«Нас пасадзілі па-азіяцку: ногі пад сябе, угнуць галаву ўніз, рукі за спіной. Хто варушыўся — білі»

Віталь Коўш мае вышэйшую адукацыю, але працуе простым рабочым на адным з прыватных прадпрыемстваў абласнога цэнтра. 10 жніўня ўвечары вяртаўся з мікрараёна Усход у цэнтр, дзе жыве. Тралейбусы не хадзілі — цэнтр быў закрыты для ўсіх відаў транспарту: «сілавікі» разганялі пратэсныя акцыі.

Два сімвалы: Берасця (Ратушная вежа з гадзіннікам і сцягам горада) і беларускага Брэста (аўтазак).

Два сімвалы: Берасця (Ратушная вежа з гадзіннікам і сцягам горада) і беларускага Брэста (аўтазак).


Як затрымалі

«Ішоў пешу. Блок-пасты ДАІ стаялі ўжо на скрыжаванні Маскоўскай і Піянерскай, — распавядае Віталь Коўш. — Здалёк чуваць былі выбухі, крыкі, прынамсі жаночыя пранізлівыя. Потым, калі перачытваў пра падзеі, асэнсаваў, што гэта жанчыны з балконаў усяляк ганьбілі АМАП і салдатаў, маўляў, замест каб абараняць народ, тыя ваююць з ім. Пакуль падымаўся на Кобрынскі мост, збольшага сцішылася. Дзесьці пасля 23-й рушыў дахаты».
Віталь кажа, што праспект быў падобны да поля бою. Амапаўцы і вайскоўцы вельмі агрэсіўна ставіліся да кожнага, хто з’яўляўся ў полі зроку. Крычалі на людзей, чаго тыя ходзяць, чаму ім дома не сядзіцца, маўляў, што нам, праважаць вас дахаты ці як?
Віталю прайсці не атрымалася. Неўзабаве спынілі, прымусілі зняць заплечнік, ператрэслі. Запатрабавалі выключыць смартфон. І — павялі ў аўтобус.
«Гарадскі аўтобус, светла-зялёны аднакорпусны МАЗ, — згадвае Віталь. — Было там ужо ладна людзей. Памятаю пару, хлапца і дзяўчыну. І на вуліцы тыя «чорныя» крычалі як апантаныя, а тут было зусім безнадзейна. «Отдал рюкзак, вывернул карманы, живо, чего как вареный». Крыху замарудзіш, дык і ўрэжуць дубіналам. Ніхто не хацеў нас там слухаць. Калі набралі поўны аўтобус, павезлі і перагрузілі ў аўтазак. Пераганялі ўжо як злачынцаў, сагнутых у дугу да зямлі, рукі вывернутыя высока над спіной. Білі дубінкамі і нагамі. У аўтазаку набілі ў двухмясцовыя «стаканы» па пяць-шэсць чалавек. Прывезлі на базу АМАП на Брэсцкіх дывізій. Там выгрузілі, праз «калідор», — зноў згорбленых, зноў удары, — загналі ў іхні спортзал».

Набраліся як жаба мулу

«Перад уваходам у спартзал была цэлая гара заплечнікаў, — згадвае спадар Коўш. — У самім спартзале было чалавек трыста. Нас прымусілі сесці па-азіяцку, ногі пад сябе, угнуць галаву ўніз, рукі за спіной. Хто варушыўся, білі. Праз гадзіну цела так зацякло, што нельга было трываць. Але так давялося сядзець цэлую ноч і назаўтра глыбока ў дзень».
Віталь кажа, што людзей пасля яго дадалося няшмат, — як-ніяк было ўжо каля другой гадзіны ночы. Некаторыя былі вельмі моцна збітыя. Некалькі разоў выклікалі «хуткую». «Мне дасталося адносна мала, а некалькі чалавек літаральна сінія былі ад пабояў, — распавядае ён. — Набраліся людзей, што не ведалі, куды іх падзець. У спартзал не ўмясціліся, дык частку растусавалі па гаражах сваёй базы».
Седня сагнутымі на дошках доўжылася да заўтрашняга поўдня. Ні сняданка, ні абеду, толькі пасля 13-й пачаўся нейкі рух. Памалу затрыманых пачалі перафрахтоўваць у СІЗА №7 каля Свята-Сімеонаўскага сабора.

