«Аніякіх прыхаваных мерапрыемстваў не праводзіцца». Ваенкамы — пра позвы беларусам

Сёлета як ніколі шмат ваеннаабавязаных атрымалі «запрашэнні» прыйсці ў ваенкаматы. СМІ пішуць пра прыхаваную мабілізацыю, а вайсковыя камісары абвяргаюць гэтыя чуткі.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


У раённых ваенкаматах працягваюць тлумачыць, чаму ў ваеннаабавязаных беларусаў звяраюць звесткі. «Аніякіх мабілізацыйных мерапрыемстваў у Беларусі не праводзіцца. Пасля ўдакладнення ўліковых даных ваеннаабавязаныя вяртаюцца да месцаў пражывання або працы», — заявіў ваенны камісар Гомельскага раёна Дзмітрый Калеснікаў газеце «Маяк». У ваенкаматах Лепельскага і Ушацкага раёнаў ажно некалькі разоў паўтарылі, што ў краіне не вядзецца схаваная мабілізацыя. Таксама ваенкамы расказалі, якую інфармацыю звяраюць па ваеннаабавязаных і да якой даты маюць намер праводзіць гэтыя мерапрыемствы, піша «Люстэрка».
Дзмітрый Калеснікаў удакладніў, што ў гэтым годзе адначасова выклікаюць большую колькасць ваеннаабавязаных, чым звычайна.
— Прычынай павелічэння колькасці адначасовых выклікаў стала даручэнне галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі, якое неабходна выканаць да канца года. Не варта давяраць чуткам, бо аніякіх мабілізацыйных мерапрыемстваў у Беларусі не праводзіцца. Пасля ўдакладнення ўліковых даных ваеннаабавязаныя вяртаюцца да месцаў пражывання або працы, — заявіў Дзмітрый Калеснікаў.


Паводле яго слоў, у ваеннаабавязаных звяраюць даныя, каб падтрымліваць у актуальным стане інфармацыю пра іх сямейнае становішча, дамашні адрас, стан здароўя. Ваеннаабавязанага могуць выклікаць у аддзел кадраў па месцы працы, у мясцовы выканкам або ваенны камісарыят па месцы жыхарства. «Спосабы для гэтага могуць быць розныя: па тэлефоне, позвай або праз кадравы орган прадпрыемства. Праводзіцца такая праца пастаянна і планава на працягу каляндарнага года», — растлумачыў вайсковы камісар.
— Ваеннаабавязаны прыбывае ў аддзел кадраў па месцы працы, у выканкам або ваенкамат па месцы жыхарства і ў гутарцы спраўджваюцца даныя. Вусныя ўдакладненні даных будуць праводзіцца да 2 снежня гэтага года. Далей, з 5-га па 9-е і з 12-га па 16 снежня, запланавана кантрольная яўка ваеннаабавязаных на пункты збору ў сельвыканкамах. Мерапрыемствы завершацца 22 снежня, — растлумачыў Дзмітрый Калеснікаў.
Ваенны камісар па горадзе Баранавічы, Баранавіцкім і Ляхавіцкім раёнах палкоўнік Вадзім Каролік паведаміў, што «для праверкі даных грамадзян выклікаюць у ваенкамат пераважна позвамі, а таксама па тэлефоне альбо праз кадравы аддзел прадпрыемства».
Каролік удакладніў, што да гэтага часу звяралі ўліковыя даныя ў асноўным ваеннаабавязаных, якія працуюць у арганізацыях і на прадпрыемствах незалежна ад форм уласнасці. Паводле яго слоў, з сярэдзіны лістапада да канца бягучага года ўліковыя даныя будуць звераныя ва ўсіх без выключэння ваеннаабавязаных, якія стаяць на вайсковым уліку. Ваенкам заявіў, што праз гэта «ўсім непрацуючым і самазанятым ваеннаабавязаным неабходна прыбыць у ваенны камісарыят альбо звярнуцца ў сельвыканкам па месцы жыхарства».
У ваенным камісарыяце Барысаўскага і Крупскага раёнаў паведамляюць, што 25 лістапада завяршаецца другі этап кантрольнай яўкі на пункт папярэдняга збору ваеннаабавязаных для зверкі ўліковых даных.
Як растлумачыў ваенны камісар палкоўнік Валерый Раманоўскі, яўка ажыццяўляецца ў вызначаным рэжыме. Ваеннаабавязаныя добрасумленна прыбываюць на пункт папярэдняга збору, прадастаўляюць неабходныя дакументы. Зверку будуць праводзіць да канца гэтага года.
«Падстаў перажываць няма. Фэйкавая інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэт-рэсурсах пра мабілізацыю ў рэспубліцы, не мае падстаў. Мерапрыемствы мабілізацыі ў рэспубліцы не праводзяцца», — заявіў ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў Андрэй Пухальскі.


