Былы палітвязень Глеб Гатоўка: Рэжым забівае павольна

Былы палітвязень — пра пекла жодзінскай турмы, перараджэнне і адраджэнне, а таксама, чаму «не трэба вешаць на бярозах турэмнікаў».

hleb_hatouka_novy_czas3.jpg

24-гадовы Глеб — з Мінска, да арышту навучаўся ў БДУІР. Хлопца арыштавалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў: узялі на акцыі пратэсту, дзе прыхільнікі перамен абураліся рашэннем уладаў не рэгістраваць альтэрнатыўных кандыдатаў.  

Пазней Глеба асудзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «актыўны ўдзел у дзеяннях, што парушаюць грамадскі парадак», «гвалт у дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў» ды «супраціў пры затрыманні, сумешчаны з гвалтам» да чатырох гадоў пазбаўлення волі. 

Глеб Гатоўка цалкам адседзеў свой тэрмін і выйшаў на волю сёлета 25 сакавіка. З амаль чатырох гадоў зняволення два з паловай ён правёў у жодзінскай турме, так званай «крытцы». Неўзабаве пасля вызвалення хлопец пакінуў Беларусь.

Мы сустрэліся з Глебам у Цюрыху. Наша размова працякае лёгка, бяспрымусна, мы шмат смяемся, хаця, здавалася б, з чаго тут смяяцца, няпростыя ж тэмы закранаем. 

Тым не менш нам весела. І ўжо даўно і інтэрв’ю скончылі, але ўсё ніяк не нагаворымся. 

— Слухай, а табе не цяжка даваць інтэрв’ю, камунікаваць з людзьмі, быць сярод іх? Мне дагэтуль, хаця я і вызвалілася з калоніі значна раней за цябе, бывае цяжкавата. Часта хочацца суцэльнай ізаляцыі: схавацца ў якую-небудзь пячору ў Альпах, адключыць тэлефон і нікога і нічога не бачыць. У цябе як з гэтым?

— Не, у мяне такога няма. Пачуваюся збольшага добра. Зараз вось, праўда, трошкі заклапочаны побытавымі пытаннямі: новае месца, новая краіна, новыя выклікі. Вызначаюся, чым бы я хацеў займацца, арганізоўваю ўсё гэта належным чынам. Але прагі ізаляцыі няма. Наадварот, мяне цягне ў дзвіж, да стасункаў з людзьмі. Мне гэтага вельмі не стае.

— А як так атрымалася, што цябе схапілі яшчэ да выбараў?

— Ды абурыўся я тым, што Бабарыку ды іншых не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзідэнты. Раззлавала гэтая нахабная хлусня ўладаў. Відавочна, што той жа Бабарыка набраў неабходную колькасць галасоў для вылучэння.

Хаця ён і зусім не мой кандыдат, шчыра скажу, я б не галасаваў за яго. Але тут жа пытанне ў іншым: беларускі народ зноў падманулі. І праглынаць гэта зусім не хацелася.  

Мяне арыштавалі 14 ліпеня 2020 года — у гэты дзень Цэнтрвыбаркам апублікаваў спіс тых, каго зарэгістраваў у якасці кандыдатаў. Спіс быў амаль што стэрыльны з пункту гледжання ўладаў, бо з яго выкінулі амаль усіх нелаяльных фігур. Вядома, людзі абурыліся і выйшлі на вуліцу. 

Я таксама далучыўся да пратэсту. Вечар, Мінск, раён Нямігі. Спуск каля царквы. Супраць нас выставілі АМАП. Пратэстоўцы згуртаваліся, стварылі счэпкі, я ў тым ліку. АМАП пачаў выдзіраць людзей з ланцужка, расштурхоўваць, затрымліваць.  

У часе гэтай валтузні мяне хапаюць. Пазней інкрымінуюць два артыкулы: 342 — «удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» і 364 — «гвалт у стасунку да супрацоўніка праваахоўных органаў». 

І чатыры гады зняволення ў якасці навагодняга падарунка

— Навошта ты біў амапаўца? З імі трэба асцярожна, беражліва: яны вельмі крохкія і ранімыя…

— Дык не біў жа нікога. Насамрэч адседзеў ні за што. 

