Непрыемнасці малодшага саюзніка
Відаць, Украіна перакананая, што шкоды ад наступу на яе тэрыторыю праз Беларусь будзе больш для тых, хто сам збярэцца наступаць, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Пакуль, у чаканні заходніх танкаў, на фронце ўсталявалася адноснае зацішша, непрыемнасці пачаліся ў расійскіх саюзнікаў.
Па-першае, дроны невядомага паходжання атакавалі спачатку іранскія ваенныя заводы, а потым калону, якая перавозіла іранскую зброю ў Сірыю. Наступствы атакі іранская апазіцыя і іранскія ўлады ацэньваюць па-рознаму, але, мабыць, наступстваў усё ж такі нашмат больш, чым адзін пацярпелы дах на адным заводзе.
Ва ўсялякім выпадку, пасля таго, як завод іранскіх дронаў стаў ахвярай атакі, па зусім невытлумачальных прычынах у Расіі ўзніклі праблемы з яе вытворчасцю ўласных дронаў. Нават вось губляюся ў здагадках, якая тут можа быць сувязь.
З практычнымі наступствамі ўкраінскіх санкцый супраць 23 беларускіх кампаній усё трохі складаней. З аднаго боку, узаемныя эканамічныя адносіны Украіны і Беларусі знаходзяцца ў такім стане, калі ніякія санкцыі ім пашкодзіць ужо ўсё роўна не могуць. Але, з іншага боку, як паказвае практыка, якая даўно склалася, украінскія санкцыі адыгрываюць ролю маркера, што падкрэслівае мэты для заходніх саюзнікаў. А Еўракамісія якраз цяпер абмяркоўвае, якімі санкцыямі парадаваць малодшага расійскага хаўрусніка. І кажа, што трэба сінхранізаваць санкцыі супраць Расіі і Беларусі.
Гэта значыць, калі Украіна і на самай справе ўсе гэтыя месяцы блакіравала заходнія санкцыі супраць беларускіх улад, то цяпер, мабыць, больш гэтага рабіць не будзе. Дарма, атрымліваецца, сёй-той хваліў украінскія ўлады за стрыманасць. Не ацанілі. І завуаляваная прапанова падпісаць пакт аб ненападзе таксама, трэба думаць, не дапамагла.
Дый, зрэшты, дзіўна было б, калі б дапамагла. Вось год таму беларускія ўлады ўжо абяцалі, што з іх боку ніякага нападу не здарыцца — і ўсе ўбачылі, чаго гэтыя абяцанні вартыя.
А яшчэ гэта, мабыць, азначае, што Украіна лічыць сябе дастаткова падрыхтаванай, каб не баяцца наступу з поўначы. І відаць, што шкоды ад гэтага наступу будзе больш для тых, хто сам будзе наступаць. А калі наступлення можна не баяцца, дык і ўлагоджваць беларускія ўлады больш ужо не трэба.