Як ахоўвалі Ціханоўскую падчас паездак па краіне ў 2020 годзе
Генадзь Манько, які адказваў за бяспеку Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала падчас перадвыбарчых мітынгаў, расказаў пра некаторыя акалічнасці гэтай працы ў новым выпуску «Ток».
Аховай трыумвірату займалася група спецыялістаў. Генадзь Манько разам з іншымі калегамі вёў працу, якая была нябачнай, піша «Наша Ніва».
«Мы не выязджалі, не хадзілі разам. Наша задача была ў момант, калі будзе нейкі хапун, эвакуяваць першых асобаў. Для гэтага было некалькі экіпажаў, некалькі груп маіх таварышаў. Я быў блізка на сувязі».
Як згадвае Манько, кожны дзень наведваліся ў тры гарады. У каманды было тры машыны. Два экіпажы былі ў горадзе, адзін не заязджаў. Заўсёды былі дакладна размеркаваныя іх функцыі.
«Дакладна было распісана, хто, куды, у які момант знікае, дзе сустракаемся без сувязі. Плюс мы ў момант пераезду заўсёды заязджалі наперад. Была, скажам так, разведгрупа, якая займалася бяспекай. Глядзелі, дзе працуе вонкавае назіранне, што рыхтуецца. Вылічвалі абстаноўку, адкуль будуць весціся здымкі».
Як Манько высочвалі ў горадзе
Генадзя Манько некалькі разоў у 2020-м затрымлівалі. Першы раз гэта адбылося ў Баранавічах 2 жніўня.
«Я сам з Баранавіч. За дзень мы прыехалі туды. Я сам начаваў дома. Усіх пасялілі ў гасцініцы. На другі дзень было запланавана выступленне ў парку. Як і ва ўсіх гарадах, было шмат народу, вялікі эмацыйны ўздым. Было кінута вельмі шмат розных службаў, пераапранутых таварышаў», — згадвае Манько.
Па словах мужчыны, пасля сустрэчы трэба было ехаць у Брэст. Было некалькі машын на армянскіх нумарах, зарэгістраваных на яго.
«Я ведаю горад. Заехаў за гасцініцай збоку вуліцы Камсамольскай, у тупічок паставіў, каб далёка не ісці. Пасля сустрэчы памог выехаць. І хутка адышоў. Гляджу — стаяць пяць чалавек збоку міліцыянераў за гасцініцай «Гарызонт». Я ведаю гэтых людзей, бо сам з горада. Гэта мясцовыя таварышы з ГУУС. У мяне было прадчуванне, што яны чакаюць мяне.
Я хутка скочыў у машыну, а яны гэтага не чакалі, не думалі, што я кіроўца гэтай машыны. Я выязджаю. Яны за мною беглі, хацелі мяне тармазнуць. Я зрабіў выгляд, што не бачу. Выехаў на Камсамольскую направа. Там парк, Дом афіцэраў. І там ужо мне перагарадзілі дарогу. Падышоў начальнік ДАІ. Ён мяне ведае. І ён не чакаў, што гэта я за стырном.
Ён запытаў пра дакументы. У мяне пашпарт быў з сабою. Але я думаў, што забыўся. Прапанавалі праехаць для высвятлення асобы. Мы паехалі ў суправаджэнні дзвюх машын з мігалкамі. Па дарозе я маякнуў, што знайшоў пашпарт. Але ўсё роўна паехалі ў ГУУС. Нас з таварышам пасадзілі ў пакоі. Я чую, як па станцыі яны паміж сабою размаўляюць, што заўважаная другая машына на армянскіх нумарах: «Тэрмінова прыняць усе меры для затрымання». Я гавару: «Ціха, спакойна. Гэта мая машына». Там мой сын быў за стырном. Яны папрасілі, каб ён таксама прыехаў у ГУУС».
У выніку Манько адпусцілі, а машыны затрымалі па падазрэнні ў тым, што яны нібыта знаходзяцца ў вышуку. Манько застаўся ў горадзе, а вечарам сустрэўся з удзельнікамі каманды на трасе. А машыны былі вернутыя толькі ў верасні ці кастрычніку 2020-га, бо рабіўся запыт у Арменію.
Як потым расказваў Манько знаёмы, для агляду машын прыязджалі людзі ў спецыяльных бронекамізэльках. «Магчыма, выбуховыя рэчывы шукалі. Яны ведалі, што я разведчык, служыў у Афганістане. Чалавек, здольны на ўчынак. Нешта ў яго павінна быць. Але паглядзелі — нічога няма», — каментуе Манько.
Другі раз Манько запрасілі на сустрэчу ў цэнтральны апарат ГУБАЗіК.
«Калі я недзе выязджаў, то адключаў тэлефон і мае перамяшчэнні нідзе не фіксаваліся. У нас былі іншыя тэлефоны, з іншай сувяззю. Была рэзервовая сувязь. Мы нават не карысталіся сотавымі тэлефонамі. Я якраз выехаў з Баранавіч і ўключыў тэлефон, бо трэба было. І мне адразу званок», — згадвае Манько.
У ГУБАЗіКу яго папрасілі падпісаць дакумент з папярэджаннем.
«Калі другі раз я буду затрыманы па масавых мерапрыемствах, буду ставіць перад сабою мэту звяржэння ўлады, то будзе крымінальная адказнасць, — пераказвае Генадзь яго змест. — Я гавару: «Які другі раз? Я і ў першы не парушаў». Ён адказвае: «Такая агульная форма». «Не, кажу, прыбірай. Ты мяне папярэдзіў. Я зразумеў. Дзякуй. Нічога не буду рабіць такога, каб звяргаць уладу».