Служакі, калі фабрыкавалі маю справу, у якасці доказаў спасылаліся на відэа з канала «Нехта». Сцвярджалі, што на тых кадрах мяне ідэнтыфікавалі па вопратцы. 

А ўсё было насамрэч іначай: падчас хапуна я пераскокваў бардзюр каля прыступак, дык вось гэты момант майго палёту з выцягнутай нагой улады трактавалі як напад на амапаўца. Нібыта я яго такім чынам біў. 

— І як, моцна пацярпеў амапавец?

— Угу. Сцвярджаў, што я яму сіняк паставіў. 

Такая клаўнада была на судзе, ты не ўяўляеш. Гэты амапавец сцвярджаў, што я яго так траўмаваў, што ён у выніку гэтага мусіў нават звярнуцца па медычную дапамогу. 

Стала вядома, што такі і такі такога чысла звярнуўся ў шпіталь, сцвярджаючы, што на яго ўпаў паддон, калі ён быў на лецішчы.  

Што адбываецца далей? «Пацярпелы» амапавец пасля размовы са следчым кажа ўжо зусім іншае: маўляў, гэты сіняк ён атрымаў ад майго ўдару, а пры звароце ў гарадскую бальніцу схлусіў пра траўму на лецішчы, бо баяўся, што калі б сказаў праўду, то яму б не аказалі медычную дапамогу, бо «тады да міліцыі людзі ставіліся кепска». 

Адразу ўзнікае лагічнае пытанне: калі ён так баяўся і атрымаў траўму на працы, то чаму тады не звярнуўся ў шпіталь Міністэрства ўнутраных спраў, навошта пайшоў у звычайны?

Карацей, разумееш цяпер, якімі белымі ніткамі была сшытая мая справа? 

Дарэчы, судзілі мяне ў канчатковым выніку па трох артыкулах. Неяк на Валадарку прыехаў следчы і сказаў, што «ў Мінску былі пратэсты, затрымалі нейкага чалавека, узялі яго тэлефон на праверку і знайшлі відэазапіс твайго ўдзелу ў акцыі, з іншага ракурсу». На падставе гэтага мне дадаюць яшчэ адзін артыкул — 363 частка другая, гэта — «супраціў, што суправаджаецца гвалтам». 

Атрымалася анекдатычна: «супраціў з гвалтам» і «гвалт», два ўзаемавыключальныя артыкулы. Як можна адное і тое ж інкрымінаваць па розных артыкулах? 

Мяне асудзілі на Новы год — 31 снежня 2020 года. У судовай залі супраць мяне сведчылі амапаўцы ў балаклавах. Але ж у калідоры будынка суда яны казалі прысутным, што «нас заставили так сказать», «мы ничего не могли поделать, мы делаем так, как нам сказали» і гэтак далей. 

Я напісаў апеляшку і яшчэ нейкі час прабыў на Валадарцы, пасля мяне закінулі ў жодзінскае СІЗА, пасля ў віцебскае, і ўжо толькі тады ў ПК-1 у Наваполацк. 

У калоніі я пазнаёміўся з хлопцам, палітычным, які браў удзел у пратэстах у дваццатым на баку народа, але ў 2010-м ён служыў ва ўнутраных войсках і быў на Плошчы, толькі па той бок барыкад. Такая вось іронія лёсу, такое вось перараджэнне.

— А ты верыш у глыбіню, шчырасць такога перараджэння?

— Так, канешне. Часам чалавек і яго ўнутраны свет могуць змяніцца кардынальным чынам. І гэта заслугоўвае вялікай павагі. 

«На промцы смаркаліся вуголлем»

— У калоніі ты ж зусім мала прабыў?

— Так. Пару тыдняў у каранціне і прыкладна месяц у самім атрадзе. Пасля не вытрымаў і напісаў заяву на імя начальніка калоніі, што не згодны з умовамі працы, створанымі на прамзоне. Рэч у тым, што ўсіх асуджаных прымушалі хадзіць на промку, але калі звычайныя зэкі хадзілі туды 2-3 разы на тыдзень, то палітычныя — шэсць. 

