«Калі ставілі да сцяны, было адчуванне, што нас вывелі на расстрэл»

Знясілена засыпаць пад крыкі тых, каго збіваюць, спрабаваць не задыхнуцца і выжыць разам з 36 жанчынамі ў камеры, разлічанай на чацвярых, думаць, што цяпер цябе расстраляюць або пусцяць газ, зляпіць з хлеба аўтазакі і зрабіць выставу ў Жодзіне, быць удзячнай міліцыянту з РУУС, які застаўся чалавекам у дзікіх умовах.

elena14_031220.jpg


Усё гэта — частка жыцця Лены Амнуэль. Дзяўчына правяла тыдзень у РУУС, трох ІЧУ, ЦІПе толькі за тое, што была незалежным назіральнікам на выбарчым участку.
Лену затрымалі 8 жніўня а 10 гадзіне раніцы на ганку роднай школы №20, дзе на выбарчым участку №19 і праходзіла датэрміновае галасаванне.
— Незалежных назіральнікаў перасталі пускаць у школу. У нас былі крэслы, і мы сядзелі на ганку. Падышлі людзі ў цывільным, вельмі хутка паказалі пасведчанне, я нічога не паспела прачытаць, і сказалі, што трэба праехаць у бліжэйшы РУУС, даць паказанні. На мяне напісала заяву старшыня суседняга ўчастка, што я нібыта рвалася ў школу, штурхала яе, крычала, размахвала рукамі — стандартны набор абвінавачванняў.
У РУУС я патлумачыла, што нічога падобнага не адбывалася. Была адна сітуацыя, калі 6 жніўня нас не пусцілі ў школу, і мы вялі дыялог на злёгку падвышаных танах, не больш. На мяне склалі два пратаколы: за дробнае хуліганства і парушэнне грамадскага парадку. Я напісала: «Не згодная». Сказалі, што да суда, да панядзелка, буду на сутках.
Мы ў камеры напісалі аркушыкі з кантактамі родных. Адну дзяўчыну выпусцілі, і дзякуючы гэтай паперцы, мае бацькі даведаліся, у якім РУУС у мяне суд
У РУУС я праседзела ў кабінеце следчага з 10 да 15 гадзін. Потым мяне павезлі на Акрэсціна ў ІЧУ. Пасля медагляду завялі ў пяцімесную камеру на чацвёртым паверсе, дзе жанчыны з Расіі чакалі дэпартацыі.
Я ўпершыню трапіла ў такое месца і не разумела, што адбываецца. Была гатовая да таго, што могуць затрымаць, але не думала, што гэта адбудзецца 8 жніўня. На ўчастку я адчувала сябе ў бяспецы, не ўяўляла, што могуць забраць прама адтуль, з роднай школы. Ад злосці і страху трэсла, перахапляла дыханне, і я заснула ад бяссілля. Гадзін у пяць да нас завялі дзяўчынку. Я адразу зразумела, што яна такая ж, таксама назіральнік. Разгаварыліся, стала лягчэй.
У сем нам прынеслі вячэру, а ў палове на дзявятую пагрукалі ў камеру і сказалі нам дваім збіраць рэчы. Мы спалохаліся, час ужо да ночы. Потым падумалі, а можа адпусцяць.
З ЦІПа (Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, — Август2020) выйшлі яшчэ чатыры дзяўчыны — усе назіральнікі, і была яшчэ Марыя Мароз, начальнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. У 11 гадзін вечара нас прывезлі ў ІЧУ Мінскага раёна ў Сляпянцы. Надгледзелі і размясцілі ў камеры на восем чалавек (нас было сямёра). Выдалі новую пасцельную бялізна, і мы ляглі спаць.

