«Мы намагаліся не дыхаць, каб была магчымасць пачуць, хто адгукаецца з-пад завалу»

На трэці дзень трагедыі — калі яшчэ была кволая надзея знайсці пад завалам ацалелых людзей — на месцы апроч ратавальных службаў неслі варту дзясяткі валанцёраў і неабыякавых людзей, дапамагаючы як пацярпелым, так і працаўнікам. «Новы Час» сабраў іх гісторыі.

photo_2023_01_26_01_16_49__2__logo.jpg

 

Гісторыя Анастасіі

— Я — прадстаўніца гуманітарнай місіі амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі, што дапамагае ў першую чаргу ежай і прадуктамі харчавання. Да таго ж гэта першая сітуацыя, звязаная з вайной, бо дагэтуль яны дапамагалі там, дзе здараліся стыхійныя бедствы. Але ва Украіне яны амаль год. Зараз выконваем місію па ўсіх гарадах, дзе неабходна дапамога. Прыязджаем на прылёты на працягу гадзіны, разгартаем намёты, пачынаем гадаваць людзей цёплай ежай, гарачымі напоямі. Як цывільных, так і ўсе службы, што працуюць.

Прыехалі на месца трагедыі праз 10 хвілін пасля выбуху, праз гадзіну ўжо аказвалі дапамогу. З часам вакол разросся цэлы гарадок з валанцёрамі.

Анастасія Ерак

Анастасія Ерак

«Гулі сірэны, а яны пабеглі сюды з ежай, адзеннем»

— Я сама жыву побач, па гуку адчула, што гэта прылёт, а не ППА. Першая рэакцыя — шок. Бо на працягу ўсёй вайны я бачыла такое толькі на фотакартках маіх калег: у Запарожжы была падобная сітуацыя, у Кіеве. Але для Дняпра гэта такія флэшбэкі ў 2007, калі таксама тут непадалёк была падобная сітуацыя: выбухнуў газ у жылым масіве і таксама не стала цэлага пад'езда. Але тады гэта была воля лёсу, а цяпер гэта ўсё проста ад ракетнага пуску, на які даў наводку канкрэтны чалавек. Эмоцыі проста распіраюць.


Паколькі я прыбегла адна з першых, калі тут была толькі адна пажарная машына, яшчэ нават хуткіх не было, то бачыла вялізную колькасць людзей, што выбягалі, крычалі, шукалі сваіх родных. Людзі ў крыві, у незразумелым эмацыйным стане. Мабыць, тыя першыя хвіліны і былі для мяне наймацнейшымі эмацыйна, найбольш жорсткімі і балючымі і, вядома, хвіліны маўчання: калі падчас ратавальных работ мы намагаліся не дыхаць, каб была магчымасць пачуць, хто адгукаецца з-пад завалу.

Цяжка, канечне, усё гэта вытрымліваць, але дапамагаюць сіла і энергія людзей, бо незлічоная колькасць ахвочых дапамагчы, украінцы зноў аб’ядналіся, паказалі, які мы моцны і адзіны народ. Мы прывезлі сюды за 2 гадзіны 400 порцый, але ж людзі пачалі прыносіць нешта і самі. Нехта, напрыклад, прынёс свой абед, які браў на працу, нехта наварыў баршчу, прынёс з рондалем сюды. На пачатку працавалі без генератара, бо трэба было трымаць цішыню для пошуку людзей, таму мы не маглі рабіць цёплыя напоі без электрыкі. І людзі пачалі дома кіпяціць імбрыкі і прыносіць нам кіпень у тэрмасах.

Вось такая салідарнасць уразіла. І людзі ж не пабаяліся, бо ўвесь гэты час трывала паветраная трывога, гулі сірэны па горадзе, дбаючы пра бяспеку след было сядзець у падвалах ці сховішчах, а яны пабеглі сюды з ежай, адзеннем… Пыталі: «Што рабіць? Дайце нейкае заданне».

photo_2023_01_26_01_04_13_logo.jpg


«Я не жадаю ім смерці»

— Я вельмі не люблю спараджаць у сабе гнеў, лічу, што гэта пачуццё негатыўнае, якое нас руйнуе ўнутры. Таму я — хоць гэта вельмі складана — намагаюся захоўваць усё ж міратворчае пачуццё ў сабе, стараюся думаць не пра тых, скажам мякка, злыдня, што гэта ўчынілі, а пра тое, як можна дапамагчы, як зараз быць карыснымі пацярпелым. Таму акумулюю ўсю сваю энергію на дапамогу, на перамогу і вельмі не хачу пладзіць у сабе негатыў. 