У суботу-нядзелю цябе таксама загружаюць нечым: альбо дзяжурствамі, альбо заганяюць на нейкія мерапрыемствы. Вольнага часу ў літаральным сэнсе няма. Мне неяк прыйшла харчовая пасылка, дык па шчырасці не было часу, каб штосьці з’есці, бо не паспяваў нічога прыгатаваць. Увесь час кудысьці трэба было бегчы, увесь час тузалі, падганялі. Жыццё робата, адным словам. 

Пра чытанне кніг увогуле гаворкі не ішло, не было часу нават напісаць ліст дамоў. 

Дарэчы, вытворчасць на промцы была шкодная: пластыкавы пыл, што ўвесь час узнімаецца, трапляў наўпрост у лёгкія. Я надзяваў медычную маску, дык вось пасля знаходжання ў цэху каля гадзіны, на масцы, на ўзроўні носу, утварылася чорная пляма. Смаркнуўся — і нібыта вуголлем. Перасмыкнула, калі гэта ўбачыў. 

Вось і напісаў заяву начальніку, дзе паведаміў, што адмаўляюся працаваць у такіх умовах, таму што гэта парушае правы чалавека, што гэта з’яўляецца рабскай працай. Пералічыў у заяве і свае ўмовы, пры якіх я згодны працаваць: нармальны заробак, не дзве капейчыны ў месяц, сродкі абароны ад шкоднай вытворчасці, нармальнае харчаванне, плюс праца мусіць быць не шэсць дзён і рашэнне аб тым, ці згодны я працаваць, мусіць сыходзіць ад мяне, а не навязвацца зверху як абавязак. 

— Даволі дзёрзка, скажу я табе.

— Ну дык адразу ж і ў ШІЗА пайшоў, можна сказаць. Амаль шэсцьдзесят дзён там правёў, пасля тры месяцы ў ПКТ, ну а пасля ў жодзінскую турму выслалі. 

Пасля сканчэння чарговых сутак мяне са штрафнога ізалятара ў атрад не выпускалі. Турэмнікі апасаліся, што пачну падбухторваць іншых. 

Калі я выходзіў са штрафнога ізалятара, турэмнікі вялі мяне на КП, трымалі нейкі час у адстойніку, у атрад выпускалі толькі з аператыўнікам. Той і кроку не даваў ступіць: тыкаў пальцам у графік уборкі каля санвузла і на камеру пытаўся ў мяне: «Будзеш ты тут прыбіраць ці не?»

Я, вядома, адмаўляўся, і мяне вялі назад у ШІЗА. Так было разы чатыры запар. Не дазвалялі, каб я нават ноч прабыў у атрадзе і паразмаўляў з людзьмі. Ізалявалі цалкам.

Глядзіце таксама

Рэха сярэднявечча, садысты ў пагонах і адраджэнне праз пакуты

— Ты ўжо даволі шмат распавёў незалежным медыя пра Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака і іншых палітвязняў, з якімі табе ўдалося перасекчыся ў турме — дзякуй табе вялікі за гэтыя каштоўныя сведчанні. Скажы, што найбольш шакавальнага ў тваіх назіраннях і высновах, што да жодзінскай турмы?

— Ведаеш, як ні дзіўна, але самыя шакавальныя рэчы там адбываліся нават не з палітвязнямі, а з простымі зэкамі. Канешне, палітвязняў прыціскаюць вельмі моцна. Сяргей Ціханоўскі спачатку наогул не вылазіў з ШІЗА. Прычым, ён часта сядзеў ў штрафным ізалятары ў міжсезонне, гэта значыць без ацяплення, сапраўднае катаванне холадам.  

Вельмі спачуваю і «саўдзельніку» Ціханоўскага Валодзю Кнігу. Ён, магчыма, не такая публічная асоба і да яго не настолькі прыцягнутая ўвага з боку грамадскасці, але ён вось два гады, як у Жодзіна на турэмным рэжыме, і за гэтыя гады ён толькі месяц пабыў у сваёй камеры. Увесь астатні час яго трымаюць у штрафным ізалятары. У дадатак да ўсяго, яго яшчэ асудзілі па артыкуле 411 — «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі», то бок дадалі год да тэрміна. 

