Беларусь, якая чакае. Непераможны пасёлак (ФОТА)
Пакуль мы дажджлівым лістападаўскім вечарам праглядалі мапы надвор’я і распрацоўвалі чарговы маршрут для праекта «Беларусь, якая чакае», адзін з чытачоў ужо ўсё вырашыў і замовіў вандроўку па цікавым месцы. Згадванне гэтага сталічнага мікрараёна напачатку «ліхіх 90-х» прымушала суразмоўцу паважліва дакранацца да капелюша, бо Сельгаспасёлак меў сур’ёзную рэпутацыю. Ды і зусім гэта не мікрараён, а вельмі нават «макра»! Менш слоў — хадзем пакажам!
Паўночную мяжу Сельгаспасёлка надзейна бароняць кварталы магутных шматпавярховікаў, жыхары якіх таксама з гонарам могуць пазначаць сябе як «пасялковых». Недасведчаны вандроўнік лёгка можа заблукаць на разбягаючыхся ў розныя бакі дваровых сцяжынках, але ж мясцовыя ўпэўнена абіраюць патрэбны напрамак і хуценька крочаць па сваіх справах. А вось аўтамабілісту тут дакладна спатрэбіцца навігатар, бо заехаць да пажаданай кропкі часам можна толькі па даволі складанай траекторыі. Тым не менш, адна з незвычайнасцяў сучаснага гораду нам на вочы такі патрапілася — свабодныя месцы на паркоўцы!
Выходзім на вуліцу Лук’яновіча, дзе за шчыльнымі радамі шматкватэрнікаў хаваецца невялічкі кавалак прыватнай забудовы. З розных бакоў на гэтую выспу ціснуць сучасныя дамы вуліц Бяды і Усходняй, але ж мясцовыя жыхары трымаюць абарону і ніяк не хочуць мяняць свой кавалак зямлі на бяздушнасць панэльных ідалаў ХХІ стагоддзя.
Аднак звернемся да гісторыі паходжання назвы «Сельгаспасёлак». Тут, насамрэч, няма нічога таямнічага: у 1930 годзе праходзіла Першая ўсебеларуская сельскагаспадарчая выстава, і савецкая ўлада дзеля яе правядзення з прысутнай ёй схільнасцю да гігантызму адвяла каля 75 гектараў зямлі. Вырубілі лес, асушылі балота і першая сельгасвыстава прайшла на «ўра». Літаральна праз год на гэтым месцы пачалі выдаваць надзелы пад будаўніцтва працоўным з Дому друку, Першай клінічнай бальніцы, МТЗ ды іншых. Так назва і засталася. Пасля вайны жытла адчайна не хапала, і Сельгаспасёлак працягваў прырастаць жыхарамі і сціплымі дамкамі з агародамі. Горад яшчэ не дацягнуўся сюды сваімі каменнымі кіпцюрамі, і маладзёнам складана ўявіць, што іх бацькі, не кажучы ўжо пра дзядоў, добра памятаюць гэты раён аднапавярховым і драўляным, з курамі ды каровамі.г
А мы працягваем наш шпацыр і зараз крочым па адной з самых вялікіх «пасялковых» вуліц — Усходняй. Цяпер яна амаль штогод прыбаўляе новых шматпавярховікаў, але ж пакуль захоўвае і нямала будынкаў з гісторыяй у некалькі дзесяцігоддзяў. Кажуць, на мяжы стагоддзяў тут у арэнду здавалася амаль не больш кватэр, чым у астатнім горадзе. А на вуліцы Мележа, якая звязвае Усходнюю і Лагойскі тракт, месціцца ледзьве не першы бізнес-цэнтр сталіцы, у якім калісьці знаходзілася рэдакцыя «Новага Часу». Ну і, канешне, з паркоўкамі тут справа зусім не лепшая.
Надышоў час пакінуць каменныя джунглі і па вуліцы Тыражнай, якая пранізвае пасёлак наскрозь, накіравацца да сэрца Сельгаспасёлка.
