Лукашэнка: Пакуль вы мяне не заб'еце, іншых выбараў не будзе
Кіраўнік Беларусі заклікае ажыццяўляць пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў у краіне праз канстытуцыйны працэс, а не праз вулічныя акцыі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас наведвання Мінскага завода колавых цягачоў, паведамілі ў праграме Навіны «24 гадзіны» на СТБ.
МЗКЦ — буйны вытворца транспартнай тэхнікі для перавозкі цяжкіх грузаў. Прыехаў на завод Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з апошнімі падзеямі ў краіне.
«Выслухайце, а потым дзейнічайце, як хочаце. Самае страшнае ў жыцці — гэта здрада. Я не хачу вас папракнуць, што вы камусьці здрадзілі, таму што я добра ведаю, што адбываецца. Вы кажаце пра несправядлівыя выбары і хочаце правесці справядлівыя. Адказваю вам на гэтае пытанне. Мы правялі выбары. Пакуль вы мяне не заб'еце, іншых выбараў не будзе.
Я разумею, што многія нібыта напружаны той сітуацыяй, якая склалася на вуліцах, што там быў гвалт і гэтак далей і да таго падобнае. Непапулярнае пытанне, але яно гучыць. Адказваю вам і на гэтае пытанне. Першае, па-буйнаму. Патрэбная была падстава для таго, каб вы крычалі: «Сыходзь!» Добрая нагода. Хоць не без таго ... Вы ведаеце, што я даручыў разабрацца з кожным фактам. Не без таго, як казаў міністр, што хтосьці патрапіў пад гэтую раздачу. Але што дзіўна, з тых 2,5-3 тысяч ўсе шпацыравалі. Не-не, там не было нікога, хто хадзіў супраць амапаўцаў і міліцыі, ніводнага не было. Усе проста шпацыравалі.
Цяпер пра тое, што хтосьці кагосьці збіў. Цалкам дакладна. Але большасць пасля таго як разабраліся (іх было на Акрэсціна 2,5 або 2 тысячы, каб вы ведалі). І на Акрэсціна (непапулярна, але скажу) атрымалі тыя, хто там жа, на Акрэсціна, кідаўся на мянтоў», — сказаў падчас свайго візіту Лукашэнка.
—Сыходзь! Сыходзь!
Аляксандр Лукашэнка:
«Ну дзякуй-дзякуй. Я бачу вось тут група, гэта вось левая, трошкі ... Я бачу вас, не хвалюйцеся. Я пачуў, я гэта ўсё пачуў і адказаў на гэтае пытанне. Чаго вы яго паднімаеце зноў, калі вы працоўныя? Ну вы ж не заплямілі гонар працоўнага чалавека. Я вас пачуў і адказаў на яго. Калі вы хочаце, каб я яшчэ раз адказаў і вы пакрычалі, я магу гэта зрабіць. Таму супакойцеся.
Калі ў кагосьці ёсць дзеці, вазьміце галаву ў рукі і зразумейце, што ніколі ваенны чалавек вам не даруе, калі вы яго б'еце ў спіну на аўтамабілі. Я прасіў да гэтых падзей: не правакуйце іх. Таму што калі яны разыйдуцца, вельмі горача будзе не толькі вам, але і мне. Я не змагу ўтрымаць абстаноўку, не змагу. Яны будуць абараняць свае сем'і, на якія сёння ідзе ціск праз сацыяльныя сеткі. Яны не змогуць утрымаць».
Беларускі партал tut.by са спасылкай на той жа тэлеканал СТБ піша, што Лукашэнка ўсё ж паабяцаў правесці новыя выбары.
— Будзе так, мужыкі, нам трэба прыняць новую Канстытуцыю, што мы хочам. І нават альтэрнатыўшчыкі не былі супраць. Вы яе павінны прыняць на рэферэндуме, таму што ранейшую канстытуцыю прымалі на рэферэндуме. І па новай канстытуцыі, калі вы хочаце, правесці выбары — і парламента, і прэзідэнта, і новых органаў улады.