Беларускія жанчыны за мірныя змены
У розных кутках Мінска сёння праходзяць мірныя акцыі беларускіх жанчын. Раніцай прайшоў флэшмоб на Камароўцы. Увечары некалькі тысяч дзяўчат і жанчын паўсталі ў ланцуг салідарнасці ўздоўж вуліцы Прытыцкага ў Мінску. Беларускія жанчыны выйшлі на мірную акцыю, якая доўжылася да 19-й гадзіны вечара, у знак пратэсту супраць дзеянняў сілавікоў і каб праявіць салідарнасць з пацярпелымі дэманстрантамі.
Акцыя насіла выключна мірны характар. Ланцуг салідарнасці расцягнуўся больш чым на кіламетр – ад ст. м. “Каменная горка” (вул. Лабанка) да ст. м. “Кунцаўшчына” (вул. Якубоўскага) уздоўж вул. Прытыцкага. Дзяўчыны стаялі з кветкамі, некаторыя трымалі самаробныя плакаты са зваротам да міру і з выказваннем любові да Беларусі. Хлопцы-мінакі частавалі дзяўчат цукеркамі, добраахвотнікі прыносілі пітную ваду, адзін мужчына раздаў цэлую карзіну марозіва. Машыны, якія праязджалі па Прытыцкага, сігналілі ў знак прывітання і падтрымкі, з некаторых аўто даносілася музыка Віктара Цоя “Перамен!”. Мужнасці жанчын апладзіравалі звычайныя мінакі і выказвалі словы падзякі. Падчас акцыі дзяжурылі два валанцёра, гатовыя ў выпадку патрэбы аказаць першую медыцынскую дапамогу.
На супрацьлеглым баку вуліцы дзяжурылі аўтазак, дзве машыны з АМАПам і легкавая машына міліцыі. Але на стан а 19-й гадзіне абышлося без затрыманняў. Жанчыны стаялі мірна, не выгуквалі аніякіх воклічаў. Адзінае здарэнне, якое адбылося, не мела дачынення да акцыі. Літаральна побач з грузавікамі АМАП здрылася сур’ёзная аварыя – збоку ад іх сутыкнуліся адразу тры легкавых машыны. Найбольш пацярпела апошняя з іх – моцна пашкоджаны перад легкавушкі.
А 19-й гадзіне жанчыны сталі разыходзіцца, пакідаючы кветкі ўздоўж дарогі ў знак салідарнасці з пацярпелымі дэманстрантамі. Тым не менш, засталіся стаяць каля 300 чалавек. Пасля сённяшніх акцый ёсць над чым задумацца, магчыма нават учыніць яго Днём беларускіх жанчын. Бо смеласці, адвагі і развагі беларусак варта павучыцца многім мужчынам. Нашы любімыя не толькі прыгожыя, але, як мы бачым па сённяшнім падзеям – яшчэ і мужныя.