"Супрацоўнікі ІЧУ разумелі, што мы знаходзімся тут ні за што"

— У нядзелю быў спакойны дзень. Супрацоўнікі ІЧУ разумелі, што мы знаходзімся тут ні за што. Нам прынеслі каву, гарбату, цукеркі. Пастаянна пыталіся, можа нешта трэба. У камеры была халодная вада, і нам прыносілі кіпень, каб памыцца, зрабіць гарбату. Выводзілі на прагулкі.
Увечары да нас дадалі яшчэ адну дзяўчыну. Яна была юрыстам і кансультавала нас у камеры. Мы нават прагаласавалі ў асобным пакойчыку. Калі я яшчэ была ў РУУС, першае, што я спытала ў следчага, ці змагу я прагаласаваць.
У панядзелак нам сказалі, што суды з-за ковіда праходзяць па скайпе, але цяпер няма інтэрнэту. Мы вельмі спадзяваліся, што нам дадуць штраф. Супрацоўнік ІЧУ прынёс нам чатыры пачкі Ролтана, мы так і не з'елі іх. І яшчэ знайшоў мне раствор для лінзаў. Потым нас сталі развозіць па РУУС. Яшчэ ў камеры мы напісалі кожнай з нас лісточкі з кантактамі родных. Адну дзяўчыну выпусцілі, і дзякуючы гэтай паперцы, мае бацькі даведаліся, у якім РУУС у мяне суд. Да гэтага ім не давалі ніякай інфармацыі, а калі я была ў РУУС, туды не пускалі адвакатку, і казалі, што мяне там няма.
10 жніўня мяне прывезлі ў РУУС, завялі праз задні ўваход, у нейкі пакойчык, дзе было адно акно — унутр самога будынка. Там ужо знаходзілася жанчына — Ніна (імя зменена, — Август2020). Потым прыйшоў малады міліцыянт, сказаў, што няма машыны, каб везці нас у суд, і што ён пастараецца зрабіць усё магчымае, каб нас адпусцілі.
Прыйшоў суддзя, і мы стаялі ў чарзе на суд. Я ўбачыла бацькоў у калідоры. Спачатку зайшла Ніна, я пачула, што яна заплакала, і зразумела, што ёй далі суткі, хоць яе наогул ні за што затрымалі: яна стаяла за тэрыторыяй школы, і праз плот глядзела на сына-назіральніка, хвалявалася за яго. І я зразумела, што мне дадуць суткі, раз у мяне два пратаколы. Суддзём быў Максім Трусевіч, які раздае ўсім суткі. Я давала паказанні, ён здзекліва адказваў, адвакатка прыклала маю характарыстыку. Ён сказаў:
— Раз вы такая разумніца, чаму вы так сябе вядзеце?— Як так?— 12 сутакЯ заплакала. Хлопец-міліцыянт адвёў мяне памыцца, спрабаваў супакоіць. Сказаў ціха: "Мы хутка пераможам".
Мы з Нінай вярнуліся ў кабінецік, спыталі, куды нас павязуць. Хлопец-міліцыянт адказаў, што на Акрэсціна ці ў Жодзіна.

У ЦІПе сядзелі цэлымі сем'ямі: мама, тата, дзве дачкі


Бацькі паспелі перадаць нейкія рэчы, нешта з ежы, але кавалак у горла не лез. У пакойчыку было тры жалезных крэсла, стол. Я лягла на халодныя крэслы, вельмі хацелася спаць. Ніна начавала на стале. Усю ноч прыводзілі затрыманых, даглядалі, апісвалі рэчы. Мы бачылі гэта ў дзірачку ў жалюзі.
Раніцай да нас прывялі маладога хлопца (Вадзіма ўзялі з улёткамі) і дзвюх дзяўчынак, якіх затрымалі за тое, што яны выйшлі з медпрэпаратамі, каб дапамагаць пацярпелым. Іх вазілі на суд: дзяўчынкам далі па 6 сутак, хлопцу — 10. Так крыўдна было. Хлопец-міліцыянт спрабаваў дапамагчы ўсім, чым мог. Даў нам усім патэлефанаваць. У нас была магчымасць хадзіць у туалет, піць ваду. Мы з дзяўчатамі вырашылі легчы на падлогу. Міліцыянт прынёс нам два пледы, і нейкую запавесу. У гэтым пакойчыку мы правялі суткі, да 11 жніўня.
Увечары нас паднялі. Міліцыянт сказаў, што ён не хоча везці нас у ІЧУ, але нічога зрабіць не можа. І што ў РУУС паступіла інфармацыя, што на Акрэсціна вельмі шмат людзей, і калі гэта так, то нашы ахоўнікі разгорнуцца і паедуць назад. Мы ехалі па праспекце. Ён быў пусты. Ніводнага чалавека. Як я потым даведалася, тады ўсё было на раёнах. Але мы нічога не ведалі і думалі: няўжо нічога не адбываецца ў горадзе.
Пад'ехалі на Акрэсціна, і ўбачылі, што там стаіць крыху людзей, у асноўным, бацькі і блізкія, натоўпу не было.

