«Я не зайздрошчу табе». Беларусы-ваяры напісалі сабе лісты ў мінулае

Беларусы, якія ваююць за Украіну, напісалі сабе лісты ў мінулае — у вечар перад пачаткам вайны, у 23 лютага 2022 года.

24_23.png

23 лютага 2022 года — апошнія ціхія суткі перад вайной. Яны скончацца, і жыццё мільёнаў людзей падзеліцца на «да» і «пасля». Праз год пасля таго, як Расія напала на Украіну, «Люстэрка» папрасіла беларускіх добраахвотнікаў напісаць сабе лісты ў мінулае: з лютага 2023-га ў той самы дзень, калі ад трагедыі свет аддзялялі ўсяго некалькі гадзін.

Уявіце: вечар перад вайной, чацвёра мужчын, якія ў будучыні апынуцца на фронце, чытаюць пасланні пра тое, што іх чакае, і пакуль нават не ўяўляюць, як усё неўзабаве зменіцца.

Ліст Салама: «Заўтра ты прачнешся і даведаешся страшную навіну»

Салам на вайне. Украіна, верасень 2022 года. Фота: скрыншот відэа «Б*лсата»

Салам на вайне. Украіна, верасень 2022 года. Фота: скрыншот відэа «Б*лсата»

Саламу 30, ён з Баранавічаў. Пакінуў Беларусь пасля выбараў 2020-га. Да вайны жыў у Польшчы. У сакавіку 2022-га адправіўся ва Украіну. Служыў у ТРА — тэрытарыяльнай абароне, валанцёрыў. У верасні далучыўся да палка Кастуся Каліноўскага. Цяпер ваюе ў Бахмуце.

— Прывітанне, я з мінулага! Нас раздзяляе ўсяго год, а адчуванні такія, быццам паміж намі з дзясятак гадоў. Мне вельмі шкада, але заўтра тваё жыццё зноў падзеліцца на «да» і «пасля». Так, мы ўжо праходзілі гэта ў 2020-м і цяпер сутыкнёмся з гэтым зноў.

Я не зайздрошчу табе. Заўтра ты прачнешся і даведаешся страшную навіну пра пачатак вайны, якой спачатку нават не паверыш. Потым цябе будуць чакаць два тыдні разгубленасці. Ты правядзеш іх на антываенных акцыях, у цірах і ў пошуках шляху ва Украіну. Потым — караван да Абухава (горад у Кіеўскай вобласці. — Заўв. рэд.) і тэрытарыяльная абарона, якая стане тваім домам амаль на тры месяцы. А яшчэ — першая паветраная трывога ў дарозе і страх, што мы не даедзем да пункта прызначэння. Пасля — першая начная варта пад кананаду выбухаў, але там табе чамусьці зусім не будзе страшна.

Затое будзе страшна і балюча, калі праз два дні пасля ўцёкаў рускіх вы будзеце ехаць па Жытомірскай трасе ў Барадзянку (пасёлак у Бучанскім раёне Украіны. — Заўв. рэд.). Тыя жудасныя разбурэнні, якія ты там убачыш, назаўжды застануцца з табой. На іх фоне разбітыя ўскраіны Харкава і Бахмут у аблозе ўжо не пададуцца чымсьці жахлівым. Адзінае, да чаго ты не зможаш прывыкнуць, — гэта да свісту снарадаў над галавой, паведамленняў па рацыі пра раненні тваіх пабрацімаў і смерці таварышаў.

Салам у Бахмуце. Фота ад суразмоўцы

Салам у Бахмуце. Фота ад суразмоўцы

Шмат разоў ты будзеш у сітуацыях, пасля якіх захочаш усё кінуць. Будуць і трэніроўкі да знясілення (пасля іх ты будзеш падаць ад стомы, а боль у цягліцах стане чымсьці звыклым), і доўгае, як вечнасць, чаканне. І небяспека. Яна будзе падпільноўваць цябе пастаянна. Але, напэўна, самым складаным акажацца расчараванне ў людзях, якіх ты хацеў бачыць побач у такі важны момант, а яны выбралі камфортнае жыццё.

Наперадзе цябе чакае не проста складаны год, а самы складаны ў тваім жыцці, але я ведаю — ты дасі гэтаму рады. Бо ў гэтыя 12 месяцаў будзе не толькі дрэннае. Ты пазнаёмішся з вялікай колькасцю выдатных людзей. Знойдзеш новых сяброў і паплечнікаў і чарговы раз пераканаешся ў сіле салідарнасці.

