Жыхарка разбуранага дома ў Дняпры: Адчуваю бязмежны боль і адчай. І гэта ў нас на пакаленні

Ксенія Башыбулар з Дняпра апошнія некалькі дзён ночыць у сяброў, а днём збірае рэчы з сваёй кватэры, напаўразбуранай пасля прылёту расійскай ракеты 14 студзеня. Гісторыя дзяўчыны абвяргае тэзіс пра тое, што двойчы ў адно месца не трапляе. 

Знішчаны выбухам пад'езд. Фота: Алесь Мінаў, 16.01.2023, Днепр.

Знішчаны выбухам пад'езд. Фота: Алесь Мінаў, 16.01.2023, Днепр.

З Ксеніяй сустракаемся ў двары сумнавядомага шматпавярховіка ў Дняпры. Тут яшчэ вядуцца ратавальныя работы, але шанцы знайсці жывых людзей ужо нулявыя. Яшчэ чатыры дні таму з вокнаў яе кватэры быў бачны той самы пад’езд, цяпер ад яго засталася куча бетону, пад якім дзясяткі людзей, а замест саміх шыбаў у кватэры — наспех прыбітая фанера.

— Я нарадзілася ў Дняпры. Я валанцёрка з 26 лютага і па сённяшні дзень. Дапамагалі спачатку ўсім, цяпер у прыярытэце вайсковыя, бо большасць валанцёрскіх рухаў арыентуецца на цывільных, а вайскоўцы застаюцца крыху па-за ўвагай. Я спявачка, будучы айцішнік... калі ўсё атрымаецца.

Ксенія Башыбулар ля свайго пад'езда. Фота: Алесь Мінаў, 16.01.2023, Днепр.

Ксенія Башыбулар ля свайго пад'езда. Фота: Алесь Мінаў, 16.01.2023, Днепр.

— Спявачка ў мінулым ці зараз таксама?

— Я і зараз спяваю, але гэта была мая асноўная праца, я выступала на прыватных івэнтах, прыгожых шчаслівых святах… Зараз жа такога няма.

Меліся шырокія планы на 2022 год, у нас было падрыхтавана 5 песень, якія яшчэ не выйшлі. Яны напісаныя расейскай мовай — да пачатку поўнамаштабнага ўварвання я размаўляла па-расейску ў асноўным, а па-ўкраінску казала ўжо калі была патрэба, калі нехта звяртаўся. З пачаткам вайны праект прыпыніўся, і я пайшла ў валанцёрства. На маю думку, я там была больш патрэбная. 27 студзеня выйдзе нарэшце песня, якую мы зрабілі з кіеўскім саўнд-прадзюсерам, гэта рэмікс на песню «Пісня буде поміж нас». Як па мне, вельмі сімвалічны тэкст.

— Калі сюды прыляцела ракета, вы былі дома?

— Не, мы вярталіся з гуманітарнай місіі — ездзілі на Херсоншчыну ў сяло Станіслаў. Там літаральна 4 кіламетры — і самі ведаеце хто (мяне ўжо баніць Інстаграм, таму я нават не ведаю, як іх называць). Мы вярталіся праз суседнія сёлы, напрыклад, Аляксандраўку — знішчаная ўшчэнт вёска, аніводнай хаты няма ацалелай. Я плакала, бо ўпершыню пабачыла, што вёскі няма абсалютна, вакол пабітая тэхніка ў дварах, на вуліцах. Нас спынілі вайскоўцы і адзін пытае: «А чаго ты плачаш?» А я не ведаю, што яму сказаць, вось як яму патлумачыць? Пад уражаннем такім была.

5_469_logo.jpg

Так выглядае частка будынка, дзе знаходзіцца і кватэра Ксеніі. Фота: Алесь Мінаў, 16.01.2023, Днепр.

Так выглядае частка будынка, дзе знаходзіцца і кватэра Ксеніі. Фота: Алесь Мінаў, 16.01.2023, Днепр.