У СІЗА

 «Там таксама хада з аўтазака ўгнуўшы галаву, рукі за спінай. І «калідор» быў, прымальнікі таксама сустрэлі пабоямі», — распавядае Віталь Коўш.
Следчы ізалятар адмыслова вызвалілі ад падазраваных у крымінальных справах. Тым не менш, месца было мала. «У чатырохмесную цэлю запіхнулі дзевятнаццаць чалавек, — кажа Віталь Коўш. — Спалі хто на падлозе, хто на стале, па двое-трое на нарах». Але ён аддае належнае: пасля пякельных ночы і дня ў АМАПаўскай катавальні атрымалася «крыху сапнуць». Далі паесці, уначы ўдалося паспаць, ды і персанал пры даволі грубым прыёме аказаўся больш цярпімым: «Яны там стракатыя, адны замацярэлыя, іншыя нават нічога, чалавечныя».

Пратаколы пад капірку

Пратаколы аб парушэнні заканадаўства пачалі пісаць на чацвёртыя содні. Віталь Коўш кажа, атабарыліся на цэлую ноч у адмысловы пакойчык нейкія маладзенькія міліцыянты, няйначай курсанты: «Тыя былі менш драўляныя, адзін нават спытаў, як стаўлюся да міліцыі. Што я меў яму сказаць? Двойсна стаўлюся, пасля ўсяго, — так адказаў. Па-першае, міліцыя патрэбная, а па-другое, з такімі яе дзеяннямі дык можа лепш і не трэба». «Пратаколы былі ўсе як пад капірку, — працягвае Віталь. — Артыкул 23-34. Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Нібыта крычаў лозунгі, размахваў рукамі. Распавёў, як было насамрэч, напісаў, што з абвінавачаннем не згодзен».

Суд

У СІЗА Віталь Коўш мусіў сядзець да 14 жніўня.
«Суды пачаліся праз пару дзён, — згадвае ён. — Паколькі мяне затрымалі адным з апошніх, то да мяне чарга дайшла не хутка. Фактычна, я пераседзеў адзін дзень звыш дазволеных законам трох содняў да суду».
Як сказаў берасцеец, суддзяў прывозілі ў адмысловы пакойчык, і тыя балванілі як японскія аўтаматы: «Напачатку лютавалі. Адзін даваў максімальныя содні, другі выпісваў вялікія штрафы. Але ў паветры лунала ўжо 16 жніўня — тады на пляц Леніна прыйшлі каля 40 тысяч берасцейцаў, а некалькі тысяч пайшлі вызваляць затрыманых у ізалятары і турмы. То мне суддзя Брэган выпісаў адносна намінальны штраф у пяць базавых».

Следчы камітэт


Спадар Коўш не адчувае адхлання з прычыны свайго малога пакарання. І нават не таму, што іншым, каму «за што» і каму «ні за што», перапала больш рэпрэсій. Яго абурае хваля беззаконня, якую ўзнялі ў Беларусі так званыя «праваахоўнікі». Таму ён зняў пабоі, звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай. Патрабуе прыцягнуць вінаватых да адказнасці, абараніць ягоныя правы чалавека і грамадзяніна.
«Следчыя дык нават з разуменнем ставяцца, як мне падалося, — дзеліцца Віталь Коўш. — Падказвалі, як юрыдычна больш правільна будзе. Адчуваецца, што ім гэтая хваля таксама не ў радасць, бо накрыла з галавой, і не стае часу на рэальныя крымінальныя справы».
Аптымізму ў сыходзе справы ён не мае: «Што і казаць, тут людзей забіваюць, і нічога. Дык мае пабоі і няпраўныя затрыманне ды штраф гэта так, парушынка».
Тое, што расследаванне нядаўна працягнулі яшчэ на месяц, аптымізму, вядома, не дадае.
А як сямейнікі? «Бацькі не, не ганілі», — кажа Віталь. Тыя жывуць у іншым горадзе. Пасля суда яму ўдалося звязацца з маці, дык адразу спытала, якую суму штрафу далі. Відаць, раней тэлефанавала і не атрымаўшы адказу здагадалася, што затрымалі, а потым у сеціве вычытала дакладна, мяркуе сын.
Пра пазіцыю ўладаў гаварыць простымі словамі неяк неадэкватна падаецца. А вось на працы не пакрыўдзілі, падтрымалі. «Прапаноўвалі нават дапамагчы сплаціць штраф. Але здужаў сам».

