Беларусь, якая чакае. Тэрапеўтычная Браслаўшчына (ФОТА)

Наступная замова на  вандроўку нас вельмі ўсцешыла — мы даўно наважваліся даехаць да гэтага маляўнічага кутка нашай прыгожай Беларусі! Назва гэтых мясцінаў знаёмая аматарам рыбалкі і намётаў далёка за межамі нашай краіны, і рознакаляровыя нумары на аўтамабілях турыстаў з’яўляюцца лепшым доказам. Так, сённяшні наш шлях ляжыць у чароўны азёрны край — Браслаўшчыну. Паехалі!

Нягледзячы на тое, што гэтыя вандроўкі заўсёды былі і будуць хутчэй працай, чым адпачынкам, сёння мы вырашылі зрабіць нашу справаздачу менш гістарычнай і больш атмасфернай з колькасцю менавіта тэрапеўтычных фотаздымкаў. Але ж абмінуць некалькі знакавых месцаў Браслаўшчыны не здолелі, прабачце! Першае месца, куды мы накіроўваемся, — памежная вёска Відзы з найпрыгажэйшым касцёлам Святой Тройцы, які бачна здалёк!

Першы драўляны касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (часам і дагэтуль так называюць сучасны касцёл) быў пабудаваны ў Відзах  напрыканцы XV стагоддзя, але час і падзеі не пашкадавалі яго, і напачатку ХХ стагоддзя пад кіраўніцтвам архітэктара Вацлава МІхневіча пачалося будаўніцтва новага цаглянага шэдэўра. Будаўніцтва было скончана ў 1914 годзе літаральна перад пачаткам Першай сусветнай вайны, якая пакінула моцны адбітак на касцёле — сёння можна бачыць умураваны ў сцяну адзін з снарадаў, якія траплялі ў святыню. Аднавіць касцёл атрымалася толькі ў 1932 годзе, але ж Другая сусветная вайна зноўку не пашкадавала выбітны будынак. Пасля вайны ён выкарыстоўваўся як сховішча льна, потым — спартовая заля мясцовай вучэльні. Толькі ў 1989 годзе касцёл быў адданы вернікам, і ў 1994 годзе ён зноў адчыніў свае дзверы. Дарэчы, касцёл Святой Тройцы ў Відзах у вышыню толькі 2 метры саступае гервяцкаму!

У планах ёсць яшчэ адзіны прыгожы помнік архітэктуры, але ж мы прыехалі на азёры, таму рушым далей. Дрывяты, Струста, Снуды — гэтыя назвы прымушаюць сэрца біцца часцей і прыгадваць аб спінінгу ў багажніку. Але праз некалькі кіламетраў у Опсе на нас літаральна выскоквае прыгожы касцёл Святога Яна Хрысціцеля. Не спыніцца было немагчыма! Азёры, даруйце... Драўляныя продкі сённяшняга касцёла ў Опсе праіснавалі да 1886 году, калі пасля чарговага пажару было распачата будаўніцтва цаглянага храму, які дагэтуль займае не апошняе месца ў шэрагу помнікаў Браслаўшчыны. Падчас нашага візіту ў касцёле ішоў рамонт, але наведаць яго было варта  глядзіце самі. А за касцёлам вельмі прыгожы краявід з возерам Опса!

Едзем далей, і вось неўзабаве праваруч з’яўляецца невялічкі пляжык і неабсяжны далягляд возера. Гэта адно з найвялікшых возераў Браслаўшчыны — Дрывяты. Насалоджваемся прыгажосцю, бо словы тут будуць зусім лішнімі!

Насамрэч, месцаў, якія варта наведаць, на Браслаўшчыне процьма, і каб усё паглядзець нават тыдня не хопіць. Таму мы неяк супакоілі свайго ўнутранага шчанюка, якому трэба ўсё і адразу, і накіраваліся да Маяка — гэта абавязковае месца для першаразовага наведвальніка Браслаўшчыны. І вы зараз зразумееце чаму. Справа ў тым, што ў мінулым стагоддзі геадэзісты пабудавалі тут вышку, якую мясцовыя жыхары прынялі за маяк, так назва і прыжылася. Цяпер тут выдатная аглядальная кропка, адкуль бачна не адно возера навокал. Ёсць і турыстычныя стаянкі, але ж ні слова болей!

