«Некаторыя гісторыі псіхіка проста закапала». Як беларуска з чатырохгадовым сынам сустрэла вайну ў Кіеве
Апошнія месяцы пакрысе вяртаецца жыццё ва ўкраінскую сталіцу: працуюць метро, крамы, амаль зніклі блокпасты. Таццяна Дабрыян з мужам і маленькім сынам жыве амаль у цэнтры горада. Пра пераезд ва Украіну, першыя дні вайны ў сталіцы, уцёкі ад бамбёжак і стаўленне да беларусаў дзяўчына распавяла «Новаму Часу».
Кіеў. Помнік гетману Сагайдачнаму. Фота Алесь Мінаў
«Прыехалі на выбары з "казырным тузам" — маленькім сынам»
Таццяна жыве ва Украіне з канца 2014 года. Спачатку ў Кіеў пераехаў яе будучы муж — яго запрасілі працаваць. Ён сцэнарыст, а ў Беларусі і тады, і зараз з творчасцю складана. Ва Украіне ж шоу-бізнес вельмі добра развіты. Такім чынам, у Кіеве сям'я жыве амаль восем год. Але ў Беларусь вярнуцца не можа.
— У нас даволі відавочная грамадзянская пазіцыя, муж здымаўся ў тым ліку ў пародыях на Лукашэнку, — тлумачыць Таццяна. — Не думаю, што ехаць у Беларусь для нас бяспечна.
— Як вы перажывалі пратэсты 2020 года на адлегласці?
— Вельмі цяжка: хацелася ўдзельнічаць. Але было на той момант маленькае дзіцё — не маглі сарвацца і паехаць на пратэсты ў Мінск, як бы ні хацелася. Але мы выходзілі на мітынгі тут, падтрымлівалі інфармацыйна. Наколькі магчыма, прапускалі ўсё праз сябе.
Нам пашанцавала — паспелі прагаласаваць. Прыехалі на выбары з «казырным тузам» — маленькім сынам, таму нас прапусцілі ў пачатку чаргі і мы паспелі. А вось знаёмыя стаялі да ночы, пакуль участак у пасольстве не закрыўся, прагаласаваць так і не змаглі.
— Ці адчувалася ў Кіеве тая колькасць беларусаў, што выязджала пасля 2020 года?
— Канечне. Было бачна па спісе кантактаў: прыязджалі знаёмыя, з якімі мы разам гулялі ў КВЗ, адразу пішуць, што ў Кіеве. У чатах на вачах расла колькасць беларусаў, усё забурліла. Гэта тэндэнцыя працягвалася аж да 24 лютага.
«Падвалам сваім засталіся задаволеныя — магу паставіць яму 5 зорак»
Таццяна з сынам у сховішчы ў падвале ўласнага дома
— Распавядзіце пра першы дзень вайны, як вы яго сустрэлі?
— Мы былі ў Кіеве, павінны былі адводзіць сына ў садок. Яшчэ напярэдадні мелася адчуванне напругі. Ноччу мне трэба было папрацаваць — доўга не магла заснуць, паглядзела зварот Уладзіміра Зяленскага некалькі разоў. Я сама па адукацыі гісторык-палітолаг, усім казала, што вайна — палітычнае самагубства, што проста павыхваляюцца сваімі войскамі на мяжы і разыдуцца.
Хутка пачалі збіраць усё неабходнае. Да нас прыйшоў сусед. Мужчыны пайшлі ўніз рыхтаваць падвал.
Вялікая частка суседзяў адразу ж спрабавала выехаць — у 5.30 быў цэлы касяк машын, а праз дзве гадзіны ўжо вярталіся назад — на выездзе вялікія заторы.
У першы ж дзень спусціліся ў падвал. Там правялі 10 содняў.
— Як умовы былі, улічваючы, што вы з дзіцём?
— Насамрэч, добрыя. Я таму і выязджаць не хацела. Але потым на суседні ЖК упаў ашчэпак — было вельмі гучна і страшна. Таму праз дзіцё мы выехалі ў Львоў.
У нас новы дом — сухія падвалы, на другі дзень суседзі прынеслі вай-фай роўтар: дзеці глядзелі мульцікі — трэба было іх хоць неяк адцягваць, не выпускаць на вуліцу. Было цёпла. Перыядычна падымаліся ў кватэру памыцца. Але ў нас 11 паверх, таму страшнавата было.
«Сыну ўсё гэта падносілі як вялікую прыгоду»
— Як вы выязджалі ў Львоў?
