«Пакуль мяне дапытвалі, побач збівалі людзей, і нікога гэта не бянтэжыла»
Паліна Ляднёва, тоненькая светлая дзяўчына, толькі гэтым летам сустрэла сваё 18-годдзе. Але за некалькі поствыбарчых месяцаў яна пасталела так, як не пасталела б за цэлы год. Яна прайшла праз затрыманні, штрафы, суткі і допыт у КДБ, але гэтыя выпрабаванні толькі павялічылі яе натхненне і любоў да роднай краіны.
«Зразумела, што не магу прапусціць выбары ў Беларусі»
Бацькі Паліны — мастакі, і сама яна таксама з дзяцінства малюе. Але вырашыла паступаць у ГІЦІС на рэжысуру. У Маскве Паліна правучылася год, а потым пачаўся каранцін, і дзяўчына, прыехаўшы дадому, вырашыла больш не вяртацца: зразумела, што рэжысура — гэта пакуль не яе.
— Але выбары таксама паўплывалі. Я прымала рашэнне аб сыходзе летам. І калі пасадзілі Бабарыку, я выйшла на свой першы палітычны пікет і зразумела, што не магу прапусціць выбары ў Беларусі. А вучоба ў нас пачыналася 21 ліпеня.
Паліна прызнаецца: падзеі, якія адбываліся да выбараў, яна ўспрымала хутчэй як прыгоду. Але трыгерам для яе стаў неапраўданы гвалт, які здарыўся пасля.
— Дакладней, не тое, што ён цяпер здарыўся, а тое, што ён быў усе гэтыя 26 гадоў, а я пра гэта не ведала. Гэта было адначасова і здзіўленне, і страх, што такое можа і далей працягвацца.
І дзяўчына вырашыла выходзіць, каб падтрымліваць і ўласны эмацыйны стан, і людзей навокал. У першыя паслявыбарчыя дні, гаворыць Паліна, страху не было, а быў моцны стрэс. Страх з’явіўся, калі ў краіне аднавіўся інтэрнэт, і яна пабачыла фотаздымкі з пратэстаў.
Сказалі, што «абдзяўбаная», і закінулі ў бус
Першы раз Паліну затрымалі 11 жніўня, і гэтае затрыманне было для яе самым страшным.
— Я выйшла з дому і пайшла шукаць, дзе збіраюцца людзі. Дайшла да Камароўкі і сустрэла там групу з 5 чалавек. Мы пайшлі па вуліцах, і ў выніку нас сабралося чалавек 30. Дайшлі да Рыгі, там было чалавек 300 — 400. Было ўжо позна, я зразумела, што нас мала, і трэба вяртацца. І калі я вырашыла ісці, увесь натоўп пайшоў у напрамку майго дома. У гэты час мне патэлефанаваў тата, які ездзіў у ваколіцах на машыне і сачыў за тым, што адбываецца, і сказаў, каб мы былі асцярожнымі, бо на нас палююць два бусы.
Адарваўшыся ад натоўпу, Паліна чакала на светлафоры, калі загарыцца зялёны, каб перайсці дарогу, і патэлефанавала бацьку, каб сказаць, што ўжо ідзе дадому. У гэты момант праехала спачатку машына ДАІ, а за ёй… так, два бусы.
— Гэта здарылася за секунду: я не паспела адключыць тэлефон, ззаду падбягаюць, хапаюць, забіраюць тэлефон, разварочваюць мяне і глядзяць на мае зрэнкі, кажуць, што я «абдзяўбаная», закідваюць у адзін бус, потым адразу ў другі, ставяць на калені, паклаўшы рукі на сядзенне, — узгадвае Паліна.
У яе тэлефоне амапаўцы знайшлі некалькі фатаграфій з 9 жніўня, і гэта стала нагодай для псіхалагічных прыніжэнняў.
— Мне пагражалі 10 гадамі, казалі, што я загубіла сваю маладосць. Гэта было маё першае затрыманне, я не ведала, куды мяне вязуць, што будзе, таму было вельмі страшна. А яшчэ было страшна ад таго, што я не паспела папярэдзіць бацькоў.
Паліну прывезлі на Стэлу — у тую ноч туды прывозілі ўсіх затрыманых і перагружалі ў міліцэйскія «бобікі». Наўпрост на вуліцы затрыманых даглядалі, вытрасалі заплечнікі. Затым дзяўчыну павезлі ў Фрунзенскае РУУС.