"Падумала, на экранах ідзе страшны фільм, не адразу ўсвядоміла, што гэта камеры назірання"

— ІЧУ было перапоўнена, і нас павялі ў ЦІП. Мы доўга стаялі ля сцяны. Падышоў хлопец, быццам бы яго клікалі Яўген, пра яго многія распавядаюць, такі, з цёмнымі бровамі. Ён запытаўся ў Вадзіма:— Гэта я цябе ўчора на плошчы п ... л?Хтосьці адказаў, што не, яго ўзялі за ўлёткі. Яўген сказаў:— Значыць, нагнаць!І ўдарыў Вадзіма некалькі разоў у жывот кулаком, так, што той упаў.
Хлопцам з РУУС трэба было з'язджаць, наш міліцыянт падышоў і ў кожнага ўзяў нумар тэлефона родных, і потым паведаміў ім.
Адчынілі дзверы, і я міжвольна зрабіла крок назад. Адтуль проста жарам абдало. У камеры была неверагодная колькасць людзей!
Нас павялі ў камеру № 19 на трэцім паверсе, а Вадзіма — у суседнюю. Адчынілі дзверы, і я міжвольна зрабіла крок назад. Адтуль проста жарам абдало. У камеры была неверагодная колькасць людзей! Яны былі проста ўсюды: на ложках па 3-4 чалавекі, пад ложкамі, на стале і пад сталом, на тумбачках і ў тумбачках. У чатырохмеснай камеры знаходзілася 36 чалавек! Там складана было нават хадзіць.
Мы даведаліся, што дзяўчынак не кармілі з 9 жніўня. У мяне была ежа, я адразу ўсё дастала. Нам распавялі, як б'юць хлопцаў у суседніх камерах. Па ўсім калідоры — кроў, мача. З намі была дзяўчына Алеся, з Расеі, яна патрабавала амбасадара, але супрацоўнікі не рэагавалі. Яе таксама білі ў ЦІПе. У камеры былі жанчыны ад 20 да 60 гадоў. Сядзелі і цэлыя сем'і: мама і дзве дачкі, тату іх таксама затрымалі — на выбарчым участку. Былі людзі, якім у аўторак далі штрафы, але іх не адпусцілі.
Было ўжо 11 вечара, і мы паспрабавалі легчы спаць. Я знайшла месца пад рукамыйніцай. Разгрэбла абутак і красоўкі сталі зручнай падушкай. Было так горача, як у лазні. Дзяўчынкі распавядалі, што ў камеру плёскалі ваду і станавілася яшчэ горш і гарачэй. Усе былі без сіл. У многіх вочы сталі жоўтымі, альбо мне здавалася так ад асвятлення. Пазней нам адкрылі кармушку.
Неяк мы ўлягліся, але там было настолькі страшна, што ад кожнага шоргату па-за камерай пастаянна знаходзіліся ў стане «калатун». Мяне ўвесь час трэсла. Ты проста не разумееш, што адбываецца, як такое можа быць. Як?! Потым пачалі біць хлопцаў. Мы чулі крыкі. І гэта самае жахлівае: ты засынаеш пад гэтыя крыкі, таму што ў цябе ўжо няма сіл.

