Па крымінальнай «справе 14 ліпеня» за гвалт да міліцыянтаў праходзяць чацвёра падазраваных
Падазраванымі па «справе 14 ліпеня» праходзяць чатыры мужчыны. Пра гэта Следчы камітэт паведаміў у сваім Telegram-канале, піша «Еўрарадыё».
Па выніках падзеяў 14 ліпеня Следчы камітэт пачаў крымінальную справу — па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Паведамлялася, што траўмы атрымалі шэсць амапаўцаў, прычым чацвёра з іх былі шпіталізаваныя. "Некаторыя з іх працягваюць знаходзіцца на лячэнні ва ўстанове аховы здароўя", — удакладняюць у Следчым камітэце.
Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў казаў, што пры затрыманнях увечары 14 ліпеня міліцыянтам "наносілі ўдары", а яны паводзілі сябе стрымана. Хаця на шматлікіх відэаздымках бачна, што агрэсію людзі на вуліцах выказвалі толькі пасля жорсткіх дзеянняў з боку міліцыі.
На чатырох падазраваных пачалі таксама крымінальныя справы па арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Следчыя працягваюць высвятляць, хто яшчэ мае дачыненне да падзеяў 14 ліпеня.
Усе справы аб'яднаныя ў адну вытворчасць.
На пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 14 ліпеня не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала, якія набралі больш за ўсё подпісаў у сваю падтрымку. Увечары ў розных гарадах адбыліся мірныя вулічныя акцыі нязгоды з такім рашэннем ЦВК. Міліцыя затрымала ад 250 да 300 чалавек, прычым найбольшую колькасць — у Мінску. Сярод затрыманых былі і паўтара дзясятка журналістаў. Часта затрыманні праходзілі жорстка, што выклікала сілавую рэакцыю мінчукоў у адказ.