Наапошку важная дэталь

Нам абодвум цікавыя былі паводзіны так званых «сілавікоў». Сышліся на тым, што там увесь спектр, ад прыхільнага да чалавека да бесчалавечнага.
«Следчыя найперш спыталі, хто біў, — дзеліцца Віталь. — Як адказаць? Тыя ж не называліся і былі ў «балаклавах». Апазнаў бы аднаго ці двух, але на апазнанне мяне не запрашалі». Далей ён згадвае адну падзею ў спартзале: «Прасядзелі мы там ладна «па-азіяцку», як нас падымаюць, шыхтуюць. Заходзіць афіцэр. Адзіны з адкрытым абліччам. Кажа, маўляў, глядзіце, я не закрываюся, бо вас не баюся. Калі з маёй жонкай, малымі дзецьмі што-небудзь здарыцца, то вам будзе такое — што было тут яшчэ кветачкі».
Згадаў і я больш людскага такога афіцэра. На Машэрава гэта было. Ехаў па сваіх справах і сфатаграфаваў спадарожна аўтазак МАЗаўскі на фоне вежы з гадзіннікам, стылізаванай пад ратушную. Як тут жывенька падбягаюць «чорныя», і сярод іх адзін незахінуты. Што, маўляў, робіце. Аўтазака не бачылі. Кадр правільны, кажу, сімвалізуе наш горад на сёння. Прымусілі паказаць усю фотасесію за дзень, кадры з аўтазакам пагасіць.

Цэркаўка базы АМАП — навошта?

Цэркаўка базы АМАП — навошта?

Чамусьці адпусцілі. Апасля, дзесьці праз месяц, узнікла раптам правільная журналісцкая ідэя: а ну калі ўзяць у такога камандзіра інтэрв'ю. Яны ж таксама людзі. Праўда, спецлюдзі. Заточаныя на фізічны кантакт з крымінальнікамі. Патрэбны такі інструмент. Выкарыстоўваюць іх, аднак, не па прызначэнні. Дык цікава, а што яны самі думаюць. Бо і сапраўды, жывуць часам дзверы ў дзверы са звычайнымі грамадзянамі. Можа, суседзяў малаціць даводзіцца? «Как ашчушчэнія», кажучы хаджалай фразай. Мабыць, прапанаваў бы таму афіцэру прывабную ўмову: можа перарваць інтэрв'ю адразу, як пастаўлю некарэктнае пытанне. Ну ды пра цэркаўку на тэрыторыі АМАП напэўна спытаў бы. Дзесьці напрыканцы інтэрв'ю. Хто ў іх бацюшкам? Ці гучыць на пропаведзі прымірэнчае? Пра запаведзі Божыя? Але інтэрв'ю так і засталося ўяўным. Бо літаральна праз дзень забілі Рамана Бандарэнку. То якое ўжо тут інтэрв'ю. Рамачныя ўмовы зусім іншыя.
Р.S. Калі матэрыял быў ужо гатовы, Віталь тэрмінова паведаміў: яму прыйшоў адказ са Следчага камітэта. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве аб прычыненні цялесных пашкоджанняў яму адмоўлена.