Беларускі добраахвотнік-мусульманін загінуў пад Бахмутам

Данііл Ляшук родам з Брэста. Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе прыняў рашэнне ваяваць на баку Украіны, а ў сакавіку 2022 года зноў пайшоў на фронт.

Беларускі добраахвотнік-мусульманін загінуў пад Бахмутам. Фота: t.me/chubarov_refat

Беларускі добраахвотнік-мусульманін загінуў пад Бахмутам. Фота: t.me/chubarov_refat

У баях за Украіну загінуў мусульманін з Беларусі Данііл Ляшук з пазыўным "Маджахед". Пра гэта паведаміў кіраўнік Меджліса крымскататарскага народа Рэфат Чубараў.

«У баях на Бахмуцкім кірунку загінуў наш брат, мусульманін, вядомы ўкраінскі баец Данііл Ляшук з пазыўным "Маджахед". Ляшук Данііл — вайсковец Украінскіх узброеных сілаў родам з горада Брэста (Рэспубліка Беларусь). Пасля анексіі Крыма ў 2014 годзе ён вырашыў ваяваць на баку Украіны і паступіў у шэрагі добраахвотніцкага батальёна "Тарнада", які дзейнічаў на ўсходзе Украіны ў зоне АТА. У сакавіку 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі Данііл Ляшук "Маджахед" зноў трапіў на фронт. Да сваёй гібелі баец паспеў атрымаць два раненні, дастаўляючы ў сваё падраздзяленне захопленага ў палон расійскага вайскоўца», — паведаміў Чубараў.

На старонцы ў тэлеграме Данііла з’явіўся запіс: «На жаль, мы вымушаныя паведаміць пра гібель нашага сябра, нашага брата, нашага роднага чалавека... Просім уладу прысвоіць званне героя Украіны і даць грамадзянства пасмяротна, герою які ваяваў за Украіну», — гаворыцца ў паведамленні.


Адметна, што ва Украіне супраць Данііла ў 2015 годзе распачалі крымінальную справу за катаванні, тады хлопцу было 19 гадоў. Украінскія следчыя абвінавацілі беларуса ў цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах, учыненых на Данбасе ў складзе злачыннай арганізацыі з ліку работнікаў міліцыі роты патрульна-паставой службы «Тарнада». У красавіку 2017 года суд прысудзіў Ляшука да 10 гадоў пазбаўлення волі. 

На волю ён выйшаў яшчэ да вайны, у ліпені 2021-га. Яго з-пад варты вызваліў Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева. Зрэшты, на той час хлопец фактычна адбыў свой тэрмін. Гэта здарылася таму, што з 2015 года ва Украіне адзін дзень папярэдняга зняволення залічваўся за два дні адбыцця пакарання. 

Паводле сацсетак, korrespondent.net, kp.ua