Не забывай пра тое, дзеля чаго ты калісьці стаў на шлях барацьбы. Пра ідэалы, пра якія ты калісьці прачытаў у Бакуніна (Міхаіл Бакунін — рэвалюцыянер XIX стагоддзя, адзін з тэарэтыкаў анархізму. — Заўв. рэд.), Крапоткіна (Пётр Крапоткін — рэвалюцыянер-анархіст канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя, таксама тэарэтык анархізму. — Заўв. рэд.). Пра салідарнасць, сілу якой ты ўсё мацней адчуваеш у апошнія гады. Пра вуліцы роднага горада, якія ты марыш убачыць, калі вернешся дадому. І, успомніўшы, працягвай змагацца дзеля той светлай будучыні, якая чакае нас усіх наперадзе.

Ліст Куся: «Калі ў цябе ёсць такая магчымасць, папярэдзь Брэста, каб падчас той задачы яны не заходзілі далёка ўглыб ворага»

Аляксандр «Кусь» Клачко ў Бахмуце. Украіна, пачатак лютага 2023 года. Фота: скрыншот відэа прэс-службы П*лка Каліноўскага

Аляксандр «Кусь» Клачко ў Бахмуце. Украіна, пачатак лютага 2023 года. Фота: скрыншот відэа прэс-службы П*лка Каліноўскага

Аляксандру Клачко з пазыўным Кусь 38 гадоў. Сам ён родам з Баранавічаў. У палку Каліноўскага — з сакавіка 2022-га. Служыць у ракетна-артылерыйскім падраздзяленні.

— Прывітанне! Мяне днямі папрасілі напісаць ліст табе, а дакладней, самому сабе з дня сённяшняга ў мінулае. Сказаць, пра што папярэдзіў бы цябе, што б параіў зрабіць інакш. Трохі падумаўшы, я згадзіўся. Шмат пісаць не стаў, бо ўсе свае рашэнні ў апошні год ты прымаў свядома. Хай яны і не былі лёгкімі, але былі патрэбнымі.

Максімум, што я б табе сказаў, — гэта дзве рэчы.

Першая: калі паедзеш на вайну ва Украіну, не перажывай, што ніколі не трымаў у руках зброі і не ведаеш, як замяніць «магазін» у «калашы» (аўтамат Калашнікава. — Заўв. рэд.), — цябе гэтаму навучаць.

Другая, важная: 24 чэрвеня ты выедзеш у Вільню, каб аформіць дакументы. А напярэдадні, 23 чэрвеня, хлопцы на чале з Брэстам паедуць у бок Лісічанска. Там праз тры дні Брэст, Папік, Атам і Сябро загінуць у баі з танкавай калонай расійскіх акупантаў, а Клешч і Тромблі трапяць у палон. Калі ў цябе ёсць такая магчымасць, папярэдзь Брэста, каб падчас той задачы яны не заходзілі далёка ўглыб ворага, а занялі іншыя пазіцыі і заставаліся максімальна незаўважнымі. Можа, гэта дапаможа ім зберагчы сябе для будучага вызвалення Беларусі.

Больш нічога не стану пісаць. Усё ідзе сваёй чарадой. Так, як трэба.

Ліст Сената: «Дачка ўсё разумее! Яе любімы музычны кліп — «Стэфанія»

Баец палка «Пагоня» Сенат просіць не называць свайго імя і ўзросту, а таксама публікаваць фота з меркаванняў бяспекі. Да «Пагоні» ён далучыўся ў чэрвені 2022 года, у кастрычніку перайшоў у полк Каліноўскага.

— Вітаю!

Памятаеш, як днём 23 лютага 2022-га ты віншаваў сваіх былых саслужыўцаў (для цябе яны сталі калабарантамі пасля таго, як паўдзельнічалі ў разгонах пратэстаў у 2020-м) з прафесійным святам, каб выведаць у іх крыху інфармацыі? Цябе вельмі здзіўляла іх упэўненасць у сваіх сілах. Яны з задавальненнем расказвалі, як пасля захопу Кіева разам з расіянамі пройдуць парадам па Храшчаціку… Ты добра ведаў, што ўкраінцы гатовыя сустрэць акупантаў са зброяй у руках!

Не хвалюйся, пасля знішчэння элітных расійскіх падраздзяленняў у Гастомелі калабаранты настолькі спалохаюцца, што ваяваць на тэрыторыі Украіны амаль ніхто з іх не будзе гатовы. Самыя «рускасветныя» пойдуць у «Вагнер». Некаторыя з іх стануць «двухсотымі», «трохсотымі», а хтосьці трапіць у палон…

Пасля пачатку буйнамаштабнай вайны цябе перастануць здзіўляць паводзіны і выказванні людзей, нават калі некаторыя аматары «рускага свету», убачыўшы спаленыя калоны расійскай тэхнікі, пачнуць рэзка пераабувацца…

Хаця не, будуць дзве рэчы, якія цябе па-сапраўднаму здзівяць… Гэта калі беларускія артылерысты адмовяцца страляць па тэрыторыі Украіны (такой інфармацыі ў адкрытых крыніцах мы не знайшлі, ва ўмовах вайны не ўяўляецца магчымым яе праверыць. — Заўв. рэд.). А таксама тое, як хутка ў маладых беларускіх хлопцаў, якіх выхоўвалі ў наратыве «мы, беларусы, мірныя людзі», прачынаецца ген вайны…

