«Цяпер баюся, што адправяць у гарачую кропку». Што думаюць пра магчымую мабілізацыю ў Беларусі
Ваенкаматы праводзяць «праверку даных» у ваеннаабавязаных беларусаў — і, гледзячы па ўсім, гэтая праверка зацягваецца. Што думаюць прызыўнікі і іх бацькі на фоне рызыкі быць уцягнутымі ў вайну, высвятляла «Deutsche Welle».
Беларускія ўлады па-ранейшаму настойваюць, што ў краіне не праводзяцца мабілізацыйныя мерапрыемствы, а гаворка ідзе толькі пра планавую зверку звестак ваеннаабавязаных. Завяршыць гэты працэс абяцалі да 1 снежня, але цяпер высвятляецца, што ён працягнецца як мінімум да канца 2022 года.
Расійскі досвед мабілізацыі вывучаюць і ў Беларусі
З мінулай восені, услед за абвешчанай у Расіі «частковай мабілізацыяй», выклікі ў ваенкаматы сталі атрымліваць тысячы грамадзян Беларусі. Прадстаўнікі ўлад і саміх камісарыятаў сцвярджалі, што нічога звышнатуральнага не адбываецца: уручэнне позваў нібыта носіць руцінны характар і ніяк не звязана з ваеннымі дзеяннямі на тэрыторыі Украіны.
Між тым 30 лістапада Мінабароны Беларусі паведаміла, што ў краіне пачаўся другі этап «планавай праверкі ўліковых звестак ваеннаабавязаных». Паводле версіі вайсковага ведамства, першы этап тычыўся прадпрыемстваў, а цяпер пройдзе непасрэдна ў ваенкаматах і сельсаветах. Паводле інфармацыі Міністэрства, 70% ваеннаабавязаных ужо прынялі ўдзел у «мерапрыемствах па зверцы даных».
У інтэрв'ю беларускім дзяржаўным СМІ міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што асноўную працу плануецца завяршыць да канца 2022 года. «Аднак ужо магу сказаць, што праверана больш за мільён чалавек, і грамадзяне абсалютна спакойна на гэта рэагуюць: прыходзяць у камісарыяты і звяраюць свае даныя», — адзначыў Хрэнін. Ён не стаў адмаўляць, што пры арганізацыі гэтага працэсу ў Беларусі рабіліся высновы зыходзячы з расійскага досведу «частковай мабілізацыі» на фоне вайны ва Украіне.
У ваенкаматы заклікаюць ісці нават без позваў
Аднак інфармацыя, якая паступае з беларускіх рэгіёнаў, сведчыць пра тое, што цяперашнюю «зверку даных» у ваенкаматах наўрад ці можна назваць руцінным мерапрыемствам. Калі раней ваеннаабавязаных выклікалі з дапамогай позваў або sms-паведамленняў, то зараз у мясцовых газетах сталі з'яўляцца публікацыі з заклікам не чакаць запрашэнняў і прыходзіць у ваенкаматы самім.
«Дзіўна было прачытаць у мясцовай газеце, што ісці ў ваенкамат трэба, нават калі не атрымаў позву: неяк гэта не вяжацца з тым, што зверка даных ваеннаабавязаных у нас ідзе па плане», — разважае жыхар Баранавіч Руслан. Яго самога ў ваенкамат выклікалі яшчэ ў кастрычніку, і тады асаблівага ажыятажу малады чалавек не заўважыў: «Спыталі, ці не змяніў месца працы, ці жыву там, дзе зарэгістраваны, удакладнілі звесткі пра склад сям'і».
Як высветлілася, падобныя аб'явы публікаваліся і ў іншых газетах Брэсцкай і Мінскай абласцей, а ў Брэсце мясцовыя ўлады нават абавязалі кіраўнікоў таварыстваў уласнікаў размясціць такія ж паведамленні ў дамавых чатах, створаных у месенджарах.