ШІЗА ў турме — гэтая маленькая камера, прыкладна метр восемдзесят на тры з паловай, бетонная скрынка, дзе ты можаш толькі пяць крокаў туды-сюды зрабіць. І тое па дыяганалі, плюс трэба выкручвацца, каб зэдлік не зачапіць, ракавіну. Цалкам там нават немагчыма развесці рукі ў бакі, бо перашкаджаюць сцены. 

— Сапраўднае сярэднявечча…

— Так, памятаеш, было калісьці ў часы сярэднявечча катаванне: чалавеку фіксавалі галаву, на якую кропля за кропляй капала вада. Здаецца, ну што тут такога, кропелька нейкая, але з часам чалавек ад манатоннасці катавання, ад болю, выкліканага спазмам сасудаў, пачынаў губляць прытомнасць і вар’яцець. Так і ў нашым выпадку: рэжым забівае павольна. 

У жодзінскай  турме сядзіць жа шмат так званых блатных. Я чуў і неаднойчы заўважаў, як гнюсна турэмнікі ставіліся і да гэтай катэгорыі асуджаных. На другім корпусе сядзелі асуджаныя на пажыццёвыя тэрміны: калі я хадзіў на прагулку, то бачыў гэты корпус. Іначай, чым кашмарам і зверствамі, я гэта апісаць не магу.

Быў такі выпадак у Жодзіне: у ШІЗА, у розных камерах, сядзелі два крымінальныя аўтарытэты. Такія людзі паводле іх «паняццяў» ніколі нікуды не скардзяцца. Турэмнікі гэтым карыстаюцца, бо ведаюць, што іх учынкі застануцца беспакаранымі, што гэта ўсё не выйдзе далей. 

У ШІЗА камеры-адзіночкі месцяцца вельмі блізка адна ад адной, а з другога боку, насупраць дзвярэй, знаходзяцца палічкі для асабістых рэчаў асуджаных, як тое станкі для галення, напрыклад.

Дык вось адзін з тых блацюкоў быў хворы на ВІЧ. Як можна было да такога дадумацца, не ведаю, але адзін з супрацоўнікаў турмы падмяніў неяк касеты на станках. Той асуджаны, што не быў інфікаваны, пайшоў галіцца і заўважыў, што касета пацёртая, хаця ў яго брытвы яна была новая. Аказваецца, падмененая касета належала асуджанаму, хвораму на ВІЧ. 

Ох, ну і вэрхал жа ўзняўся! Але турэмнікі ўсё замялі, нават на камерах відэаназірання, што знаходзяцца з калідорах, нібыта «нічога не знайшлі». 

Дарэчы, гэтага ж чалавека, якому падмянілі касету ў станку, моцна збівалі. Ён нават парэзаў сябе ў знак пратэсту. У якасці пакарання яго вывезлі з Жодзіна, павезлі бясконцымі этапамі, «кругасветкай». Да нас пазней прыйшла інфармацыя, што ў віцебскай турме, гэта СІЗА № 2, гэтага асуджанага катавалі, білі галавой аб нары…  

Другі «блатны» — той, што быў хворы на ВІЧ, першапачаткова трапіў у турму за «парушэнне прэвентыўнага нагляду». Яго тэрмін быў год ці два, ужо не памятаю дакладна. Але яго пяты раз ужо круцяць па 411 артыкуле. Ён павінен быў вызваліцца, здаецца, яшчэ ў 2019 годзе, але дагэтуль сядзіць. 

Глядзіце таксама

— Глеб, адкуль у людзей у пагонах столькі жорсткасці і садызму? Гэта ж збольшага таксама беларусы…

— Дык гэта ж не залежыць ні ад нацыянальнасці, ні ад адукацыі. Садызм — гэта глыбокая псіхалагічная паталогія, што закладаецца, магчыма, з маленства, пад уплывам розных чыннікаў. Пасля такі чалавек трапляе ў падобную сістэму, як лукашэнскаўская, якая заахвочвае гэтыя ненармальныя схільнасці, развівае іх, узвышае. І з іншага боку сістэма ачышчаецца, пазбаўляецца ад тых людзей, якім гэта непрыемна. Адбываецца адмоўная селекцыя. 