Ні ў якім выпадку не жадаю нікому з насялення, з жыхароў краіны-агрэсара чагось кепскага, не жадаю ім смерці. Зычу ім хаця б паспрабаваць адчуць і зразумець наш боль, можа, гэта зменіць у іх галовах вектар думак.

«Твайго дома ў любы момант можа проста не стаць»

— Адчуванне трывогі, мне здаецца, нас ніколі не пакідала. Кожная сірэна, як бы мы не заспакойвалі сябе, усё адно параджае думкі, што можа стацца трагедыя. Гэтым разам быў просты жылы будынак у вельмі густанаселеным масіве — вось, што страшна, наўпрост трэмар у душы. Ведаю, што некаторыя з бацькоў казалі сваім дзецям: «Пабудзь лепей дома, тут бяспечней, не хадзі на вуліцу». І, на жаль, цяпер гэтых дзяцей няма. Прыйшло разуменне, што твой дом больш не ёсць тваёй крэпасцю і ў любы момант яго можа проста не стаць.

Але я веру ва УСУ і ў нашу перамогу. Нават не веру, а дакладна ведаю, што мы пераможам! Цяпер толькі гэтага і чакаю. 

Гісторыя Веры
photo_2023_01_26_01_05_41_logo.jpg


Вера працуе ў салоне прыгажосці, яна не валанцёр, але намагалася прынесці для дапамогі цёплыя рэчы — не прынялі, бо патрэбу закрылі вельмі хутка.

— Гучна было, страшна, клуб дыму. Загінула наша суседка, у якой засталіся два дзіцёнкі. Звалі Іра, лекар-стаматолаг, было ёй 38 год, засталіся дачка — 5 год, хлопчыку 13. Загінула таксама яе сяброўка. Яны нават не жылі ў гэтым будынку, а проста праходзілі міма. Ішлі на трэніроўку. Дзеці былі дома. Цяпер з бацькам засталіся адныя.

Страшна было, калі ў першыя хвіліны не магла дазваніцца да свайго дзіцёнка — была на працы. Прабегла 4 прыпынкі за 15 хвілін у тапках, як была на працы — бегла хутка дамоў, каб проста дазнацца, ці жывыя мае, бо пабачыла з вакна клуб дыму побач са сваім будынкам. Ён апынуўся крыху далей. Не змагла дазваніцца, таму і бегла, усё кінуўшы на працы.

Намагаліся дапамагчы, муж адразу ўзяў лом, рыдлёўку, але цывільных не падпускалі, бо працавалі ўжо ратавальнікі. Засталося толькі чакаць, дапамагаць людзям. А тым, хто застаўся без блізкіх, ужо нічым не дапаможаш.

«Трагедыя па ўсёй Украіне, гэта страшна»

— Раней такіх вялікіх трагедый у Дняпры не было…

— Былі. Гінуць жа людзі. Якая розніца колькі: шмат ці адзін чалавек? Усё адно гэта ўсё трагедыі. І ў цэнтры былі прылёты, і на левым беразе. Так, у нас шмат перасяленцаў, бо ў іх рэгіёнах яшчэ горш, але і ў нас трагедыя — трагедыя па ўсёй Украіне, гэта страшна.

«Мірныя людзі загінулі,  гэта звычайны тэрарызм»

— Ехаць з краіны не хачу. Ніхто з маіх знаёмых праз гэты выпадак не вырашыў выязджаць. Наадварот, усе хочуць дадому. Просім пра дапамогу міру ад усяго свету. Дзякуй, канечне, што дапамагаюць, але ж гэты жах не спыняецца. Мірныя людзі загінулі, як па мне, гэта звычайны тэрарызм.

