«Беларусы — гэта ж не расійцы». Што думаюць украінцы памежжа пра ўступленне Беларусі ў вайну

Размовы пра паўторнае наступленне расійскага войска на тэрыторыю Украіны, у тым ліку з Беларусі, ходзяць практычна ўсе месяцы вайны. Але апошнім часам іх стала больш: некаторыя эксперты лічаць, што гэта можа здарыцца ўжо зімой. «Л*стэрка» спытала жыхароў двух памежных украінскіх гарадоў, што яны пра гэта думаюць.

ukraina_voyna_sumy_rossiyskie_tanki_08032022_01.jpg

«Калі "другая армія свету" не зламала нас у першыя месяцы, то цяпер у іх няма шанцаў»

Горад Камень-Кашырскі Валынскай вобласці, якая на поўначы мяжуе з Брэсцкай, баявыя дзеянні падчас наступу ў лютым не зачапілі. Туды не заходзілі расійскія вайскоўцы. Да нашай мяжы ад горада — каля 40 кіламетраў. Але яго 28-гадовая жыхарка Міла ў нашай краіне ні разу не была і адсюль нікога не ведае.

Затое ў яе бацькоў у Беларусі ёсць знаёмыя, сюды нават пераехаў хтосьці з іх аднакласнікаў. Ад бацькоў Міла ведае, што некалі беларусаў у Камень-Кашырскім было шмат: нехта прыязджаў гандляваць, нехта, наадварот, закупляцца мясцовымі таварамі. У яе асяроддзі многія ездзілі ў Беларусь самі: у госці да сваякоў і сяброў. Што з адносінамі ў іх цяпер, яна не ведае. Дзяўчына застаецца ў горадзе, хоць у пачатку вайны многія жанчыны з дзецьмі з’ехалі адтуль.

Вядома, у першыя дні горад ахапіла паніка. Гэта заканамерна. Мы з мужам і бацькамі не збіраліся нікуды выязджаць: у нас няма знаёмых ці родных за мяжой, усё, што мы маем, — тут, — расказвае Міла. — Засталіся і чакалі, што будзе далей. Трывога тады была ўвесь час, пастаяннае чаканне, што вось-вось — і да нас таксама нешта прыляціць. У першы дзень нават хадзілі размовы, што ўжо недзе едзе калона танкаў сюды… Тады мы яшчэ не маглі фільтраваць інфармацыю, верылі ўсяму, што чулі, і баяліся. Гэта, мабыць, быў самы напружаны перыяд.

Міла кажа, што з таго часу ў горадзе хадзілі размовы, што з Беларусі зноў могуць пайсці танкі і салдаты. За ўсе 11 месяцаў вайны яны практычна не сціхалі, але многія пачалі глядзець на гэта спакайней.

Да любога страху можна прывыкнуць, таму праз некалькі месяцаў я ўжо старалася гэтую інфармацыю не ўспрымаць сур'ёзна, каб застацца псіхічна ўраўнаважанай, — смяецца дзяўчына. — Гэтыя прадчуванні і хваляванні, размовы пра паўторны наступ з цягам часу сталі такой «нормай», так бы мовіць. Цяпер магу ўпэўнена сказаць, што мяне гэта ўжо не палохае.

Украінка лічыць: размовы палітыкаў, што новы наступ можа вось-вось пачацца, большасць яе жыхароў горада таксама не так трывожаць. Як і вучэнні, што праходзяць у суседняй Брэсцкай вобласці.

Мы чуем і тое, як у нашых вайскоўцаў ідуць вучэнні, разумеем, што жывём у перыяд ваеннага становішча, — тлумачыць Міла. — І не, нам не страшна, таму што ўжо прызвычаіліся. За такі доўгі перыяд мы ўжо можам думаць больш цвяроза, без лішніх эмоцый, і разумеем, што мы цяпер добра абароненыя. Мы ўпэўненыя ва УСУ на ўсе 100%.