Рэжым адбірае ў свае шэрагі садыстаў і жорсткіх людзей. Такія кадры вельмі хутка ідуць па кар’ернай лесвіцы, застаюцца ў сістэме надоўга, атрымліваюць досвед, заваёўваюць давер. Так працуе гэтая сістэма, бо яна сама садысцкая, яна выхоўвае садызм, прыцягвае і заахвочвае яго. 

Садыст — гэта не абавязкова маргінальны персанаж. Ён можа быць адукаваным, выглядаць інтэлігентна, але паталагічная прага кантраляваць іншых, мучыць іх, сядзіць недзе ў глыбіні, просіцца вонкі.  

У дэмакратычных краінах сістэма ўлады не адпавядае садысцкай мадэлі. Яна стрымлівае і не дае развівацца персанажам з садысцкімі схільнасцямі. А тая сістэма, якую пабудаваў Лукашэнка, зрэшты, любая аўтарытарная сістэма — гэта правобраз светаадчування садыста. Гэтая паталогія і мадэль паводзінаў перанесеная на дзяржаўныя інстытуцыі, лукашэнкаўская сістэма прыцягвае і развівае садызм у такіх людзях яшчэ больш. 

Думаю, што і сярод еўрапейскіх палітыкаў ёсць асобы са схаванымі садысцкімі схільнасцямі. Але з-за іншай мадэлі палітычнай сістэмы ў такіх суб’ектаў няма выхаду для гэтага запалу, сістэма стрымлівае. 

— А ці памятаеш дзень свайго вызвалення? Што адчуў у момант, калі за тваёй спінай зачынілася турэмная брама?

— Быў дэзарыентаваны. Дрэвы, людзі… Я ж сядзеў у камеры, дзе вокны зачыненыя шчытом, нічога не бачна. А тут — чыстае неба!.. Бацькі, іншыя людзі — у нармальным адзенні, цывільным. Мінакі кудысьці спяшаюцца, грамадства жыве сваім жыццём і, магчыма, частка яго нават не здагадваецца, што ў іх пад бокам, за сценамі жодзінскай турмы, адбываюцца такія жудасныя рэчы, што там зусім іншая рэчаіснасць, свая планета… 


hleb_hatouka_novy_czas2.jpg

— Ты вызваліўся з турмы 25 сакавіка. Такі падвоены Дзень волі…

— Ну так.

— Пра сябе магу сказаць, што адседка дужа змяніла мяне ў лепшы бок. У гэтых пакутах самыя моцныя, лепшыя якасці характару выйшлі на паверхню і замацаваліся, а нядобрыя, якія значна псавалі якасць майго жыцця, зніклі, засталіся ў мінулым, у нейкім маім мінулым жыцці. Так, гэты досвед цяжкі, пакутлівы, але гэтае адраджэнне было таго вартае. Ці адчуваеш штосьці падобнае?

— Так. Адчуваю, як праз гэты пакутлівы досвед, усе гэтыя выпрабаванні ачысцілася мая душа, мяне гэта радуе, шчыра. 

— Ці былі ў цябе моманты адчаю падчас знаходжання за кратамі?

— Не, такога не было.  

— Ці часта ты адчуваеш злосць, нянавісць, крыўду ў стасунку да сваіх мучыцеляў?

— Не. Гэта ўсё дэструктыўныя пачуцці, навошта імі атручваць сабе душу? Жыццё, час усё расставяць на свае месцы. Кожны адкажа за свае ўчынкі, за зло. Але я супраць тэзаў аб тым, што «ўсіх карнікаў трэба вешаць на бярозах». Чым мы тады ад іх будзем адрознівацца?

— Якой ты бачыш будучыню Беларусі?

— Сваю Радзіму я прагну бачыць вольнай, незалежнай, еўрапейскай. Беларусь абавязкова такой стане, але, на жаль, не думаю, што гэта адбудзецца без знешняга штуршка. 

hleb_hatouka_novy_czas1.jpg