— Якія пачуцці да тых, хто да гэтага датычны?

— Ніякіх. Я нават не хачу пра гэта думаць. У мяне пачуцці да тых людзей, хто тут: я ганаруся тымі, хто ратуе людзей, хто дапамагае. А пра тых нават не хачу думаць, толькі хачу, каб спынілі іхнія дзеянні як мага хутчэй. Я так разумею, яны толькі сілу разумеюць, бо санкцыі на іх не працуюць.

— На колькі зараз у Дняпры вялікія праблемы са святлом, вадой?

— Ды няма ў нас ніякіх вялікіх праблем. У нас бяда толькі адна — снарады, што б’юць па нас, забіраюць жыцці людзей. Няхай гэта спыніцца, іншых патрэб мы не адчуваем. Нават, калі я пасяджу без святла, інтэрнэту, шчыра, я гэта не лічу праблемай на фоне таго, што робіцца…

У мяне дзіцёнак ёсць, сям’я: мама прыехала з акупаванай тэрыторыі, з Мелітопаля. Мама таксама хоча дадому, як і ўсе, але ва ўкраінскі Мелітопаль. Пакуль жа ён акупаваны. Выязджала яна першага ліпеня. Гэта было вельмі цяжка, доўга не маглі яе забраць. Але нам пашанцавала: ехаў знаёмы, забраў яе. Мая сям’я надае мне сілы. Мая праца — люблю яе. Раблю жанчын прыгажэйшымі, нават у такі час людзям гэта трэба.

Гісторыя Вольгі

Вольга Куварава

Вольга Куварава

Вольга Куварава адной рукой падтрымлівае вогнішча, другой разлівае боршч і гарбату. Чарга ахвочых вялікая: і людзі, што аглядаюць свае пашкоджаныя кватэры, і паліцэйскія, і ратавальнікі, і нават журналісты. Жанчына з паплечнікамі разгарнулі свой пункт харчавання ў двары прамака насупраць дзіры, дзе яшчэ тры дні таму быў звычайны пад’езд. Вольга распавядае, як іх, людзей з абсалютна розных сфер, ужо амаль год аб’ядноўвае валанцёрская дзейнасць па ўсіх гарачых кропках:

— Пачулі выбух, адразу дазналіся, дзе здарылася гора, пачалі дазнавацца, што трэба. Зразумелі, што хлопцы з ДСНС і з паліцыі тут працуюць проста бесперапынна, што ім патрэбны цяпло і ежа. Арганізавалі буржуйкі, узялі з дому рондалі, ваду, прыехалі сюды, атрымалі дазвол, каб дапамагаць, і вось з першага дня тут.

А ўвогуле валанцёрым з першых дзён вайны. Спачатку эвакуявалі людзей з Харкава і вобласці, потым з Данецкай, Луганскай абласцей. Прасцей сказаць, дзе нас не было, чым, дзе мы былі. Тут сабраліся людзі з розных арганізацый: хто можа, той тут.

Увогуле хлопцы нашыя — прыватныя прадпрыемцы. Нехта на службе ў дзяржсектары. Я сама да вайны вырабляла цацкі ручной работы. Ёсць пара — у іх скаўцкая школа свая. У валанцёрства прыйшлі людзі з розных сфер.

«Гора людское паўсюль»

— У розных рэгіёнах уражвае штось сваё. Дзесь знішчаныя гарады цэлыя, недзе лякарні, поўныя нашых хлопцаў. На херсонскім напрамку ўразіла колькасць ракет на квадратны метр, там на ўездзе жывога месца няма. Увогуле гора людское паўсюль. А гэта трагедыя ў Дняпры… Калі да таго нашыя сэрцы былі разбітыя, то цяпер яны проста разляцеліся на аскепкі.

— Дзе сілы знаходзіце, што дапамагае трымацца?

— Што тычыцца асабіста мяне — то сіла ў хлопцах, УСУ. Калі чуеш ад іх падзяку, бачыш іхнія вочы, усмешкі, гэта і падтрымлівае. Хто з першых дзён вайны пачаў валанцёрыць, то шмат разоў было такое, што рукі апускаюцца і не стае сіл. Але калі тэлефануюць хлопцы, то падымаешся з любога ложку ці з канапы і робіш сваю працу.