Канцэнтрацыя расійскай тэхнікі мяне таксама не асабліва хвалюе. Я, зноў жа, веру ва УСУ і адчуваю сябе спакойна. Калі «другая армія свету» не зламала нас у першыя месяцы, калі мы былі найменш абароненыя, то цяпер у іх няма шанцаў: нашыя вайскоўцы паказалі, што мы выстаім любы напор.

granica_belarus_ukraina_zabor_noyabr2022.jpg

У лістападзе мінулага года ўкраінцы паказалі, як абараняюцца на мяжы з нашай краінай. Паводле слоў на той момант намесніка кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Кірыла Цімашэнкі, на Валыні, як і ў Жытомірскай і Ровенскай абласцях, вырылі равы, зрабілі насыпы, паставілі жалезабетонны плот з калючым дротам. Міла кажа, гэтае пастаяннае ўмацаванне мяжы таксама дае ёй упэўненасць, што ўсё будзе ў парадку. Але мясцовыя, па яе словах, у выпадку новага ўварвання гатовыя змагацца з чужымі вайскоўцамі. Ці будуць сярод іх беларусы, яна не ўпэўненая:

У мяне няма дзяцей, але ёсць муж. Што яго могуць забраць на вайну, я, вядома ж, вельмі баюся. Гэта самае моцнае перажыванне цяпер. Але людзі да наступу ўжо даўно гатовыя як маральна, так і фізічна. Большасць з тых, хто выехаў за мяжу, ужо вярнулася. Мужчыны гатовыя абараняць свой горад, блізкіх, у гэтым няма сумневаў. І хоць нашая вобласць «у топе» па колькасці загінулых і палонных байцоў, гэта не змяншае жадання мясцовых абараняць сваіх родных і сваю краіну. У выпадку наступу, мне здаецца, звычайныя беларусы не пойдуць сюды — толькі найміты Лукашэнкі. Я так думаю, арыентуючыся на відэа, што бачу ў сацсетках, і на тое, што многія беларускія добраахвотнікі цяпер ваююць, абараняючы Украіну.

«Усё было выдатна. Аж да таго, што да нас з Беларусі людзі ездзілі да стаматолага»

Яшчэ двое суразмоўцаў жывуць у Славуцічы. Гэта малады горад, які пачаў засяляцца ў канцы 80-х сем’ямі супрацоўнікаў Чарнобыльскай АЭС. Ён адносіцца да Кіеўскай вобласці, але знаходзіцца на тэрыторыі Чарнігаўскай. Да мяжы адтуль — 10 кіламетраў наўпрост, па дарозе да памежнага пераходу ў бок беларускага Камарына — каля 20. На машыне — 10−15 хвілін, расказвае 34-гадовая Ганна (імя змененае). Для гэтай украінкі суўдзел Беларусі ў дзеяннях Расіі — асаблівы боль: там, у Гомельскай вобласці, у яе жывуць родныя.

Да вайны ў нас з Беларуссю было ўсё выдатна. Там у кожнага сваякі, нашыя ездзілі. Станцыйная электрычка, што ідзе на ЧАЭС, спынялася ў Камарыне. Да нас беларусы прыязджалі, аж да таго, што да стаматолага зубы лячыць. На Дняпры (па ім і праходзіць мяжа) мы заўсёды адпачывалі, лавілі рыбку. Так, былі памежнікі. Але ўмоўна пальчыкам гразілі, каб на тэрыторыю Беларусі не заязджалі, і на гэтым усё. Усё выдатна было, што тут скажаш. Цяпер ні адпачынку, нічога. На Днепр сёлета ні купацца, ні на рыбалку ніхто не ездзіў. Да мяжы нельга падыходзіць… Людзі, вядома, цяпер баяцца, што ўсё паўторыцца. Жывеш у бясконцым страху. Не ведаеш, чаго чакаць.