Наглядзеўшыся на захапляльныя краявіды, рушым да яшчэ адной вядомай цікавосткі гэтых месцаў. Вы дакладна чулі аб ёй, але не наважваліся распавесці нам. Зараз мы ля «Божага Вока» — невялічкага возера, якое мае амаль ідэальную круглую  форму, што нагадвае вока. Чулі ж пра яго? А зараз паглядзіце!

Незвычайная спёка, авадні ды іншыя “адметнасці” беларускага лецейка не болей чым дробязь у параўнанні з захапляльнай прыгажосцю. Прабачце, але ж мы проста вандруем па ліпеньскай Браслаўшчыне і атрымліваем асалоду ад краявідаў.  Азёры Балойса, Няспіш, Войса і Недрава. Далучайцеся!

Самыя ўважлівыя ўжо паспелі разгледзець на некаторых фота выкшталцоныя белыя шпілі касцёла, бачныя амаль з усіх кропак нашага маршруту. Так, зараз мы спыняем валацужыць па наваколлях і едзем да Слабодкі — менавіта яе нам замовіла нашая чытачка. Яна распавядала аб гэтых мясцінах з вялікай душэўнай цеплынёй, бо менавіта сюды яны з мужам зрабілі першую вандроўку шмат гадоў таму і назаўсёды засталіся закаханымі ў гэты край.

Цікава, але ў Слабодцы касцёл таксама мае дзве назвы. Афіцыйная — касцёл Провіду Божага і неафіцыйная — Сэрца Ісуса. Магчыма, гэта, як і ў Відзах звязана з былым храмам, які існаваў тут да пачатку ХХ стагоддзя, але ж іншае меркаванне звязана з выявай Ісуса на галоўным алтары — ён трымае ў руках сваё сэрца, і гэта не адзіная выява сэрца ў гэтым храме. Але не толькі гэтым вызначаецца касцёл у Слабодцы. Ніколі і нідзе вы больш не ўбачыце такога роспісу і фрэскаў, такіх насычаных колераў і неардынарнага падыходу!  Пра мастака Генадзя тут легенды ходзяць, але тут ужо самі даведаецеся. Мы завіталі ў касцёл за паўгадзіны да пачатку імшы, і гэта было штосьці неверагоднае. Паўзмрок, колеры, свечкі і цішыня... 

Надыходзіць вечар і, здаецца, трэба выпраўляцца дадому. Не, даражэнькія! Не ў гэты раз! Трэба ж і спінінг памачыць, і за заходам сонца паназіраць — у гэтых мясцінах ён досыць прыгожы, тым больш нашая чытачка “здала” нам месца, адкуль гэтае відовішча абяцае быць надзвычай мастацкім! Пойдзем паглядзім.

На гэты раз спінінг такі выгулялі, але ж нічога так і не прыдалося злавіць. Кажуць, што шанцуе дуракам, навічкам ды п’яніцам — па выніках мы не падыходзім ані да адной катэгорыі. Ну і дзякуй Богу!))) Але ж вось неўзабаве мы дачакаліся “залатога часу” — калі сонейка робіцца лагодным і аксамітным, цені мякка кладуцца на наваколле і само па сабе надыходзіць нейкае такое адчуванне міра і спакою. Канстанціна Паўстоўскага з ягонымі шматстаронкавымі апісаннямі даляглядаў і краявідаў з нас ужо дакладна не атрымаецца, таму проста назіраем гэты натуральны дзэн.

Разумеем, што вы ўжо маеце месячную норму для супакаення, але ж мы ў гэты раз вырашылі ісці да канца і яшчэ далей. Некалькі гадзінаў ночы ў машыне і вось ён — браслаўскі світанак. Цяпер мы можам дакладна і аўтарытэтна заявіць: “Мы гэта бачылі!”. І дадаць: “Яно таго каштавала!”

Ну вось зараз і дадому можна, тым больш што ранкам дарогі амаль пустыя. Праз пару дзён мы будзем гатовыя да новых вандровак — падказвайце і замаўляйце, бо мы працуем для вас! На развітанне традыцыйна некалькі фота... І ледзьве не забыліся: Браслаўшчына — беларуская сталіца буслоў. Тут іх больш за вераб’ёў! Дакладна кажам!

Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па роднаму краю. Распавядзіце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.