У мяне асабіста з родных няма нікога на фронце, але з некаторымі хлопцамі настолькі ўжо за гэты час парадніліся, што называем адно аднога сям’ёю. Зараз раскіданыя ўсе па розных напрамках.

Мне здаецца, што ў мяне ўвогуле няма страху. Калі едзеш на той жа Данбас, патрапляеш пад абстрэлы, то не па сабе, страшна робіцца. Але спрацоўвае самазахаванне, а так усё адно едзеш, бо патрэбна дапамога.

Вельмі моцна мясцовыя дапамагаюць. Як што трэба, то адразу людзі прыносяць. 

— Вы заўсёды на ўкраінскай размаўляеце?

— Я практычна ніколі не размаўляла на ўкраінскай, навучалася ў трох рускамоўных школах, інстытуце рускамоўным. Раней з маёй украінскай смяяліся, цяпер больш практыкуюся, папаўняю запас.

Гісторыя Алёны

Алёна Піліпенка

Алёна Піліпенка

Алёна Піліпенка тату-майстар і ў вольны час мастачка: піша карціны і ладзіць дабрачынныя выставы. За месяцы вайны дзяўчына прынцыпова перайшла на ўкраінскую мову і нават пачала весці ўкраінамоўны падкаст пра секс-адукацыю. Ад першага дня трагедыі ў Дняпры дзяўчына, нягледзячы на працу, дзяжурыць на месцы і дапамагае, чым можа:

— Я жыву тут непадалёк, у момант трагедыі была на працы, але як скончыла, усё ніяк не магла супакоіцца, пастаянна сюды прыходзіла, бо было вельмі трывожна. Учора не магла спакойна сядзець дома, узяла рэчы, прыйшла сюды і засталася літаральна да ночы. Спачатку сартавалі рэчы, якія людзі далі на дапамогу. А потым дапамагала чай разліваць. Сёння мне на працу па абедзе, але раніцай прачнулася і таксама сюды прыйшла, бо дома не ведаю, куды сябе падзець. Я ўражаная тым, як дняпране ўсе сабраліся, проста слёзы выступаюць. Учора, калі збіралі рэчы, нехта проста з сябе зняў шапку і аддаў на дапамогу: праходзіў міма, не ведаў чым яшчэ дапамагчы. Ад гэтага аж сэрца ёкае.

photo_2023_01_25_14_31_29_logo.jpg

«Мне не хочацца плакаць, бо я тут»

— Вось проста жывеш жыццё, звыкаеш пакрысе да вайны, а такі выпадак нібы ацвярозіў мяне, вярнуў да рэчаіснасці, захацелася зноў нешта рабіць, каб дапамагаць, набліжаць перамогу. Спакойней, калі я тут, бачу ўсё на ўласны вочы. Уяўляю, як цяжка тым людзям, хто ў Кіеве, ці ўвогуле за мяжой. Мне людзі здалёк тэлефануюць, пытаюць, як мы тут. На адлегласці многія людзі проста плачуць без перапынку. Мне ж не хочацца плакаць, бо я тут. Можа таму, што я трывожны чалавек.

Спачатку было страшна праз тое, што гэта трагедыя сталася так блізка. Але калі я пабачыла, як людзі сплаціліся, якая салідарнасць тут — то стала значна спакайней.

— Якія пачуцці цяпер?

— Цяжка сказаць: вельмі шмат пачуццяў. Больш злосці. Усё больш радыкалізуюся ў стаўленні да расейцаў, не без гэтага. Хочацца крычаць пра гэта, распавядаць пры магчымасці, не сядзець на месцы. Гэта трагедыя вельмі мабілізавала мяне.

