«Я знаходжуся ў палоне». Сем гадоў атрымаў мінчанін за захоп МАЗа на пратэстах у жніўні ў Мінску

«Я знаходжуся ў палоне, я не здзяйсняў таго, што мне ставяць у віну», — сказаў у апошнім слове 29-гадовы Дзмітрый Дубкоў, якога абвінавачваюць ва ўгоне грузавіка, пагрозе гвалту над міліцыяй і ўдзеле ў масавых беспарадках. Хлопец сваю віну ў злачынстве не прызнаў, але пракурор палічыла яе даказанай. Сёння суд Савецкага раёна прысудзіў Дзмітрыя да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

avto_sud_20210126_z_phsl_tutby_img_1085_2_006.jpg

Нагадаем, у жніўні, падчас пратэстаў на вуліцы Прытыцкага ў Менску, група хлопцаў захапіла МАЗ тэхдапамогі і блакавала ім дарогу, піша TUT.BY. Затрымалі толькі аднаго чалавека, які мае дачыненне да здарэння, — 28-гадовага Дзмітрыя Дубкова, хоць асобы некаторых іншых удзельнікаў былі добра бачныя.

Яго абвінавачвалі па двух артыкулах КК. Таксама пазоў на суму каля 22 тысяч рублёў за прастой грамадскага транспарту яму прад'явіла ГП «Мінсктранс». Абвінавачаны віну прызнаў часткова, з пазовам не пагадзіўся. Пацярпелыя прэтэнзій да яго не маюць.

Дзяржабвінаваўца запрасіла для абвінавачанага пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на сем гадоў з адбываннем тэрміну ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама хлопец павінен задаволіць пазоў ГП «Мінсктранс» у поўным аб'ёме (Нагадаем, гэта амаль 22 тысячы рублёў).

Сёння Дзмітрыю Дубкову далі апошняе слова, пацярпелыя на пасяджэнне не прыйшлі. А пасля абеду хлопцу абвясцілі прысуд.

— Пачну некалькі здалёк: параю кнігу. Нашы дзяржСМІ палюбілі слова «метадычкі», і я хацеў бы параіць адну з іх, іх любімую кнігу — «Скотны двор» Оруэла. Для чытання ўсім. Пасля гэтага паглядзець навінавы выпуск: жывем як у казцы, не інакш, — пачаў казаць абвінавачаны.

Хлопец папрасіў прабачэння перад пацярпелымі і адзначыў, што дзеянні, якія адбыліся, «гэта нецывілізавана».

— Абвінавачванне мне залічвае ў віну крадзеж, здзейснены групай асобаў. Я гэта ўспрымаю як абразу. Я сам прафесійны кіроўца, мой бацька працаваў на рознай тэхніцы. Мне вядома, што такое агрэсія за рулём, гвалт. Я ведаю, чаго варта такая праца, і паважаю яе. Здзейсніць падобнае недапушчальна для мяне. Але падобныя довады не маюць значэння для абвінавачвання.

Дубкоў заявіў, што прамога намеру на неправамернае завалоданне аўтамабілем, паездкі на ім без мэты крадзяжу ў яго не было. На яго думку, гэта даказалі сведкі, пацярпелыя, відэазапісы з месца здарэння:

— Я не адмаўляю — перагнаў аўтамабіль з пункту А ў пункт Б. гэта ставіцца мне як саўдзел з «раптам узніклым папярэдніх змовай». Раптам і папярэдне — я не змог сабе растлумачыць, як гэта можа быць.

Хлопец адзначыў, што ён з'явіўся праз пяць хвілін пасля фразы «хто ўмее вадзіць?», кіроўцы ў групы не было, і ён не мог ведаць, як усё адбылося. А таму неправамернага завалодання тэхнікай не было. «Давайце ўедзем у АМАП» прагучала пасля таго, як Зміцер ужо крануўся, але ён гэтага не зрабіў.

— Так, я выцер адбіткі сваіх пальцаў, пасля таго як пачуў гэтую прапанову. Мае дзеянні былі спантаннымі. Наперадзе быў ланцуг сілавікоў, было страшна. Я аддаў ключы і сышоў. Быў угон? Не было ўгону. Масавых беспарадкаў не было. Таксама не было гвалту над супрацоўнікамі — яны былі на досыць вялікай адлегласці.

Абвінавачаны лічыць, што яго дзеянні ў тую ноч можна кваліфікаваць па артыкулах КаАП Беларусі: 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і часткова 18.1 (Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый).

— Тое, што мне залічвае дзяржабвінаваўца і спрабавала «усунуць» папярэдняе следства, недапушчальна ў прававой дзяржаве. Па сутнасці, мяне паўгода трымаюць у палоне. Пасля гэтага запытваць сем гадоў, за што, прабачце? Так, я не згодны з вынікамі выбараў. Лічу, што наша дзяржава дзейнічае ў інтарэсах адной канкрэтнай асобы. Не выконвае Канстытуцыю і гарантаваныя правы. І пагаджацца з гэтым нельга. Я не разумею, чаму падобнае адбываецца…

Суд Савецкага раёна прызнаў Дзмітрыя вінаватым і прысудзіў да сямі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазоў «Мінтранса» будзе разгледжаны ў парадку грамадзянскай вытворчасці.

Адвакат Дзмітрыя Дубкова Вольга Карпушонак заявіла, што іх бок будзе абскарджваць прысуд суда.