І вось мы выязджаем, і мне тэлефануе сяброўка, якая жыве тут у суседнім квартале. У яе быў голас, які я запомніла назаўсёды, нават не ведаю, як яго можна апісаць, вельмі страшны. Яна кажа, што хутчэй за ўсё — а тады ж яшчэ праблемы з сувяззю былі — гэта ў мой дом прыляцела. Я адразу папрасіла пайсці паглядзець, праверыць. Але ж дацяміла, што ў Дняпры маштабная трывога, могуць быць яшчэ прылёты, кажу ёй: «Не, сядзі ва ўкрыцці, не ідзі нікуды…» Сама праз знаёмых вайскоўцаў пачала дазнавацца, тэлефанавала ўсім, хто быў у горадзе. Пытала проста «Дзе?» Бо мама мая была дома, сувязі з ёй няма.

Таму калі гэтай інфармацыі яшчэ не было ні ў пабліках, ні ў навінах, я ўжо ведала, што гэта мой будынак, а да мамы не магла дазваніцца яшчэ хвілін 15. Калі ты на адлегласці, то гэта жах. Ты ў дарозе за 5-6 гадзін, а сувязі ні з мамай, ні з сястрой няма. Мы яшчэ на бусіку з прычэпам — хутка ехаць не можам.

Потым дазванілася. Мама была ў жудасным стане, мне давялося проста крычаць у слухаўку: «Апраніся! Збяры рэчы!» Я выключыла ўсе свае эмоцыі і проста кіравала ёй, бо быў шок. А дзверы ў кватэру ад выбуховай хвалі замкнуліся. Дапамаглі суседзі — добра, што яны былі дома — выбілі замок і адчынілі.

Пазваніла сяброўцы, папрасіла прыехаць, забраць маму. Што я магла зрабіць за сотні кіламетраў? Яны там нейк знайшліся ўжо, бо ў мяне канчаткова знікла сувязь.

Адразу прыехалі сюды, паглядзелі, што тут адбываецца: столькі гора, такі адчай… Нам пашанцавала, што ўсе жывыя, здаровыя фізічна. Ментальна будзем яшчэ працаваць. Кватэра для жыцця не прыдатная. Увогуле незразумела пакуль, што будзе з будынкам.

Так выглядала кватэра пасля выбуху. Фота Ксеніі.

 — Калі вы прыехалі, вас пускалі ўжо ў будынак?

— Слухайце, мне здаецца, што я гатовая была ўсіх разнесці, хто б не пусціў. Спачатку не хацелі пускаць, а я кажу: «Гэта мой дом». Вайсковыя мяне адвялі да паліцыі, праверылі дакументы, і ўжо разам мы зайшлі. Гэта насамрэч правільна. Увогуле прыемна ўражвае работа ўсіх службаў: як яны аддана дапамагаюць, ніхто тут за свае рэчы, якія засталіся, не хвалюецца. Бо першым маім пытаннем было, хто будзе адказваць за бяспеку — такі практычны падыход, думала ўвогуле заставацца тут, каб марадзёраў не было. Але паліцыя тут была ад пачатку і сказалі, што будуць пастаянна дзяжурыць.

Калі шчыра, нават не памятаю сваіх эмоцый тады. Боль, роспач, ты не разумееш, што далей. Вельмі было страшна заходзіць у кватэру, я нават цяпер не памятаю, як гэта адбывалася. Магчыма, гэта такая абарончая рэакцыя арганізму. Вельмі шмат плачу й гора навокал, вельмі гнятучая атмасфера.

— Дзе вы цяпер жывяце?

— Мама ў сястры, а я гэтыя дзве ночы правяла ў сяброўкі, бо ў сястры трое дзяцей, а кватэра невялікая. А зараз іншая сяброўка надала сваю кватэру, бо сама за мяжой.

— А сюды калі магчыма будзе вярнуцца, ёсць нейкія звесткі?

— Не, увогуле няма ніякай інфармацыі. Зараз тут жыць абсалютна нерэальна. Тут і гукі работ, і пах гарэлага паўсюль, няма камунікацый абсалютна. Я нават не ведаю, колькі часу спатрэбіцца. Вокны абяцаюць паставіць на працягу некалькіх тыдняў, але ці можна будзе тут жыць, не ведаю.

 Гэта ў нас другі раз. Таму псіхалагічна вельмі цяжка нават проста тут знаходзіцца невыносна.

У 2007 годзе ў маім пад’ездзе адбыўся выбух бытавога газу. Мне было 14. Я памятаю проста дэталі. Субота, 10:26.

