FAQ ад праваабаронцаў: «Мяне збівалі сілавікі. Што цяпер рабіць?»

Тысячы брутальных затрыманняў мірных дэманстрантаў адбыліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Людзей збівалі падчас затрыманняў, транспарціроўкі і непасрэдна ў ІЧУ. Пасля вызвалення затрыманыя распавядаюць пра катаванні, здзекі, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне ў дачыненні да іх з боку сілавікоў. І задаюцца пытаннем: «Што цяпер рабіць?»

У дзяўчыну трапіла гумовая куля. Фота: svaboda.org

У дзяўчыну трапіла гумовая куля. Фота: svaboda.org


Праваабаронцы падрыхтавалі адказы на самыя распаўсюджаныя пытанні.

Вы ці вашы родныя сталі ахвярай жорсткага абыходжання або катавання. Што рабіць?

Катаванні і жорсткае, прыніжаючае абыходжанне — гэта злачынства, якое здзейснена ў дачыненні да вас. Асобы, якія гэта здзейснілі, павінны несці адказнасць па артыкуле 426 Крымінальнага кодэкса (калі гэта былі супрацоўнікі МУС) або артыкуле 455 Крымінальнага кодэкса (калі гэта былі вайскоўцы). Ахвяры катаванняў трэба звяртацца ў Следчы камітэт: у аддзел таго раёна, на тэрыторыі якога здзейснена злачынства супраць вас. Звярнуцца трэба асабіста. Калі ёсць сляды цялесных пашкоджанняў —вас павінен апытаць следчы і выдаць напраўленне на агляд экспертам. Непаўналетніх прадстаўляюць іх бацькі.




Вы маеце сумневы наконт законнасці дзеянняў сілавікоў адносна вас.

Заведама злачыннымі ў гэтай сітуацыі з'яўляюцца дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, калі:

  • наўмысна наносіцца максімальная шкода жыццю, здароўю, гонару, годнасці і маёмасці грамадзян, і не прымаюцца меры па неадкладным аказанні пацярпелым медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі;
  • фізічная сіла і прыёмы барацьбы, а таксама кайданкі, дубінкі прымяняюцца да ўжо затрыманых людзей, якія не супраціўляюцца, выключна для прычынення болю, у выглядзе пакарання, у мэтах задавальнення садысцкіх схільнасцяў і т. п.;
  • зброя (у тым ліку гумовыя кулі, светлашумавыя гранаты) прымяняецца пры значным натоўпе людзей, калі ад гэтага могуць пацярпець староннія асобы; у дачыненні да жанчын, якія не здзяйснялі збройнага альбо групавога нападу або іншых дзеянняў, якія пагражаюць жыццю або здароўю грамадзян;
  • адміністрацыйна затрыманыя ўтрымліваюцца ў прыніжаючых, балючых позах, а таксама ў месцах, не прызначаных для ўтрымання адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных. Ці хоць і прыстасаваных, але з свядомым парушэннем правоў: у перапоўненых камерах, стоячы, без ежы і вады.


Калі ўсяго гэтага, відавочнага, са мной не адбылося, то ніхто ні ў чым не вінаваты і паводзіны садыста ў чорным — не злачынства?

Вышэй пералічаныя толькі самыя відавочныя варыянты. Ёсць іншыя выпадкі, якія патрабуюць ацэнкі, зыходзячы з сітуацыі, у якой адбываўся інцыдэнт, калі дзеянні супрацоўнікаў МУС ці Міністэрства абароны таксама з'яўляюцца злачыннымі. Напрыклад, яны затрымлівалі з ужываннем зброі ўдзельнікаў мірнага сходу, якія ўцякалі.

Звярніцеся за кансультацыяй ў ПЦ «Вясна».



Калі няма слядоў цялесных пашкоджанняў, ці можна даказаць жорсткае абыходжанне?

Заключэнне эксперта аб цялесных пашкоджаннях — гэта толькі адзін з доказаў, ёсць іншыя — запісы камер назірання, напрыклад.




Можна звярнуцца ў лячэбную ўстанову замест экспертнай?

Так, можна, і нават трэба, калі патрабуецца лячэнне. Прасіце скрупулёзна апісаць пашкоджанні, падрабязна апісаць вынікі даследаванняў і паказаць дыягназ. Экспертызу можна правесці пазней і па дакументах.



А калі я не хачу заяўляць пра злачынства: асабіста мяне не білі, ды і сядзеў/ла я нядоўга, хоць і без ежы?

Калі ў дзеяннях супрацоўнікаў МУС ці МА няма складу злачынства, а ёсць парушэнне закона-на гэта павінны адрэагаваць пракуратура і МУС. Звярніцеся ў гарадскую пракуратуру або да гарадскога (або раённаму) пракурору з скаргай.



Калі я звярнуся ў Следчы камітэт ці пракуратуру — ці не будзе яшчэ горш?

Цяпер адбываюцца падзеі, якія не паддаюцца разумнаму прагназаванню, калі не працуе закон і паўсюдна парушаюцца правы чалавека і асноўныя свабоды. Мы не ўяўляем, да чаго прывядзе эскалацыя гвалту і чым скончыцца гэты крызіс. Таму кожны чалавек павінен прыняць для сябе рашэнне самастойна. У любым выпадку, мы падтрымаем і зразумеем ваша рашэнне і акажам тую падтрымку, якая цяпер даступная.



Я ўжо падаў (-ла) скаргу/ заяву. Калі будзе адказ? Што рабіць, калі мне адкажуць адпіскай?

Тэрміны дачы адказу залежаць ад таго, ці будзе ваш зварот правярацца, наколькі глыбока і аператыўна. Таму гэта можа быць і 4-5 дзён, і больш за месяц. Калі следчы паведаміць вам аб тым, што вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, то запытаеце асобна ў яго гэтую пастанову (можна па пошце).


Звярніцеся ў ПЦ «Вясна» за дапамогай у складанні скаргі на пастанову або іншы не задавальняючы вас адказ па вашаму звароту.