Мінаем вуліцу Бяды і амаль адразу бачым старую брукаванку вуліцы Гало. Гэта вам не сучасны асфальт, які трэба мяняць і рамантаваць амаль пасля кожнай зімы. Недзе звонку застаюцца мітуслівыя аўтамабілі і таропкія суворыя мінакі з торбамі і заплечнікамі, паветра адразу падаецца больш чысцюткім, і ўжо чуваць ціўканні адзінкавых птушак, буркатанне сабакі за плотам. А вось і дзверы недзе рыпнулі... Неяк зусім незаўважна запавольваюцца крокі, каб аніводным залішнім рухам не парушыць гэты далікатна-крыштальны ручаёк гукаў, ад якога так адвыкае вуха ў штодзённасці вялікага гораду.
А зусім нядаўна гэта ўсё мусіла знікнуць. Яшчэ з 1982 году гарадскія ўлады распрацоўвалі планы па «рэканструкцыі» Сельгаспасёлка — знос старых дамоў і будаванне новых. Для жыхароў гэта быў даволі цяжкі час. На любы рух — перабудаваць дом ці паставіць сарайчык, ужо не кажучы аб тым, каб падвесці ваду, каналізацыю ці газ, трэба было атрымліваць дазвол у адміністрацыі, якая адмаўляла з нагоды таго, што «ўсё пойдзе пад знос» і «немэтазгодна». Безумоўна, людзі былі, мякка кажучы, вельмі незадаволеныя.
Напачатку 2015 года нарадзілася рашэнне аб зносе болей чым за 600 дамоў і пачатку будаўніцтва 15 шматпавярховікаў і «аб’ектаў інфраструктуры». На гэтым цярпенне мясцовых жыхароў скончылася і, аб’яднаўшыся, яны пайшлі бараніць сваё. Шматлікія звароты і асабістыя візіты да чынавенства самага рознага ўзроўню вымусілі «слуг народу» арганізаваць сустрэчу ў мясцовай школе, каб «даць усе адказы на пытанні насельніцтва». Гэтую сустрэчу дакладна памятаюць яе ўдзельнікі! Больш за некалькі соцень жыхароў патрабавалі адказы на вельмі нязручныя пытанні аб зносе, а вось некалькі спазніўшыхся чыноўнікаў няўдала спрабавалі перавесці размову на іншыя дробязныя пытанні. Яшчэ некалькі гадоў ішла барацьба, але пераломны момант быў менавіта тады. А праз пару гадоў збанкрутаваў тагачасны бенефіцыяр забудовы — сумнавядомы «Тамбаз». Сельгаспасёлак, канешне, панёс пэўныя страты, але з палёгкай выдыхнуў.
Невялічкі парк Котаўка — улюбёнае месца «пасялкоўцаў» дагэтуль існуе таксама дзякуючы неабыякавым і гатовым адстойваць свае інтарэсы людзям. На мяжы 2016-2017 гадоў гарадскія ўлады вырашылі пабудаваць тут касцёл, але парк фактычна бы знік падчас будаўніцтва. І людзі зноў пачалі дзейнічаць. Даходзіла да таго, што жыхары паўставалі перад будаўнічай спецтэхнікай і не давалі ёй заехаць. Ізноў дайшлі да главы Мінгарвыканкама, і пытанне вырашылася — будаўнічая пляцоўка пераехала на вул. Някрасава. Парк застаўся жыць. Цяпер не верыцца, але ж было і такое калісьці!
Неўзабаве мы дайшлі да вуліцы Багдановіча, дзе прыватны сектар упіраецца ў бетонныя сцены. І вы памыляецеся, калі думаеце, што тут Сельгаспасёлак заканчваецца — гэта толькі меншая ягоная частка! За вуліцай Багдановіча амаль да Цнянкі — гэта таксама ён. Але сёння мы абмяжуемся ўжо даследаванай тэрыторыяй і яшчэ крыху пашпацыруем па мяжы бетону аднолькавасці і прыватнай разнастайнасці.
Вось і трэба развітвацца ў чарговы раз, але гэта ж толькі на зусім кароткі час, бо мы вельмі спадзяемся, што вы ўжо вызначыліся з нашым наступным маршрутам і натхніліся, каб нам пра яго распавесці! А мы ўжо пастараемся вас не расчараваць — вось толькі пасля «кароткачасовых дажджоў без перапынку» адзенне і абутак пасушым і гатовыя да новых супольных вандровак. Бывайце здаровы!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі. Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.