
Усе чацвёра ўтрымліваліся да суда пад вартай. Справу разглядала суддзя Вольга Дубовік, дзяржабвінавачванне падтрымлівала Юлія Жук.
Згодна з версіяй абвінавачвання, 9 жніўня 2020 года Антон
Драздовіч, Аляксандр Новаш, Руслан Шапуноў і Вольга Чарняк на «несанкцыянаваным
масавым мерапрыемстве» ў Маладзечне сталі ў «счэпку», выкрыквалі
лозунгі і крычалкі, гучна пляскалі ў далоні, з мэтай здзяйснення правакацыйных
дзеянняў, накіраваных на абвастрэнне сітуацыі на плошчы, разгарнулі палотны
бел-чырвона-белага колераў. Двое з іх не толькі ўдзельнічалі, але і нібыта арганізоўвалі «дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Паводле матэрыялаў справы, 22-гадовая Вольга Чарняк 9 жніўня
2020 года, у вячэрні час, накінуўшы сабе на плечы разгорнутае палатно
бел-чырвона-белага колеру, а таксама яе знаёмы 30-гадовы Аляксандр Новаш,
рухаліся па вуліцы Прытыцкага ў бок плошчы Цэнтральнай у горадзе Маладзечна.
Заклікаючы на плошчы мінакоў далучыцца да іх, яны неслі з сабой
незарэгістраваную сімволіку, выкрыквалі лозунгі. Пасля 23-і 24-гадовыя мясцовыя
жыхары Антон Драздовіч і Руслан Шапуноў далучыліся да іх і ўсе пасля прынялі
актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
На судзе ўсе чацвёра прызналі віну. Усе абвінавачаныя на судзе былі ў клетцы. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Вольгу Чарняк 30 лістапада мінулага году, Аляксандра Новаша — 22 снежня, Антона Драздовіча — 23 снежня, Руслана Шапунова — невядома.
Суд праходзіў каля двух тыдняў. Пракурорка Юлія Жук
запрасіла ў суда для ўсіх абвінавачаных маладзечанцаў пакаранне ў выглядзе
аднаго года і шасці месяцаў калоніі. Суддзя Вольга Дубовік вынесла такі прысуд
тром хлопцам, а дзяўчыне прызначыла зняволенне на паўгады меншае.