Паводле слоў Ганны, мясцовым страшна паўтарыць першыя тыдні поўнамаштабнай вайны. Славуціч практычна не быў у акупацыі. Расіяне падыходзілі да яго з боку іншых населеных пунктаў Чарнігаўскай вобласці, знаходзіліся ў горадзе з 26 па 31 сакавіка, пасля чаго пакінулі горад і ЧЭАС.

Было страшна. Баявыя дзеянні на фоне Чарнігава ў нас, скажам, вяліся сціпла, памяркоўна. Калі яго бамбілі, у нас дрыжэлі вокны, дзверы і дамы (адлегласць паміж гарадамі — крыху больш за 40 км). Я з сынамі, ім 10 і 12 гадоў, начавала ў тамбуры, — расказвае ўкраінка. — Тады не ведалі, куды прыляціць, і вокны ў кватэры закрывалі чым толькі можна, пераварочвалі ложкі, матрацы ставілі, каб шыбы, калі што, не разляталіся. Рускія ў нас у горадзе былі тры дні. Людзі кажуць, што і беларусы тут таксама былі (не ведаю, праўда гэта ці не).

У пачатку вайны інфармацыя, што беларускія кадравыя вайскоўцы ўдзельнічалі ў наступе на тэрыторыю Украіны ў лютым 2022 года, была, але дагэтуль яна не пацвярджалася.

slavutich_2022_03_2.jpg

Яшчэ адзін жыхар Славуціча, мясцовы блогер, 63-гадовы Аляксандр Купны, расказвае, што ў першыя дні вайны з боку Украіны ўзарвалі мост праз Днепр, які акурат вядзе ў Беларусь. Ён мяркуе, што гэта перашкодзіла расійскім войскам зайсці яшчэ і праз яго. Але горад каля месяца прабыў у ізаляцыі.

Падвозу прадуктаў — ніякага. Ратавала тое, што ў нас шмат сеткавых супермаркетаў, і там былі добрыя запасы, але дзён за дзесяць скупілі ўсё, — успамінае мужчына. — Потым пачалі патроху вазіць гуманітарку на машынах па прасёлкавых дарогах, а назад на іх забіралі тых, хто хоча выехаць. З часам пякарні пачалі выпякаць хлеб. Раздавалі бясплатна, але па талонах і рэгістрацыі загадзя.

Са словаў Аляксандра, крамы хутка зачыніліся, быў перыяд, калі ўвесь Славуціч тыдзень сядзеў без святла. Гэта ўскладніла сітуацыю з прадуктамі: нават тое, што засталося і было нарыхтавана, стала складаней захоўваць. Як і гатаваць: горад не газіфікаваны, усе пліты ў дамах — электрычныя. Многія стараліся паспець купіць газавыя гарэлкі, хтосьці ставіў у дварах мангалы.

Мы месяц пражылі без ежы. Нават не памятаю, што тады елі. Перабіваліся, у каго якія былі запасы, выручалі адно аднаго, — дадае Ганна. — Мы на нейкі час з дзецьмі паехалі да бацькоў мужа, скаапераваліся па прадуктах з імі. Дзецям — найлепшае, сабе — што папала. Гэта жахліва, калі дзеці кажуць «хачу есці», а есці няма чаго асабліва — толькі бульба, суп, макароны. Свякроў хлеб пякла. Малодшы сын не есць салодкага, але шакаладкі ўвесь час хацеў: «Мама, дай салодзенькага». Быў цукар, вось яго яны і елі лыжкамі. Пазней ужо ў найбліжэйшыя вёскі, дзе не было рускіх, збіраліся, хто мог, і ездзілі купляць на ўсіх прадукты. А потым людзі з вёсак нешта пачалі прывозіць. Нічога, ведаеш, прывыклі! Памятаю, казала маме: «Усё перажывём — толькі б нас не бамбілі».