— Нам дапамог Free Belarus цэнтр. Павінны былі выехаць 5 сакавіка, але не разлічылі, што метро ходзіць з вялікімі перабоямі. Атрымалася шостага чысла. Вельмі хвалявала дарога: і блокпасты, і тое, наколькі гэта зацягнецца. Але даехалі добра, гадзін за дзевяць, хаця разлічвалі на большы час. Моцна хвалявалася за сына, думала, ён паставіць на вушы ўвесь аўтобус. Але, на дзіва, ён перанёс дарогу вельмі спакойна.
Сыну Таццяны 3,8 гадоў. Жанчына распавяла, як ён перажыў першыя дні вайны.
— Першыя дні мы яму давалі альбо пазлы — ён можа збіраць іх гадзінамі, альбо ўключалі мульцікі. Мы падносілі яму ўсё гэта як вялікую прыгоду: зараз спусцімся ўніз, там пагуляем. Але на трэці дзень я заўважыла, што ён не адыходзіць ад падвала далей, чым на 5 метраў. Хаця ў нас адносна бяспечны раён, побач дзіцячая пляцоўка, якую ён вельмі любіць. А ён проста не адыходзіў ад дзвярэй. У яго не было панікі, слёз, плачу, але ён проста моўчкі стаяў.
Зараз ён вельмі насцярожаны, калі чуе нешта гучнае.
— А ў Львове дзе вы жылі?
— Мы прыехалі да нашага знаёмага — ён актор. Прывёз нас у кватэру, дзе жылі Купалаўцы, яны там здымалі свой серыял для ютуба. Мы прыехалі туды на пару дзён, а захраснулі амаль на два месяцы, бо не маглі зняць сабе жыллё. Вельмі паразітавалі рыэлтары: кошты ўскочылі, жылля ў Львове амаль не было. Далей ехаць не хацелі. У Польшчу планавалі выязджаць толькі, калі сітуацыя будзе зусім кепская. Так і пражылі да 1 траўня, потым вярнуліся ў Кіеў.
«Зразумела — хачу перайсці на ўкраінскую»
Таццяна ў Львове
— Вы карыстаецеся рускай мовай, да таго ж з беларускімі дакументамі. Не было ў Львове з гэтым праблем?
— Я ў Львове перайшла на ўкраінскую мову. Разумею яе з дзяцінства, як і беларускую, якая для мяне родная, але няма асабліва з кім падтрымліваць гутарку. Я наракаю сябе часам за гэта. Сёння ідучы на інтэрв’ю, думала: «А, можа, усё ж паспрабаваць па-беларуску?» Але ў многіх момантах я саромлюся акцэнту і памылак.
Мне падавалася, што ўкраінцы крыўдзяцца, калі дапускаеш памылкі. Але ў Львове я пачала размаўляць па-ўкраінску. Насамрэч, касых поглядаў праз рускую мову і не было, людзі нармальна рэагавалі. Але я сама зразумела — быў такі ўздым — што хачу перайсці на ўкраінскую. Некалькі кніжак сабе купіла, размаўляла, як магла.
Пакуль перайсці цалкам не атрымліваецца, бо я пісаць не магу, а пісаць з памылкамі — не дапушчальна.
— Вы ў Кіеве, выходзіць, з 2 траўня. Як абстаноўка, на колькі камфортна зараз у горадзе?
— Я праходзіла праз блокпост толькі адзін раз за гэты час. З сабою нават дакументаў не было, але быў абсалютна нармальны ваенны, які прапусціў. У Кіеве кошты выраслі, але ў крамах усё ёсць. На арэнду — наадварот, апусціліся. У нашым ЖК за апошні месяц адкрыліся дзве новыя ўстановы: людзі, бізнес працягваюць, як могуць, развівацца. Школы і садкі пакуль стаяць на паўзе, бо не ўсе маюць сховішчы. Дэфіцыту ні на што няма.
«Твае 20 ці 50 грывень могуць уратаваць камусьці жыццё»
— Знаёмая дзяўчына ў 2014 годзе выехала з Данецка і пасялілася ў Марыупалі. Там выйшла замуж за ўрача, — узгадвае Таццяна. — Яны два тыдні сядзелі ў бальніцы, якую вельмі моцна абстрэльвалі, толькі пасля змаглі выехаць. Увесь гэты час яна была на пятым месяцы цяжарнасці. Нядаўна нарадзіла. Цяпер жывуць у Дняпры, гадуюць маленькага ўкраінца.
У кватэру, дзе жывем цяпер, мы пераехалі год таму, а дагэтуль жылі ў хрушчоўцы гадоў сем. Там вельмі дружныя суседзі, быў мужчына — Юрый Мікалаевіч, звалі яго ўсе «домакіраўнік», вельмі адказны і працавіты, ён нават вылучаўся дэпутатам у мясцовае самакіраванне, паклаў асфальт у двары, паспрыяў рамонту дома. У першыя ж дні вайны ён пайшоў разам са сваім трыццацігадовым сынам у добраахвотнікі.