У мяне былі пашкоджанні амаль несумесныя з жыццём, лекары казалі, што я проста пацалаваная Богам, бо з такімі траўмамі людзі звычайна не выжываюць. Амаль год я была ў лякарні. Тады, на шчасце, нікога не было дома, я была адна. Але бацькам давялося перажыць сапраўднае пекла, бо спачатку было нават невядома, ці буду я жыць…

Гэта зараз ацалела кватэра: можна нейкія рэчы забраць. А тады ўвогуле нічога не засталося. З ратавальнікамі маму паднялі на кране, каб можна было проста для памяці нешта ўхапіць. Таму ў нас нават фатаграфій з майго дзяцінства няма.

Тады мама доўга займалася кампенсацыямі маёмасці: запісвала, што магла ўзгадаць. Цяпер гэтым ужо буду займацца я, каб троху маму зберагчы ад гэтага ўсяго.

Калі шчыра, я як валанцёр троху звыкла, больш-менш спакойна пачала ставіцца да сапраўды жахлівых гісторый, не так моцна прапускаю праз сябе, як у першыя дні вайны. Бо мы прымалі людзей проста голых і босых, з жахлівымі перажываннямі. Мае калегі нават жартавалі: «Ксюша, двойчы ў адно месца не патрапляе». А яно, як бачым, патрапляе. Але нам пашанцавала больш…

Двор пацярпелага будынка. Фота: Алесь Мінаў, 16.01.2023, Днепр.

Двор пацярпелага будынка. Фота: Алесь Мінаў, 16.01.2023, Днепр.

 — А знаёмыя там [у знішчаным выбухам пад’ездзе] былі?

 — Былі знаёмыя сяброў. Вось ужо пісалі шмат у СМІ, гісторыя Максіма Амельяненка, ён зараз на фронце, і з-пад завалаў уратавалі яго маму. Ён літаральна ўчора прыехаў з Бахмуту, яе пабачыў. Яна жывая, на шчасце, зараз лякуюць. Гэта проста скаланула нашых сяброў. Таксама блізкая сяброўка маёй знаёмай ўсё яшчэ лічыцца зніклай. Цела яшчэ няма, але ж ужо працуе цяжкая тэхніка [плача]. Я вось нібыта трымаюся, людзі кажуць, што я такая моцная. Але, праходжу, гляджу, а слёзы проста пачынаюць ліцца, вельмі балюча. Я раней не давала інтэрв'ю, бо гэта таксама балюча, але ж цяпер кажу: «Я гатовая крычаць пра гэта на ўвесь свет, што Расея — краіна-тэрарыст, гатовая паказваць увесь гэты боль, каб усе людзі на планеце ведалі, што адбываецца, бачылі наступствы, рабілі высновы».

Адчуваю бязмежны боль і адчай. І гэта, мяркую, у нас на пакаленні. Можа, мы і павінны былі ўсё гэта перажыць, каб зразумець, каб гэты расейскі налёт зняўся з нашых вачэй.

— Якія ўвогуле пра іх думкі цяпер?

— Я не ведаю. Увогуле не хачу пра іх думаць. Не разумею, адкуль у чалавека можа быць такая жорсткасць, адсутнасць крытычнага мыслення, як можа чалавек аддаваць загад на такую ракету, гэта ж Х-22, як кажуць, яна ж важыць некалькі тон, і каля тоны выбухоўкі ўсярэдзіне… Як гэта можна направіць у жылы раён? Не магу зразумець. Магчыма, гэта ў крыві… Але мы ўсё пераможам, падалаем. Адкрыем сваю нацыю ўсяму свету, людзі пабачаць нашу культуру і нашых людзей, нашу сілу. Упэўнена, што з нас ужо бяруць прыклад у свеце. Прыклад сілы, свабоды.

— Пасля гэтай трагедыі змяніліся погляды на некія рэчы, вашыя пачуцці?

— Мне здаецца, я яшчэ да канца не зразумела, што адбылося. На аўтамаце ўсё раблю. Бадай не змяніліся. Я і так лічу, што наша русафобія недастатковая. Мне проста яшчэ больш хочацца даносіць свету пра ўсё, што робіць гэтая краіна. І ўсе расіяне, што гэта падтрымліваюць. Яны маюць за гэта адказаць, несці гэты цяжар усё сваё жыццё, бо яны гэта дапусцілі. Шмат людзей выконваюць гэтыя загады, гэта ж не адзін Пуцін робіць…

Што цяпер адчуваю? Невядомасць. Невядома, што далей, як жыць, што рабіць, нібыта ўсё трэба пачынаць спачатку. Займаюся дакументамі, праю рэчы, спрабую абсталяваць свой новы побыт. Адчуваю, што ў мяне проста няма дома, да таго ж нясцерпны боль за тых людзей, якія загінулі там.