Цяпер мы ўжо адаптаваліся, напэўна. Калі ціха, паветраных трывог ужо нават не хапае. Раз іх доўга няма, ужо чакаеш, што будзе адзін дзень, але бамбіць нас будуць каласальна. Але трэба жыць, гатаваць есці, радаваць дзяцей. І мець інфармацыю хоць нейкую. Мы чытаем, куды ляцяць ракеты. Адсочваем, калі ў Беларусі вучэнні. Папярэджаны — значыць узброены.

ucheniya_teroborona_minsk_30082022_6.jpg

«А чаму беларусы не могуць пайсці на нас? Могуць!»

Ганна, як і Міла, кажа, што пасля перажытага за ўсе месяцы вайны ў мясцовых не знікала трывога, што з боку Беларусі войскі могуць пайсці зноў. Муж жыхаркі Славуціча з першых дзён служыць у мясцовай тэрабароне і ўвесь час яе супакойвае. Але сама яна лічыць, што нейкія баявыя дзеянні могуць пачацца.

Раз Беларусь дала сваю тэрыторыю, дазволіла такі крок — чакаеш, што гэта паўторыцца. Упэўненасці, што гэтага не будзе, няма ніякай. Мы з 24-га жывём з думкай «А раптам?». Страх нікуды не падзеўся. Мы стараемся не думаць, адцягвацца, але ён дзесьці назапашваецца. Нават калі еду да мамы (яна таксама блізка да мяжы з Беларуссю і Расіяй жыве), баюся не вярнуцца і адтуль. А не дай бог што там?

У мужа погляд на ўсё як у мужчыны — «усё будзе добра, ніхто нікуды не пойдзе». А я працэнтаў на 30 думаю, што нехта ўсе-такі сюды пойдзе. Але спадзяюся, што ўжо не так проста ім гэта зрабіць. Не буду падрабязна казаць, але па зямлі мы абароненыя, думаю. Нашыя стараюцца. Наогул, тое, што робяць нашыя мужчыны, — я нават не ведаю, як назваць. Слава і вялікая падзяка ім! Але я не адчуваю сябе абароненай. Мне здаецца, ва Украіне нельга нідзе быць абароненым: калі дамы як картачныя домікі складаюцца, як у Дняпры, пра што можна гаварыць?

Нават калі абыдзецца без непасрэднага наступу, Ганна баіцца, што расіяне могуць пачаць абстрэльваць горад.

Калі будуць нейкія ваенныя дзеянні, нам і ракет тут не трэба — за дзесяць кіламетраў Днепр, праз яго, нават не пераходзячы мяжу, можна па паветры абстрэльваць артылерыяй. Калі, умоўна, «Град» страляе на 40 кіламетраў, то нас можна проста засыпаць, зраўняць з зямлёй, — выказвае асцярогі ўкраінка. — Але людзі, напэўна, ад безвыходнасці застаюцца. Ехаць няма куды, працаваць і грошы зарабляць жа трэба. Усе запасаюцца прадуктамі. Калі раней дома стаяла бутэлечка сланечнікавага алею, то цяпер — літраў пяць. Таксама мука, цукар — усё стаіць па дзесяць кілаграмаў. Кожны купіў сабе газавыя гарэлкі. Але наогул сродкаў для выжывання, напэўна, не існуе: як і што будзе праходзіць (калі пачнецца), мы не ведаем.

Яшчэ жанчына вельмі перажывае, што могуць пачаць наступаць і беларусы. Яна ўпэўненая: калі нашая армія пойдзе са зброяй на ўкраінскія гарады, гэта паўплывае і на яе адносіны ў сям'і.

Я разумею, што мае родныя ні ў чым не вінаватыя. Але калі Беларусь далучыцца, не ведаю, можа нават зносіны з імі спыню. А чаму беларусы не могуць пайсці на нас? Могуць! Будзе загад — пойдуць. Тым больш не ўсе ж так падтрымліваюць Украіну, — лічыць суразмоўніца і яшчэ раз згадвае, што нашая краіна ўжо дала тэрыторыю Расіі для праезду тэхнікі і ракетных абстрэлаў. — Для мяне гэта будзе каласальны ўдар. Мы цяпер камунікуем, яны нас падтрымліваюць, перажываюць. І я разумею, што яны не ў сілах нічога зрабіць, але боль у душы, напэўна, будзе мацнець. Крыўда тады пойдзе на ўсіх.