Таццяна разам з мужам адкрылі збор на бронекамізэльку Юрыю Мікалаевічу, бо сваю ён аддаў маладому хлопцу, у якога не было. Паспелі выкупіць гэты «бронік», перадаць, а праз літаральна некалькі дзён мужчына разам з сынам патрапілі пад абстрэл — абодва параненыя. Сына да бальніцы давезці не паспелі — памёр ад страты крыві. А ў «домакіраўніка» раненне цяжкое: адарвала руку.
— Калі такое адбываецца з тымі людзьмі, з якімі ты шмат гадоў жыў побач, успрымаецца вельмі балюча. Усё думаю: а калі б мы не паспелі з той бронекамізэлькай… У такія моманты ты разумееш, што твае 20 ці 50 грывень могуць сапраўды ўратаваць камусь жыццё. У тым выпадку не хапала дзесь паловы сумы і мы з мужам перавялі ўласныя 4000 грывень, бо хацелася дапамагчы чалавеку. Як аказалася, не дарэмна.
У Харкаве ёсць знаёмая, так супала, што яна валанцёрыць акурат у госпіталі, куды Юрый Мікалаевіч патрапіў. Так і трымалі сувязь. Вось як бывае: з чалавекам дзесяць год таму гуляў у КВЗ, а яна аказалася валанцёркай у патрэбнай табе бальніцы. Праз людзей, з якімі сустракаўся раз-два ў жыцці, ты можаш нешта рабіць, даставаць патрэбныя рэчы і г. д.
— Сапраўды, гэтая хваля салідарнасці ўражвае ад першых дзён вайны. Ведаю, і вы ўдзельнічалі ў валанцёрскіх зборах.
— Калі вярнуліся ў Кіеў, аддалі ўсе рэчы, якімі не карысталіся, перасяленцам. Да вайны я нешта перапрадавала — цяпер гэта абсалютна неактуальна.
У нас у ЖК збіралі рэчы для перасяленцаў з Марыупаля. Часам бывае, што не паспяваеш сабраць нешта, як ужо пішуць — мы ўсё скончылі. Умоўна за 2 гадзіны ў нашым ЖК закрылі ўсе патрэбы людзей, якія сюды прыехалі абсалютна без анічога. Гэта ўражвае ўсё яшчэ.
З некаторых праектаў па працы адпраўляю частку на дапамогу і ўзброеным сілам, і знаёмым валанцёрскім ініцыятывам. Людзям стала складаней данаціць: працягваецца гэты кашмар ужо не адзін месяц, запасы ў людзей сканчаюцца. Але дапамога патрэбная. Таму працягваем дапамагаць і самі, і заахвочваем людзей, каб гэта плыня фінансавая не сканчалася да самай перамогі.
«Хутка два гады, як не бачыла сваіх бацькоў, яны не бачаць, як расце іх унук»
Жанчына кажа, што некаторыя гісторыі, з якімі давялося сутыкнуцца, псіхіка проста закапала, каб не ўзгадваць, бо вельмі страшна. Цяпер яна займаецца з псіхолагам, бо цяжка жыць у такіх абставінах.
— Былі моманты, асабліва пасля навін пра Бучу, калі апускаліся рукі і нічога абсалютна не хацелася. Вельмі балюча перанесла навіну пра тэракт у Вінніцы. Тое, што адбываецца з дзецьмі, кранае значна глыбей.
Мая псіхолаг, дарэчы, з Беларусі — хоць нейкая повязь з радзімай.
— Якія ў вас цяпер думкі адносна Беларусі, што адчуваеце?
— Калі шчыра, даволі змешаныя пачуцці: з аднога боку зразумела, што людзі ў Беларусі не падтрымліваюць у большасці гэтае пекла. А на наступны дзень у Кіеў прылятаюць ракеты з Беларусі. Сядзіш і думаеш: «А як? Як такое можа ўкласціся ў галаве?»
З аднога боку, мне вельмі страшна за нашу краіну — яна стала плацдармам для ваенных дзеянняў, людзі нічога не могуць з гэтым зрабіць. Нават інфармацыйна падтрымліваць украінцаў зараз небяспечна — могуць прыйсці да цябе ў любы момант. З іншага боку, маўчанне таксама забівае.
Я моцна хачу дадому: не была там з 2020 года. Хутка два гады, як я не бачыла сваіх бацькоў, яны не бачаць, як расце іх унук. Але пакуль не зменіцца ўлада, мне шлях дадому закрыты.
Да вайны збіраліся сустрэцца з бацькамі ў Грузіі. Проста каб пабачыцца. Цяпер і гэта немагчыма. Вось рэаліі беларусаў.
Мару, каб наш народ урэшце стаў свабодным.