Паводле яго сло, апавясціць ваеннаабавязанага пра яўку ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства могуць рознымі спосабамі, але асноўны — гэта ўручэнне позвы. «Таксама ваеннаабавязанаму можа паступіць званок з ваеннага камісарыята альбо можа праводзіцца СМС-апавяшчэнне ў інфарматыўнай форме. Юрыдычнай адказнасці гэта не нясе, але ваеннаабавязаны будзе ведаць, што яму неабходна як свядомаму грамадзяніну з'явіцца ў ваенны камісарыят і зверыць свае ўліковыя даныя», — заявіў ваенны камісар.
Андрэй Пухальскі ўдакладніў, што да персанальных даных вайсковага ўліку ваеннаабавязанага адносяцца: прозвішча, імя, дата нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар, даныя пра месца працы, месца рэгістрацыі, адрас месца жыхарства, бо чалавек можа не пражываць па месцы рэгістрацыі, удакладненне нумароў хатняга і мабільнага тэлефонаў, удакладненне ступені прыдатнасці.
«Магчыма, за прамежак часу, за які па ваеннаабавязаным не было даных альбо нядобрасумленныя арганізацыі іх не падавалі, змяніліся нейкія ўліковыя даныя, якія могуць аказаць негатыўнае ўздзеянне на працу ваеннага камісарыята. Мы, не валодаючы ўсёй паўнатой даных па ваеннаабавязаным, можам прыняць не заўсёды правільнае рашэнне па кожным асобным ваеннаабавязаным пры правядзенні якіх-небудзь мерапрыемстваў. Гэтая праца ў нас планавая, яна праводзіцца для праверкі саміх сябе, у першую чаргу — наколькі мы гатовыя, наколькі наш механізм адладжана працуе, наколькі добра мы выконваем сваю працу», — растлумачыў Андрэй Пухальскі. Ён дадаў, што «турботаў няма ніякіх і не павінна быць».


«Чаму раблю на гэта акцэнт і звяртаю ўвагу? Пры зверцы даных гучыць вялікая колькасць пытанняў. Пытанні ў асноўным датычацца сённяшняй сітуацыі. Мы ўсіх супакойваем з улікам таго, што ў нас аніякіх прыхаваных мерапрыемстваў не праводзіцца», — у чарговы раз паўтарыў Андрэй Пухальскі.
Нягледзячы на ўсе запэўніванні ў адсутнасці падстаў для трывогі з боку беларускіх камандзіраў, украінскія вайскоўцы пастаянна звяртаюцца да беларусаў з заклікамі не ўступаць у вайну. Яны ўпэўненыя, што расійскі «саюзнік» любымі шляхамі спрабуе ўцягнуць беларускую армію ў прамое супрацьстаянне з Украінай. Паводле апошняй інфармацыі, дзеля гэтага расійскія спецслужбы рыхтуюць шэраг правакацый на тэрыторыі нашай краіны, мэтай якіх могуць быць аб'екты крытычнай інфраструктуры, у тым ліку, напрыклад, АЭС «Астравец».