«Мабыць, у Лукашэнкі няма ўпэўненасці, што войска падпарадкуецца і пойдзе вайной на Украіну»

Аляксандр у гэтым пытанні больш спакойны. Ён кажа, што ў яго і ў яго асяроддзі асцярогі вакол размоваў пра новы наступ ёсць, але «нязначныя».

Мост разбураны. А па лёдзе хто пойдзе? Дыверсійна-разведвальныя групы — могуць. Але каб маштабна праз нас — вельмі сумняваюся, не будзе гэтага, — разважае мужчына. — Паўтараць шлях праз Чарнобыльскую зону, як яны валілі першы раз і па сутнасці прайшлі як нож скрозь алей, — расіяне цяпер абломяцца. Іх ужо чакаюць у поўнай гатоўнасці. Нядаўна толькі там прайшлі поўнамаштабныя вучэнні — у зоне ЧАЭС і ў Прыпяці. Далей яны не пройдуць. Таму ведаеш, што цяпер такога не будзе, і неяк адчуваеш сябе больш упэўнена і спакойна.

Мужчына ўпэўнены, што Славуціч не цікавы чужым войскам як горад — у ім няма ваенных аб'ектаў і вялікіх прамысловых прадпрыемстваў. Да таго ж ён мяркуе, што войска Расіі і не зможа сабраць дастаткова жывой сілы, каб яшчэ раз напасці з поўдня Беларусі:

Моцна ў гэтым сумняюся. Ім важнейшы Данбас (гэта бачна цяпер па куламесе пад Салядарам, Бахмутам, Вуглядарам), чым на поўначы сунуцца на добра абароненую тэрыторыю. Так, яны будуць трымаць сваіх вайскоўцаў там і палохаць, каб мы свае ўзброеныя сілы адсюль не перакідвалі на Данбас. Будуць вучэнні, бразганне зброяй, псеўдамабілізацыйныя мерапрыемствы.

Яшчэ больш Аляксандр перакананы, што беларусы не далучацца да расіян, калі тыя ўсё ж збяруцца з поўначы нападаць на Украіну. На яго думку, нават калі ўлады аддадуць такі загад, беларуская армія не стане яго выконваць:

Мабыць, у яго [Лукашэнкі] няма ўпэўненасці, што войска падпарадкуецца і пойдзе вайной на Украіну. Можа, ён баіцца яе страціць і таму ідзе на саступкі Пуціну: выкарыстоўвай маю тэрыторыю, тэхніку — на, што табе трэба, забірай. Вучэнні — няма пытанняў. Войскі свае — ну, давай нейкі кантынгент. Сумесную групоўку нейкую ствараюць жа. Але, кажуць, па колькасці яна не такая значная, каб уяўляць пагрозу для Украіны. Але каб самому ўвязвацца — думаю, ён не хоча. Мабыць, калі ўвяжацца, гэта наблізіць яго канец. Ён спрабуе лавіраваць. І каб уладу ўтрымаць, і каб народ не ўзбунтаваўся і армія. Яна ж можа зброю супраць яго накіраваць, прынамсі нейкія часткі. Бо самае цяжкае — першаму сказаць «не», а калі з'яўляецца агульны настрой пратэставаць, астатнія тут жа падцягваюцца. Беларусы — гэта не расіяне.

У Расіі ўсё асабліва жорстка, там стопрацэнтна паліцэйская дзяржава, уздыхнуць, сказаць слова — і па галаве прылятае, — працягвае Аляксандр. — У вас усё-такі па-іншаму. І гэта дае ўпэўненасць, што менавіта беларускі народ і беларускае войска ваяваць з Украінай не пойдзе. Гэта маё асабістае меркаванне, яно склалася з таго, што я пачытаў на гэтую тэму ў розных крыніцах.