"Бабулі хрысцілі аўтазакі... а мы плакалі ўсім аўтазакам"

— Прачнуліся рана. Нам прынеслі ежу: 6-8 боханаў хлеба. Потым нас сталі партыямі выводзіць ва ўнутраны дворык. Там ужо стаялі хлопцы ў куце, на каленях, тварам у падлогу. А нас паставілі ў шэраг па дзесяць чалавек да сцяны, рукі за галаву. Дзяўчынкі пачалі губляць прытомнасць.
Калі нас вывелі да сцяны, у мяне было адчуванне, што нас вывелі на расстрэл. І могуць зрабіць гэта без усялякага сораму. Гэта вельмі страшна. Проста ў галаве не ўкладвалася. У мяне настаў такі стан, калі ўнутры ўсё пуста, мабыць, ахоўная рэакцыя. Думала толькі аб моманце, калі выйду і мяне сустрэнуць родныя. У выніку тым, каму стала дрэнна, дазволілі сесці на зямлю. Дзяўчаты спрабавалі шукаць позіркам сваіх мужоў, хлопцаў. Хлопцы былі ў жахлівым стане: хтосьці без абутку, хтосьці без штаноў, у адных трусах, страшна пабітыя, сінія.
Стаялі-сядзелі мы доўга, з 10 раніцы да гадзіны дня. Потым людзей сталі расфарміроўваць па аўтазаках. Хтосьці з нас сеў на лаўку. Амапавец крыкнуў:
— Куды вы сядайце? На падлогу!
Але другі сказаў:
— Ды добра, хай садзяцца.
У аўтазаку мы на эмоцыях пачалі выказвацца: ну як так можна?! Нас не кармілі, столькі чалавек у камеры, ніякіх умоў. Яны спачатку не рэагавалі, але потым раздалі нам нейкі хлеб. Дзяўчынкі задавалі пытанні, хацелася выгаварыцца і зразумець, што ў людзей у галаве. Але яны адказвалі мінімальна. Я зразумела, што размаўляць бессэнсоўна яшчэ тады, калі мы стаялі каля сцяны. Адна дзяўчына казала пра Канстытуцыю, амапавец засмяяўся, і сказаў, тыпу якая яшчэ Канстытуцыя.
Мы глядзелі ў акенца аўтазака, на Акрэсціна стаяла шмат людзей, усе плакалі. Бабулі хрысцілі аўтазакі. І мы плакалі ўсім аўтазакам. Калі ехалі па горадзе, чулі, як сігналілі машыны, і зноў усё плакалі. Потым я заснула.
У Жодзіне нас выгрузілі, раздалі аднаразовыя маскі і перадалі вайскоўцам. Тыя завялі ў адстойнік: пакой, 12 жалезных лавак (нас 24) і туалет. Потым павялі на дагляд. Мы спыталі там у супрацоўніц: б'юць тут, кормяць ці што? Яны здзівіліся:
— Адкуль вы ўвогуле прыехалі?!
Потым нас павялі па падземным лабірынтах. Завялі ў памяшканне для душа, там ужо было шмат людзей, і такое адчуванне, што гэта — газавая камера. І ўсе такія: "Што гэта? Што?!”
Нам у адказ: — Спакойна, мы зараз вас будзем па камерах распіхаць.

"Кожная з нас зляпіла з хлеба аўтазак — атрымалася цэлая выстава"

Прывялі ў камеру. А яна пустая, вау! На дзесяць месцаў нас усяго 15 чалавек, самі разумееце, у параўнанні з Акрэсціна. Я да таго часу раздала ўсе свае пракладкі, і гэта быў нейкі кашмар. На Акрэсціна дзяўчынкам казалі: майкамі падатрыцеся. Мы прасілі наглядчыкаў:
— Прынясіце хоць што-небудзь.
Адказалі, што зараз не могуць, паспрабуюць заўтра. У чацвер, 13 жніўня, нам прынеслі і пракладкі, і сняданак. Але з-за таго, што ўсе доўга галадалі, мы змаглі з'есці па дзве лыжкі. Было вельмі шмат хлеба, і мы займаліся лепкай фігурак. Кожная зляпіла па аўтазаку. Паставілі на палічкі — атрымалася цэлая выстава.
Не ведаю, як зараз у Жодзіне, але нам дазвалялі ўвесь дзень ляжаць. Мы спалі, размаўлялі. Кампанія была вельмі добрая, з'явіўся нават нейкі спакой. У пятніцу нас павялі падпісваць нейкія паперы. Сказалі, што мы падвяргаемся амністыі, хоць мы не разумелі, наколькі тут наогул дарэчны гэты тэрмін. Маўляў, вас адпускаюць датэрмінова, але калі трапіцеся яшчэ раз, даседзіце суткі і вам яшчэ дадуць новыя. Пазней мы даведаліся, гэтая паперка не мае ніякай юрыдычнай сілы.
Мы папрасілі знайсці нашы рэчы. Зайшлі ў адзін лабірынт, а там стаялі пакеты з перадачамі — проста гарамі. Не ведаю, чаму іх не перадавалі, можа, з-за вялікага аб'ёму не паспявалі. Потым павялі да выхаду, дзе нас сустракалі валанцёры і бацькі.