«Добраахвотна ісці ў ваенкамат аніякага жадання няма, тым больш у родны горад прыязджаю да бацькоў нячаста», — дзеліцца брэстаўчанін Мікалай. І прызнаецца, што хоць і з'яўляецца ваеннаабавязаным, мае намер і ў далейшым ігнараваць заклікі схадзіць у ваенкамат: «У войску не служыў і не планую. І наогул увесь гэты задуманы ў Беларусі «перапіс» звязваю з вайной ва Украіне, што б ні гаварылі нашы генералы і прапагандысты».
Трывогі бацькоў, чыіх дзяцей прызываюць у войска
У адрозненне ад тых, каго заклікаюць у ваенкамат фармальна толькі для зверкі даных, у бацькоў прызыўнікоў, якія выпраўляюцца ў беларускую армію, цяпер іншыя эмоцыі. Святлана, маці аднаго з навабранцаў, расказвае, што сын рыхтаваўся да вайсковай службы і марыў пра памежныя войскі.
«Напэўна, у мірны час я не моцна перажывала б з гэтай нагоды, але цяпер вельмі баюся, што яго адправяць у якую-небудзь «гарачую кропку» — бліжэй да Украіны», — прызнаецца Святлана. Паводле яе слоў, камандзір вайсковай часткі, куды прызвалі сына, запэўніў, што салдат тэрміновай службы напружаная абстаноўка на мяжы ніяк не закране, паколькі для цяперашняга прызыву на бліжэйшыя месяцы ставяцца іншыя задачы.
Жыхар Гомеля Валянцін восенню 2022 года таксама праводзіў аднаго з сыноў у войска: «Ён хацеў з'ехаць на заробкі і спадзяваўся, што будзе адтэрміноўка і яго не прызавуць. А калі прайшоў медкамісію і стала ясна, што будзе прызваны, ад варыянту з працай за мяжой давялося адмовіцца».
Пры гэтым Валянцін дадаў, што некаторыя аднагодкі яго сына вырашылі з'ехаць, не чакаючы прызыву, але такія паводзіны могуць прывесці да сур'ёзных наступстваў: «Ведаю хлопцаў, якія павінны былі ісці служыць яшчэ два гады таму, але з'ехалі ў Расію — і іх адтуль вярталі ў Беларусь. Потым каму прысудзілі арышт, каму вялікі штраф». Суразмоўца не выключае, што цяпер тых, хто ўхіляецца ад прызыву, можа чакаць і больш суровае пакаранне.
На беларуска-ўкраінскай мяжы па-ранейшаму дзейнічаюць забароны
Асцярогі бацькоў прызыўнікоў з нагоды таго, што на паўднёвых рубяжах Беларусі «не ўсё спакойна», падзяляюць і тыя, хто пражывае ў Гомельскай вобласці каля мяжы з Украінай. На днях Дзяржпамежкамітэт абвясціў, што ўведзеныя яшчэ мінулым летам абмежаванні на знаходжанне грамадзян у памежнай паласе на тэрыторыі Брагінскага, Лоеўскага і Хойніцкага раёнаў падоўжаны да 1 сакавіка 2023 года.
У памежным ведамстве патлумачылі, што такое рашэнне прынята «з мэтай забеспячэння памежнай бяспекі». Хаця абмежаванні не распаўсюджваюцца на ўласнікаў зямельных участкаў, размешчаных ля мяжы, асаблівай свабоды перамяшчэння няма і ў іх.
«Усіх нашых вяскоўцаў і дачнікаў круглы год корміць лес, які ля самай мяжы: тут мы збіраем грыбы з ягадамі, палюем, а калі вельмі трэба, то і дровы нарыхтоўваем», — расказвае жыхар адной з памежных вёсак. Паводле яго слоў, наведваць лясы мясцовым жыхарам забаранялі ўжо з вясны 2022 года, спасылаючыся на пажаранебяспечную абстаноўку, хоць рэальных пагроз не было: «Мы тады адразу зразумелі, што справа не ў надвор'і і пажарах — проста па лясных дарогах вайсковая тэхніка ездзіла ва Украіну і назад, а ў некаторых месцах выставілі ачапленне».
Цяпер жа афіцыйна паведамляецца, што як мінімум да будучай вясны трапіць на асобныя ўчасткі беларускай мяжы з Украінай легальным чынам будзе нельга.