— Нас не чапалі, але па дарозе падбіралі мужчын і вельмі моцна іх збівалі — да такой ступені, што яны не маглі самі заходзіць у гэтыя «стаканы» ў «бобіках». Потым затрымалі нейкага бацюшку, які ехаў на ровары з трэніроўкі. Яго збілі, крыху правезлі і выкінулі.
Нехта ў спартыўным адзенні ўдарыў нагой па ілбе
У РУУСе затрыманых прывялі ў спортзалу. Калі туды даставілі Паліну (гэта было блізу 12 ночы), там ужо знаходзілася каля сотні чалавек. Потым прывозілі новых людзей. Хлопцы і мужчыны ляжалі ўсе збітыя, у кагосьці было парванае адзенне. Але некалькі чалавек былі цэлыя і стаялі — гэта Паліну здзівіла.
Яе разам з іншымі паставілі да сцяны і надзелі кайданкі. Потым дапытвалі, здымалі на відэа. Людзі, якія гэта рабілі, былі без формы, але Паліна мяркуе, што гэта супрацоўнікі ГУБАЗІКа.
— Яны былі самымі жорсткімі. АМАП прыводзіў, міліцыянты проста складалі пратаколы, а гэтыя білі. Мяне не білі, і ўвогуле ставіліся нармальна, толькі запытваліся, чаму выходзіш, колькі табе заплацілі, хто плаціў?..
Пасля допыту Паліну паставілі на калені, абапершыся ілбом у падлогу і завёўшы рукі назад. Так давялося стаяць досыць доўга.
— Калі вялі на вопіс рэчаў, мяне вельмі груба ўзялі, адшпілілі ад адной рукі кайданкі. Трэба было пры ўсіх зняць і выцягнуць з-пад адзення станік. Вопіс складала жанчына, якая, з аднаго боку, вельмі моцна на мяне псіхалагічна ціснула, спрабавала выхоўваць, але ў той жа час недзе і дапамагала. У мяне быў белы бранзалет і значок з «Пагоняй», і яна сказала: «Лепш здымі, давай я выкіну, каб не было наступстваў».
Быў адзін малады міліцыянт, які спрабаваў да мяне прыставаць — вельмі недвухсэнсоўна мяне абдымаў, кранаў, калі я стаяла наўпрост на допыце ў кайданках. Усё гэта было навідавоку. І што мяне яшчэ ўражвала: пакуль мяне спакойна дапытвалі, побач збівалі людзей, і нікога гэта не бянтэжыла, гэта было нормай — і гэта страшна. Таго міліцыянта нядаўна задэанонілі, я яго пазнала. Пазней ён дапамагаў дзяўчатам: здымаў кайданкі, даваў папіць.
На нейкі час пра Паліну забыліся, а потым да яе падыйшоў чалавек без формы і загадаў станавіцца на калені галавой у падлогу пасярод залы. Праз нейкі час пасля гэтага да яе падыйшоў яшчэ адзін супрацоўнік у спартыўным адзенні, спыніўся ў 10 сантыметрах ад яе галавы, зрабіў крок і ўдарыў яе нагой па ілбе.
— Болю я ў той момант не адчувала, напэўна, у стрэсе балявы парог адключаецца. Але мне стала вельмі крыўдна, я падумала: чым яго так жанчыны пакрыўдзілі?
Потым да Паліны прыйшоў «добры-злы паліцэйскі», паставіў каля яе, што ляжала галавой у падлогу, крэсла, сеў на яго і стаў запытвацца, чым ёй дапамагчы. Потым ён сказаў, што, калі атрымаецца, дзяўчына сёння пойдзе дамоў, і адвёў яе да сцяны.
Паліна ўласнымі вачыма бачыла пратакол, складзены з яе словаў: што яе затрымалі каля парка Дружбы народаў, яна ішла дадому адна. Але пазней ёй далі на подпіс іншы пратакол. Яго не дазвалялі прачытаць, але Паліна паспела заўважыць, што паводле яго яе затрымалі на Каменнай Горцы на мітынгу праз гадзіну пасля рэальнага затрымання, і нібыта яна выкрыквала лозунгі «Свабоду Статкевічу!», «Свабоду Севярынцу!».
У той дзень (а тым часам ноч прайшла) Паліна аказалася адзінай, каго адпусцілі дадому. Суд над ёй адбыўся 28 жніўня. Прычым аб працэсе дзяўчына даведалася за гадзіну да яго, калі прыйшло СМС. Ніякім іншым чынам Паліну ў суд не выклікалі. Нягледзячы на ўсе парушэнні, ёй прысудзілі 20 базавых штрафу.