Ён, як і Ганна, дадае, што горад гатовы абараняцца, калі бяда ўсё ж прыйдзе.

Пры гэтым мужчына кажа, што за час вайны, нягледзячы на ўсе падзеі, стаўленне да беларусаў у жыхара памежнага Славуціча не пагоршылася. Ён мяркуе, што яно не зменіцца і ў будучыні. Мужчына тлумачыць, што раздзяляе людзей і ўладу:

Я думаю, што гэта прыгнечаны дыктатурай Лукашэнкі народ. Таму, калі расійскія войскі збяруцца і ён дасць дабро — гэта ягоная адказнасць. Хтосьці можа запярэчыць: «Ну як жа, хай выходзяць, хай будзе майдан». У нашых народаў розны менталітэт. Гэта не добра і не дрэнна — гэта факт. Наш народ усвядоміў, што мы можам аб’яднацца і не баяцца ўлады. Можа, таму, што ва Украіне ніколі не было жорсткага рэпрэсіўнага апарату, нас не запалохалі, як у Расіі і Беларусі.

Магчыма, таму, што ў нас толькі два прэзідэнты абіраліся на два тэрміны — змяняльнасць улады таксама шмат значыць. Калі адзін прэзідэнт, людзі страчваюць веру, што могуць нешта змяніць. Так, мы мяняем гэтых прэзідэнтаў, і нешта зноў не так (смяецца). Але мы прынамсі мяняем! Перабіралі і выбралі Зяленскага, маладога, амбіцыйнага. Так, да яго былі пытанні, але як толькі пачалася вайна — ён на сваім месцы, яго вельмі паважаюць. Яшчэ амаль год кожны дзень у гэтым стрэсе запісвае відэазвароты. Я лічу, што гэта вынік прэзідэнцкай селекцыі (смяецца). І я б вельмі хацеў, каб вы прыйшлі да таго ж.

zelenskiy_lychakovskoe_kladbishche_lvov_mogily_soldat_vsu_2.jpeg

У Ганны погляд на сітуацыю іншы. Жанчына кажа, што стаўленне да суседняй краіны, куды яшчэ нядаўна ездзілі ў госці і дзе так любілі бываць, змянілася нават у яе сыноў.

Дзеці за гэтыя месяцы моцна пасталелі. Нават падчас блакады нічога не прасілі — ведалі, што цяпер жывём так. І да Беларусі ў іх цяпер ёсць непрыязнасць: цяпер жа ўсё на слыху. Яны нават у гульні анлайн гуляюць, бывае, і з Расіі, Беларусі з'яўляюцца дзеці, некаторыя пачынаюць абзываць. Мае таксама абараняюць сябе, сваю краіну, а потым пытаюцца: «Мама, а за што да нас так ставяцца? Мы ж нічога дрэннага ім не зрабілі». І крыўда ёсць, і неразуменне, чаму так, мы ж столькі разоў ездзілі ў Гомель, адпачывалі, хросная адтуль у іх, і нават дзесьці нянавісць. Гэтая нянавісць, напэўна, яшчэ маім унукам перадасца. Але мы спрабуем тлумачыць дзецям: дай бог, усё ўстаканіцца, будзем зноў бачыцца, усё наладзіцца.

Сама ж Ганна кажа, што ў нашую краіну прыязджаць больш не гатовая:

Да нас беларусы хай прыязджаюць — усіх гасцей прыму. Мы ж украінцы, добрыя, умеем дараваць, любіць. У нас жа нават да рускіх няма нянавісці, як яны нас ненавідзяць, — толькі неразуменне, за што да нас такое стаўленне. Але сама я ў Беларусь не паеду. Быў момант, калі трэба было бегчы. І можна было выехаць са Славуціча праз Беларусь. Але я не змагла паехаць праз краіну-здрадніцу, якая дазволіла бамбіць нашыя гарады. Сказала, што лепш тут памру. І дагэтуль не ведаю, што мяне можа змусіць паехаць туды.