Я больш не выкарыстоўваю саюз "калі"

— Першыя дні два было вельмі страшна выходзіць з дому. Баялася людзей у форме, пачынала ўзрушваць. Калі распавядала сваю гісторыю ў сябе ў сацсетках, я плакала, але мне было важна падзяліцца. У жніўні быў такі стан: то накатвалі хвалі страху, хацелася з'ехаць, то катэгарычна — застацца, і быць карыснай тут. Вырашыла, пакуль няма прамой пагрозы, раблю ўсё магчымае тут.
Стала лягчэй, калі ў нас ва ўніверсітэце арганізаваўся стачкам. Але ўсё роўна нестабільны эмацыйны стан, магу трымацца, а потым раптам расплакацца. Калі адміністрацыя ўнівера напісала заяву на студэнтаў, і некаторых пасадзілі, я рыдала цэлы вечар.
Вельмі блізка ўсё да сэрца прымаю, але стараюся рабіць усё, што ад мяне залежыць. Таму што разумею: пасля таго, што здарылася са мной, я не магу ўзяць і спыніцца. Нельга, каб да людзей так ставіліся.

zah_elena01_011220__1_.jpg


Маё жыццё пасля гэтых падзей моцна памянялася: унутраны стан, круг зносін. Стала складана мець зносіны з тымі, хто не рэагуюць на сітуацыю, альбо робяць выгляд, што ўсё нармальна, з другога боку ў маім жыцці з'явілася шмат новых людзей. Памянялася ўспрыманне свету, мы ўсе ў нейкай ступені вельмі пасталелі.
Я думала, што ўсе добрыя спецыялісты з'ехалі з краіны, але за ўвесь гэты час убачыла, як шмат вакол таленавітых беларусаў
Яшчэ зразумела, што я вельмі моцная, змагла прайсці праз гэты кашмар, мяне гэта не зламала, хутчэй, загартавала, магу годна пераносіць цяжкасці, працягваць з яшчэ большай сілай.
У будучыню нашай краіны вельмі веру. Раней я думала, што ўсе добрыя спецыялісты з'язджаюць. Але за ўвесь гэты час я ўбачыла, як шмат вакол таленавітых беларусаў. Дзе б я ні сядзела ў камерах, там былі людзі розных прафесій, з розных сфер, але настолькі ўсе цікавыя, адукаваныя, разумныя!
І калі ўсё зменіцца (зразумела, што не адразу), гэтыя людзі захочуць будаваць новую Беларусь, стануць яе тварам, якіх прыемна слухаць, пазнаваць, якімі ты будзеш ганарышся, што яны прадстаўляюць тваю краіну.
Я не выкарыстоўваю больш саюз "калі" (если — рус.), толькі "калі" (когда — рус.), таму што веру.
PS. Лена падала абскарджанне на рашэнне суда, і яе тэрмін скасцілі з 12 да 7 сутак. У СК заяву не пісала, таму цяпер не бачыць у гэтым сэнсу. Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял, дзяўчыне прыйшлося пакінуць краіну. Лена і тыя, хто правёў суткі ў кабінеце РУУС, звязаліся потым з міліцыянтам, які ім дапамагаў. Ён папрасіў прабачэння, што "змог зрабіць так мала". Распавёў, што "не мог спаць некалькі дзён пасля таго, як адвёз іх на Акрэсціна, было вельмі цяжка", што "шкада сыходзіць са службы, мне падабаецца мая праца, я прыйшоў сюды працаваць як сумленны чалавек, але і застацца не магу". Ён звольніўся з органаў.
august2020.info