Але з пачатку вайны я перастала маляваць зусім. Было вельмі цяжка, была поўная арт-блакіроўка. Але за паўгады я амаль вылекавала дэпрэсію, і ў пэўны момант я стала бліжэй стасавацца са сваімі бацькамі і гэта мяне натхніла насамрэч. Праз такія падзеі давялося пасталець, лепей зразумець бацькоў. Я пачала маляваць зноў. З’явілася думка пра вольнае і мірнае неба над Украінай, менавіта так і з’явілася выстава: я за месяц намалявала 15 карцін, гэта ўсё сюжэты з нашага Дняпра, паўсюль вельмі шмат неба. Вось так мяне пераключыла: паўгады нічога не магла зрабіць абсалютна, а потым малявала літаральна кожны дзень без перапынку.

Зараз я таксама бачу пэўны рэсурс. Гэта не тое, каб натхненне, а хутчэй шлях рэалізацыі і сублімацыі сваіх эмоцый, якія трэба кудысь выплёскваць.


«Брыдка размаўляць па-руску»

— Распавядзіце пра Днепр.

— Горад жыве. Усе адно аднога падтрымліваюць, нават са святлом зараз значна лепш становішча. Не надта шмат зараз нейкіх забаўляльных мерапрыемстваў, ну гэта і зразумела. Але калі нешта такое праводзіцца, то там ідзе і збор грошаў на войска ці проста дапамогу людзям, што церпяць ад вайны.

Днепр заўсёды збольшага быў рускамоўным горадам. Я сама ўсё жыццё з дзяцінства размаўляла па-руску, у мяне так склалася, што тата мой з Мардовіі — гэта таксама калісь была краіна, а зараз можна сказаць, акупаваная тэрыторыя. Але з кожнай трагедыяй мне рабілася ўсё больш брыдка размаўляць па-расейску. І з кожнай смерцю, з кожнай такой гісторыяй прачынаецца жаданне размаўляць на роднай мове. А яна ў нас яшчэ такая мяккая і мілагучная. І калі еду маршруткай па горадзе цяпер, то нібыта я ў Львове: вельмі шмат стала чуваць украінскай мовы. І гэта вельмі прыемна, сэрца поўніцца любоўю, калі чуеш, як людзі намагаюцца пераходзіць. Раней такога не было, нават часта людзі здзіўляліся, калі нехта выключна па-ўкраінску размаўляў. Цяпер жа абсалютна іначай усё, няма такой няемкасці.

Мне было складана спачатку, але зараз гэта дадае пэўнага рэсурсу мне. Шкада, што пры такіх абставінах.

Я з дзяцінства вельмі люблю Днепр. У нас ёсць вельмі шмат прыгожых месцаў, пра якія мала хто ведае насамрэч. Быў бы час, я б вам паказала. Мне падабаецца такая індустрыяльная жылка Дняпра. Я калі малюю, у мяне шмат панэльных будынкаў, дратоў, чыгуначных шляхоў, мастоў. Для мяне гэта эстэтыка, а ў Дняпры такога вельмі шмат.

Вельмі люблю наша метро. Яго ніяк не дабудуюць, і то насамрэч яго фішка. Пра метро калісь здымалі дакументальны фільм. Але атрымалася такая трохі драма, пра тое, як выжываюць людзі, што працуюць у метро. Ды ёсць нават такі жарт, што дняпроўскае метро — гэта адзінае месца ў горадзе, дзе можна пабыць у адзіноце. Ранкам і вечарам ездзяць працаўнікі заводаў, а ў астатні час там нікога практычна няма. А самі станцыя таксама вельмі цікавыя — як іншае вымярэнне часу.

— Якія чаканні?

— Вядома, чакаю перамогі. Я часам нават фантазую, як гэта будзе, калі пачую, што мы перамаглі.

Гэта як аргазм. Хаця… часам сумна пра гэта думаць, нібыта ніколі гэтага не станецца, а часамі гэта тое, што дае сілаў, натхняе, хочацца дзеля гэтага працаваць. Як у дзяцінстве, марыў пра новы тэлефон і пастаянна нешта для гэтага рабіў.

Якія яшчэ чаканні… Навучылася яшчэ жыць без вялікіх планаў і чаканняў, жыць сённяшнім днём і існым момантам. Раней мела грандыёзныя планы, зараз план — пражыць дзень, паспрабаваць дапамагчы іншым.

Фота Алеся Мінава