«Суседка прынесла грошы на штраф»
8 верасня, падчас жаночага марша ў падтрымку Марыі Калеснікавай, сеціва абляцелі здымкі жорсткіх затрыманняў жанчын, якія стаялі ў счэпцы на Машэрава. Сярод іх была і Паліна з малодшай сястрой.
— Спачатку нам сказалі сыходзіць, што забяруць толькі хлопцаў. Але іх было чалавек 10 усяго, таму немагчыма было сыйсці. І ў пэўны момант пачалі пачкамі загружаць усіх у аўтазакі.
Адтуль Паліна змагла патэлефанаваць родным і нават даслаць бацьку кантакты адваката.
У Першамайскім РУУсе, куды прывезлі затрыманых, сітуацыя была зусім іншай, чым у Фрунзенскім.
Пратэстоўцы перазнаёміліся, сядзелі размаўлялі паміж сабой. Потым сястру Паліны адпусцілі, бо яна непаўнагадовая, а ўсіх астатніх пагрузілі ў аўтобус і павезлі на Акрэсціна. Там у тую ж раніцу адбыліся суды. Паліне далі 15 базавых.
— Цікава, што момант нашага з сястрой затрымання трапіў на відэа «Анлайнера» і на шматлікія фатаграфіі. І многія настаўнікі з гімназіі-каледжа мастацтваў, дзе я вучылася, пачалі тэлефанаваць майму тату і запытвацца, як дапамагчы. На наступны дзень суседка проста прынесла грошы на штраф, — дзеліцца Паліна.
Відэа «Анлайнера», на якім затрымліваюць Паліну з сястрой (з 4.47):
Пасля другога затрымання Паліна стала больш асцярожнай.
«Паліна, усё добра, ты не перажывай»
13 кастрычніка дзяўчына паехала па справах у атэлье каля станцыі метро «Моладзевая». Па дарозе каля Інстытута журналістыкі БДУ ўбачыла акцыю студэнтаў, якія спявалі песні. Пастаяла з імі пару хвілін і пайшла далей.
— Падыходжу да атэлье, і тут на мяне ззаду накідваюцца два агромністыя мужыкі. Перада мной спыняецца белая ці серабрыстая машына; трэці адчыняе дзверы, чацвёрты — за рулём. Мяне запіхваюць у машыну, гаворачы: «Паліна, усё добра, ты не перажывай». Адразу адбіраюць тэлефон, надзяваюць на галаву мяшок і вязуць кудысьці.
Паліна вельмі напалохалася. Яна ўзгадвае, што па дарозе яе спрабавалі забалбатаць, казалі, што яе зараз прывязуць паглядзець на людзей, і калі яна іх пазнае, яе адпусцяць.
Калі прыехалі, яе, з мехам на вачах, доўга вялі ўверх спачатку па лесвіцы, потым — па дывановай дарожцы. Нарэшце прывялі ў кабінет і знялі мяшок. У кабінеце Паліне ў вочы кінуўся дыван у выглядзе дзяржаўнага сцяга, які вісеў на сцяне.
Паступова Паліна здагадалася, што яна знаходзіцца ў КДБ. Там яе дапытвалі 5 гадзін.
— Адразу, калі зайшла, я ўбачыла на стале раздрукаваныя копіі пашпартоў: майго і маіх бацькоў.
Аказалася, Паліну вылічылі па відэа, якое 4 кастрычніка падчас нядзельнага марша знялі ціхары.
— Я раніцай выходзіла ў машыну па дуршляк, папрасіла бацькоў прывезці яго з вёскі. І выйшла, каб яго забраць. І першае пытанне было: «Навошта табе быў патрэбны дуршляк?». Потым было пытанне пра фіранкі, пра нейкую суседку, і я зразумела, што за мной сачылі, і не адзін дзень. Я ўзгадала, як раніцай мяне пазнала нейкая жанчына і пайшла за мной, але я не надала гэтаму ўвагі. Потым мама ўспомніла, што за ёй сачылі на працы, і тата сказаў, што некалькі разоў у яго пільна ўглядалася нейкая жанчына.
У Паліны дапытваліся пра дваровую актыўнасць, пра тое, чаму яна выходзіць на маршы, пра бацькоў і знаёмых, а таксама не вельмі знаёмых людзей.
