у дварах вуліцы Кальцова. Такі двухпавярховы анклаў мінуўшчыны, які, хутчэй за ўсё, таксама будзе страчаны.
Вуліца Кальцова і ёсць мяжа паміж «трэцім» і «чацвёртым» Зялёнымі Лугамі. Камусьці можа яна паказацца зусім звычайнай, можа так яно і ёсць на самой справе, але ж у нашага фатографа на гэты конт свае меркаванне. Таму трошкі затрымліваемся дзеля кароткага шпацыру «па памежжы».
Зялёны Луг-«тройка» будаваўся пазней за свайго суседа, і тут ужо няма невялічкіх двухпавярховікаў. Шмат месца займаюць школа, дзіцячыя садкі, рознага кшталту і памеру крамы. Пяціпавярховікі стройнымі шэрагамі збягаюць па пагорках, на вышыні якіх ганарліва стаяць ужо больш высокія будынкі. Большасць з іх зараз трываюць чарговы касметычны ці капітальны рамонт, таму навокал шмат пылу і агароджаў. Ну што ж тут зробіш, гэта таксама патрэбная рэч.
Выходзім на паўночна-ўсходнюю мяжу Зялёнага Луга-3 да вядомых усім мінчукам 14-павярховікаў, якія былі пабудаваныя ў 1971 годзе і на той час лічыліся сапраўднымі савецкімі хмарачосамі. Кааператыўныя кватэры ў гэтых будынках каштавалі 10-12 тысячаў рублёў, а самы прэстыжны аўтамабіль ГАЗ-24 «Волга» — 9 тысячаў. Падчас заканчэння будаўніцтва навокал яшчэ стаялі драўляныя дамкі сыходзячай вёскі з назвай Зялёны Луг, менавіта туды мусіў расці і вырас горад. Калі падысці са двара, то можна ўбачыць іншыя Зялёныя Лугі — «пяцёрку» і «шасцёрку». Але ж гэта ўжо іншая гісторыя...
Чарговая замова выканана, мы не згубіліся паміж розных эпохаў, узорнага чырвонага лысага волата з кавунамі не сустрэлі і цяпер мусім вяртацца дадому каб паглядзець пошту — а можа яшчэ хто вызначыўся з нашым чарговым месцам сустрэчы. Пішыце — нам заўсёды прыемна працаваць для вас і чытаць вашыя водгукі ды замовы. Зіма ўжо на парозе! Бывайце здаровы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.