Ты зробіш вялікую памылку, што не з’едзеш ва Украіну ў пачатку лютага. Польскую візу ты будзеш рабіць тры месяцы… Яшчэ адна памылка чакае цябе, калі ты трапіш у Польшчу: замест таго, каб далучыцца да палка Кастуся Каліноўскага, ты пойдзеш у «Пагоню»… Ты страціш некалькі месяцаў на выкананне арганізацыйных задач… Але ж у гэтай памылцы ёсць і вялікі плюс! За час у «Пагоні» ты пазнаёмішся са шчырымі беларускімі патрыётамі з розных парамілітарысцкіх арганізацый.

Не хвалюйся, што цябе не возьмуць у выведку праз твой дрэнны зрок, кантактныя лінзы вырашаць гэтую праблему.

Да ад’езду з Беларусі ты будзеш думаць, што на адлегласці пачнеш сумаваць па сваяках, асабліва на Новы год, які па традыцыі адзначаеш разам з імі. Цяпер тваёй новай сям’ёй стануць пабрацімы, а Новы год ты сустрэнеш у сутарэнні пад Бахмутам… Адзіны чалавек, якога табе будзе не хапаць, — гэта твая маленькая дачка… Але яна ўсё разумее! Яе любімы музычны кліп — «Стэфанія»… (песня, з якой украінскі гурт «Kalush Orchestra» перамог на Еўрабачанні-2022. — Заўв. рэд.). Гэтым усё сказана…

Нягледзячы на ўсе складанасці, ты будзеш ведаць, што робіш правільную справу. Ты перастанеш жыць для сябе, а пачнеш жыць адзінай мэтай — вызваленне Беларусі і беларускага народа!

Ліст Жэрара: «Брэста не стане. Але я ўпэўнены, ён бы ганарыўся табой»

Жэрар на вайне ва Украіне. Фота ад суразмоўцы

Жэрар на вайне ва Украіне. Фота ад суразмоўцы

Жэрару 35 гадоў, ён з Мінска. З’ехаў з Беларусі ў снежні 2020-га. Жыў ва Украіне. У палку Каліноўскага з сакавіка 2022-га.

Прывітанне, Жэрар! Гэта толькі здаецца, што калі б ведаў загадзя, што адбудзецца, то мог бы зрабіць лепш. Не, рабі, што рабіў, і ні пра што не шкадуй.

Гэты год пройдзе так, як ты не чакаў, і так хутка, быццам час сціснуўся. Пачнецца вайна. Ты пойдзеш ваяваць. Рашэнне пра гэта ты прымеш хутка, нават сумнявацца не будзеш. Чаму? Таму што хто яшчэ? Толькі ты зможаш зрабіць тое, што зможаш зрабіць ты.

Гэтая вайна забярэ найлепшых, але і падорыць найлепшых. Ты пазнаёмішся з Волатам, Брэстам, Тэрорам, Літвінам… Гэта твае будучыя пабрацімы. Я не ўсё магу расказаць табе пра іх, але сёе-тое скажу пра Брэста. Вы сустрэнецеся ўжо ў батальёне Каліноўскага — будзе такое падраздзяленне, якое створаць беларускія добраахвотнікі, якія ваююць за Украіну. Ведаеш, нягледзячы на ўсе старанні, у нейкі момант ты зразумееш: ты не вельмі добры ваяр. Табе будзе здавацца, што ты цягнеш усё падраздзяленне ўніз, што ты — цяжар.

Што здарыцца? У цябе будзе такая праца, што нават самому сабе нельга расказаць пра нейкія канкрэтныя выпадкі. Але так, ты не штурмавік і фізічна зусім не моцны. Прыняць гэта будзе няпроста. Аднак у той момант, калі ты захочаш апусціць рукі і сысці, Брэст цябе спыніць. Скажа: «Вайна — гэта не толькі, калі ўмееш страляць, а калі ўмееш думаць. Ты яшчэ свае таленты не раскрыў». Брэст убачыць у табе тое, чаго не заўважаць іншыя. Шмат у чым дзякуючы яму нават праз год ты застанешся ў палку.

Брэста не стане. Але я ўпэўнены, ён бы ганарыўся табой. Тым, якім ваяром ты станеш.

Ведаеш, гэтая вайна кардынальна зменіць тваё жыццё. Але не шкадуй, што ты ў гэта ўсё ўвязаўся, бо галоўнае — ты не здрадзіў сабе. І мне з будучыні не сорамна за твой выбар.

P.S. Калі ёсць сумневы, думай і дзейнічай, толькі не цягні і не адкладай. І памятай: першае ўражанне пра чалавека цябе ніколі не падводзіць, давярай сваёй інтуіцыі на сто працэнтаў.