— Цяпер я разумею, што трэба было проста маўчаць і нічога не казаць. І я рабіла спробы, але вельмі слабыя. Але тады ў мяне, відаць, спрацавала абарончая рэакцыя — я шмат-шмат балбатала, але не пераходзіла межаў: «Так, я хаджу і буду хадзіць». Я распавяла, што я бачыла 11 жніўня, мяне прарвало, у мяне паліліся слёзы. І яны ажно замоўклі, а пасля спыталі, ці я падавала скаргу ў пракуратуру.
А потым прыйшоў ідэолаг, поўны прафесіянал і вельмі добры акцёр. Ён зразумеў, што мяне палохаць нельга, і пачаў са мной пагаджацца, але стаў ціснуць на мяне праз бацькоў і ўскладаць на мяне віну за іх лёс і лёс сястры, якую паставілі на ўлік. Спачатку я таксама вырашыла з ім гуляць. Але потым у мяне скончыліся сілы, і мне па чарзе сталі прапаноўваць то кавы, то каньячку. Калі выводзілі ў прыбіральню, доўга шукалі павязку ці мяшок на галаву, але не знайшлі, таму сказалі проста апусціць галаву ўніз, бо «тут проста так хадзіць нельга». Я ішла па чырвонай дывановай дарожцы і бачыла на сценах нейкія карціны.
У КДБ склалі чарнавік пратакола на Паліну за ўдзел у маршы 4 кастрычніка. Потым яе прывезлі ў Савецкае РУУС. Калі яе там пакідалі, пажадалі ўдачы.
— Мне было адначасова вельмі брыдка і вельмі смешна. Брыдка, бо ў кантэксце маёй галавы яны — вельмі слізкія і прадажныя людзі, з якімі непрыемна знаходзіцца побач, а смешна — ад усяго таго абсурду, які адбываўся. Гэта крыху ратавала, — каментуе Паліна.
«Пад канец нават не хацелася выходзіць з турмы»
Яе прывезлі ў РУУС першай, а потым туды сталі падвозіць затрыманых у ланцугах салідарнасці. Паліна даведалася, што ў міліцыянтаў ёсць «на пабягушках» падлеткі — хлопцы, якія бегаюць і дакладаюць, дзе што адбываецца.
Пасля Паліну павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Цягам двух дзён яе не маглі асудзіць, бо, у адрозненне ад усіх, пратакол на яе быў складзены не за ўчорашні дзень, а за 4 кастрычніка. Гэтыя два дні былі для яе самымі цяжкімі, бо дзяўчына ніяк не магла звязацца з бацькамі і думала, што супрацоўнікі КДБ прыехалі да іх.
— Гэтыя два дні я проста плакала. Мы сядзелі ў вельмі смярдзючай камеры, нас кепска кармілі, балела галава. Адзінае, што ратавала, — гэта Вольга Шпарага, якая ўжо адседзела там 5 сутак. Яна нас падтрымлівала.
Пасля першага суда справу Паліны адправілі на дапрацоўку, бо ў пратаколе не было ні паказанняў сведак, ні нават скрыншота з відэа. На другім судзе сведка «захварэў», але пакінуў свае паказанні ў запісцы, якую зачыталі. Яны былі цалкам спісаныя з пратакола. Гэтым разам Паліне выпісалі 11 сутак арышту. Яе бацькі пра рашэнне суда змаглі даведацца толькі праз 1,5 сутак, бо працэс не быў пазначаны ў раскладзе.
Пабыўшы яшчэ дзень на Акрэсціна, Паліну этапавалі ў Жодзіна. І там, апроч самой прыёмкі, усё было, па яе словах, «вельмі добра». У камеры было 8 дзяўчат, сярод якіх — дызайнеркі, каліграфістка, медык, адвакатка. Дзяўчаты малявалі, спявалі песні, гулялі ў розныя гульні, чыталі ўслых, размаўлялі. Паліна склала цэлы спіс таго, чым яны займаліся ў турме.
— Не было страху, а было адчуванне санаторыя, бо мы ўсё вымылі ў камеры, абжыліся. Пад канец нават не хацелася выходзіць. Бо я разумела, што па-за турмой засталіся ўсе праблемы, — гаворыць суразмоўца.
«Мне здаецца, што ў нас будзе вельмі добрая, яркая і светлая вясна»
Першы час пасля вызвалення ў Паліны быў страх, што за ёй могуць сачыць, але паступова гэтыя перажыванні адыйшлі.