— Падчас валанцёрства вы ж пэўна вельмі шмат бачылі ўсяго. Што найбольш уразіла, запомнілася?

— Ох, не памятаю ўжо, які то быў дзень вайны, бо на пачатку мы ўсё падлічвалі, а потым панеслася так, што і не заўважаеш часу… Да нас у валанцёрскі цэнтр прыехаў дзядуля з двума ўнучкамі: такія маладыя прыгожыя дзяўчаткі. І той дзядуля плакаў і плакаў, усё не мог спыніцца. Я села да яго, пачала гутарыць, пакуль нашыя збіралі яму адзенне, дапамогу. Яны жылі на Салтаўцы ў Харкаве, беглі ў чым былі, без аніякіх рэчаў, пад абстрэлам. Я глядзела яму ў вочы, не ведала што сказаць. Вось гэтыя вочы памятаю ўсё яшчэ.

Харкаў, Салтаўка. Фота: Алесь Мінаў, лістапад 2022.

Харкаў, Салтаўка. Фота: Алесь Мінаў, лістапад 2022.

Яшчэ з Харкава прыехала сям'я на БМВ. Жанчына была апранутая ў спартыўны касцюм толькі. Што сталася? Яна выйшла ў краму, дачка і муж засталіся ў кватэры, пачаўся абстрэл, ракета трапіла ў іх будынак. Дачка была ў піжаме і тапачках, яны нічога не ўзялі з кватэры — проста ратавалі сваё жыццё, выбеглі і паехалі. Кажа, апошнія грошы вытрацілі на бензін. У людзей было ўсё, а праз імгненне няма нічога. І вось яны ўжо бяруць пледы, ежу ў валанцёраў, з поўнай невядомасцю, што будзе далей.

Я й сама не думала, што буду стаяць у чарзе па плед. А тут таксама давялося.

Потым ужо, як гэта ўсё паехала, то пачалася дапамога на аўтамаце. Там ужо не было месца эмоцыям, проста намагалася рабіць усё хутчэй, каб дапамагчы найбольшай колькасці людзей. Цяпер гэта вайскоўцы — наша сіла, наша абарона. Калі яны дасылаюць відэа ці проста пішуць «Вітаю, са мной усё добра, дзякуй за дапамогу». Вось ад гэтага з'яўляюцца сілы жыць і працаваць.

У нас ёсць праект: купляем тканіну і з яе майстрыні шыюць тэрмабялізну. Шчыра, нават не ведаю, колькі мы ўжо апранулі вайскоўцаў: недзе каля тысячы дакладна. І вось нядаўна нам распавялі, што з-пад Бахмуту — там хлопцы патрапілі пад абстрэл, ужываліся фосфарныя бомбы — прывезлі параненых. І так выйшла, што дробныя аскепкі захраслі ў гэтай тэрмабялізне. І мы думаем, што наша справа яшчэ і ратуе жыццё, нават на адлегласці. Такія вось гісторыі са шчаслівым канцом.

— Якія чаканні на будучыню?

— Наша перамога. Адбудова, росквіт нашай краіны.

— Пасля перамогі чым вы плануеце займацца? Як думаеце, на колькі будзе вам проста пасля валанцёрства і ўсёй вашай актыўнай дзейнасці вярнуцца да мірнага жыцця?

 — Ды нармальна, чаму не? Хутка звыкну. На шчасце, у мяне стабільная псіхіка. Таму знаходжу час і на адпачынак, і на тое, каб проста жыць. Застаюцца сілы, каб закрываць і свае патрэбы, і патрэбы людзей вакол. І гэта натхняе рабіць больш, зараджаць сваёй энергіяй і вайсковых, і перасяленцаў, і ўсіх, каму гэта патрэбна.

Думаю, мы хутка звыкнем і вернемся да мірнага жыцця і будзем рабіць нашу краіну яшчэ лепей.