«У канцы года вучэнні ўжо будуць масавымі». Што кажуць беларусы, якія вяртаюцца з ваенных збораў

Жыхары Гомеля, якія вярнуліся з ваенных збораў, распавялі выданню «Фл*гшток» пра тое, чым займаліся на палігонах, і ці чакаць новых вучэнняў.

image636f94addc6f4lg.jpeg

У кастрычніку паведамлялася, што Лукашэнка прыняў прынцыповае рашэнне правесці ў Беларусі ўтоеную мабілізацыю з мэтай павелічэння колькасці баявых частак. Яна будзе праходзіць пад выглядам праверкі боегатоўнасці. Таксама стала вядома, што жыхароў Гомельшчыны з пачатку восені пачалі масава выклікаць у ваенкаматы. Тады многія грамадзяне не ведалі, як рэагаваць на позвы і ці варта наведваць ваенкамат.

Журналісты пагаварылі з двума жыхарамі Гомельскай вобласці, якія восенню 2022 года прайшлі праз ваенныя зборы і мабілізацыйныя вучэнні. На ўмовах ананімнасці пра свой досвед распавялі Аляксандр і Уладзімір (імёны змененыя).

Аляксандр (жыхар раённага цэнтра) атрымаў позву на зборы ў пачатку кастрычніка і праходзіў іх на працягу двух тыдняў у войсках сіл спецыяльных аперацый.

«На бягучы момант ваенныя зборы не маюць асаблівай масавасці. Зыходзячы з таго, што сілы спецыяльных аперацый яшчэ ні разу не рабілі збораў, гэта быў іх эксперымент, на якім яны трэніраваліся. Яны забіралі прадстаўнікоў розных спецыяльнасцяў: хтосьці перавучваўся на іншую ВУС [ваенна-ўліковую спецыяльнасць], а хтосьці (хто застаўся на штатных пасадах) аднаўляў страчаныя навыкі.

Я не заўважыў, каб вялася падрыхтоўка да канкрэтных дзеянняў. Гэта была класічная праца па метадычках СССР, нейкай вузканакіраванай падрыхтоўкі не было. Адзіная асаблівасць ваенных збораў — трэба было ўкласціся ў перыяд збораў, таму некаторыя моманты (агнявая падрыхтоўка, да прыкладу) у нас былі ў шчыльным графіку.

Палітрукі, на здзіўленне, ні на што не настройвалі, тым [рэзервістам], хто казаў, што іх адправяць у паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі, адказвалі: «Гэта не наша вайна».

З-за таго, што падобных кароткіх збораў раней не праводзілася, былі вельмі вялікія праблемы з матэрыяльным забеспячэннем, хлопцы праз некалькі дзён хадзілі з мазалямі, хтосьці да крыві сціраўся.

Рады на зборах адназначна ніхто не быў: хтосьці страціў магчымасць зарабіць, хтосьці чакае, калі ў яго народзіцца дзіця», — распавёў мужчына.

Уладзіміра выклікалі на некалькі дзён на мабілізацыйныя вучэнні ад буйнога прадпрыемства Гомеля.

«У нас мабілізацыйныя вучэнні праводзіліся не масавыя. Прыязджалі ваенкамы з усёй вобласці, праводзілі нешта тыпу канферэнцыі. Часта рабілі ўпор, што гэта не мабілізацыя, а вучэнні, каб не хаваліся, а калі будуць хавацца, будзе толькі горш.

Вайну каментавалі ў такім плане — маўляў, ім [украінцам] там не салодка, але калі да нас сунуцца, будзе яшчэ горш. Часта казалі словамі прапагандыстаў аб Украіне і наогул палітыцы ў краіне, мне наогул здалося, што яны як зомбі! Яны ніяк не тлумачылі, навошта гэта, проста ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася, але на саміх вучэннях тэма Украіны пастаянна праслізгвала.

Калегі тэму Украіны асабліва не ўздымалі, у вольны час жартавалі, глядзелі прыколы, гулялі ў гульні, а наогул склалася ўражанне, што большасць актыўна імкнецца выконваць свае функцыі», — сказаў Уладзімір.

Абодва суразмоўцы адзначылі, што камандзіры паведамлялі ім, што ў канцы лістапада — у снежні 2022 года плануюцца масавыя вучэнні.

Аляксандр: «Як нам тлумачылі, зборы праводзяцца, каб быць гатовымі ў любы момант арганізаваць мабілізацыю. Магчыма, гэта падрыхтоўка да яе пачатку. У канцы года плануюцца яшчэ вучэнні. І яны ўжо будуць не паказальнымі, а масавымі».

Уладзімір: «У нас проста сказалі, што будуць праводзіцца вучэнні па мабілізацыі (ці гэта будзе пачатак мабілізацыі) з поўным працоўным днём у канцы лістапада — пачатку снежня. Першапачаткова, калі нас збіралі для паказальнай мабілізацыі, нам нічога не казалі пра гэтыя вучэнні».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, якую апублікавалі некаторыя раённыя газеты Гомельскай вобласці, да канца года па даручэнні Лукашэнкі будуць праводзіцца кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных і кантрольная яўка на пункты збору ваеннаабавязаных па паказаным у позвах адрасе. Абвестцы будуць падлягаць афіцэры запасу, а таксама ваеннаабавязаныя, у якіх у 2022 годзе не ўдакладнілі звесткі вайсковага ўліку.