А неўзабаве здарылася трагедыя з Раманам Бандарэнкам, з якім Паліна пазнаёмілася літаральна за тыдзень да яго смерці. Паліна жыве недалёка ад Плошчы Перамен, і ўсе падзеі, што там адбываюцца, праходзяць на яе вачах і вельмі моцна адгукаюцца ў сэрцы. Дзяўчына распавядае, што вельмі цяжка перажывала смерць Рамана, яна ўпершыню так блізка сутыкнулася з гэтай з’явай.
Пік перажыванняў адбыўся 15 лістапада падчас зачысткі Плошчы Перамен. Паліна зразумела, што ёй трэба з’ехаць. І з’ехала на два тыдні ў Піцер, адпачыла, а потым вярнулася ў Беларусь. Паліна не збіраецца з’язджаць з краіны, калі ёй і яе блізкім не будзе прамой пагрозы.
Дзяўчына гаворыць, што 9 жніўня стала пераломным у яе жыцці, і наступныя некалькі месяцаў шмат чаго ёй далі. Паліна зазначае, што стала менш эгаістычнай, адчула сябе часткай народа, пазнаёмілася з цудоўнымі суседзямі, наладзіла стасункі з бацькамі, зразумела свае магчымасці і сваю адказнасць. Перажыванні, якія раней здаваліся вялікімі, цяпер сталі няважнымі. Паліна прызнаецца, што часта плакала, але не ад таго, што ўсё кепска, а ад таго, якімі цудоўнымі аказаліся людзі, якіх яна сустракае. І ўсё гэта дазваляе адчуваць сябе шчаслівай.
— З аднаго боку, хочацца, каб тут усё хутчэй скончылася. З іншага боку, ёсць людзі, якія змагаюцца з гэтым 26 гадоў, і я іх вельмі моцна паважаю. Таму трэба далей працягваць рабіць усё, што ў маіх сілах. Мне здаецца, што ў нас будзе вельмі добрая, яркая і светлая вясна.
Фота Яны Трусіла
***
Згодна з лістом Мініінфармацыі ад 25 сакавіка 2021 года:
Согласно Решению Межведомственной комиссии по безопасности в информационной сфере при совете Безопасности Республики Беларусь (далее — Межведомственная комиссия) от 1 марта 2021 г. содержание вышеуказанных статей целенаправленно способствует формированию источников угроз национальной безопасности, заключающихся в искусственном нагнетании напряженности и противостояния в обществе, между обществом и государством (абзац 5 пункта 29 Концепции национальной безопасности Республики Беларусь, утвержденной Указом Президента Республики Беларусь от 9 ноября 2010 г. NQ575 (далее — Концепция национальной безопасности)), изменении шкалы жизненных ценностей молодого поколения в сторону ослабления патриотизма и традиционных нравственных ценностей (абзац 12 пункта 32 Концепции национальной безопасности), распространении недостоверной или умышленно искаженной информации, способной причинить ущерб национальным интересам Республики Беларусь (абзац 2 пункта 34 Концепции национальной безопасности).
Формируемые источники угроз, в свою очередь, обуславливают возникновение реальных и потенциальных угроз национальной безопасности, к которым относятся посягательство на конституционный строй (абзац 2 пункта 27 Концепции национальной безопасности), дезорганизация системы государственного управления, создание препятствий функционированию государственных институтов (абзац 16 пункта 27 Концепции национальной безопасности), деструктивное информационное воздействие на личность, общество и государственные институты, наносящее ущерб национальным интересам (абзац 20 пункта 27 Концепции национальной безопасности), резкое или масштабное снижение доверия граждан к основным государственным институтам (абзац 27 пункта 27 Концепции национальной безопасности).
Таким образом, вышеизложенные публикации газеты “Новы час” создают предпосылки для воспрепятствования обеспечению эффективного функционирования государственных институтов в интересах общества (абзац 4 пункта 9 Концепции национальной безопасности), реализации конституционных прав граждан на получение, хранение и распространение полной, достоверной и своевременной информации (абзац 2 пункта 14 Концепции национальной безопасности) и эффективному информационному обеспечению государственной политики (абзац 6 пункта 14 Концепции национальной безопасности), то есть могут нанести вред национальным интересам Республики Беларусь в политической (пункт 9 Концепции национальной безопасности) и информационной (пункт 14 Концепции национальной безопасности) сферах.
Межведомственной комиссией сделан вывод о том, что информация, опубликованная в газете “Новы час”№3 от 22.01.2021 и №4 от 29.01.2021), способствует нанесению вреда национальным интересам Республики Беларусь».