«Пранікальнае раненне ў грудзі, кулявыя раны вока». Што кажуць дактары пра пацярпелых ад сілавікоў

Свабода пагутарыла з лекарамі, якія прымалі траўмаваных пацыентаў з масавых акцый у першыя дзве ночы пратэстаў.

Фота Уладзя Грыдзіна. Радыё Свабода

Фота Уладзя Грыдзіна. Радыё Свабода


Лекар-хірург з 10-га клінічнага шпіталя на ўмовах ананімнасці расказаў «Свабодзе» пра пацыентаў, якія трапілі ў лякарню ў ноч з 10 на 11 жніўня.

«Я дзяжурыў у ноч з 10 на 11 жніўня, гэта была другая ноч пратэстаў. Мяне выклікалі на ўзмацненне хірургічнай брыгады. За тую ноч да нас прывезлі прыкладна 7–8 чалавек. Трох з іх аглядаў я, усіх шпіталізаваў. У дваіх былі чэрапна-мазгавыя траўмы з ранамі галавы і мноства ўдараў мяккіх тканак па ўсім целе, сінякоў.

Людзі апавядалі, што іх жорстка пабілі, каго на Рэвалюцыйнай, каго ў Серабранцы. Аднаго хлопца, з ягоных словаў, наогул білі ў аўтазаку — з 19 вечара да 2 ночы. Ён прыбыў да нас у суправаджэнні аднаго байца АМАПу, але той зразумеў, што засвеціцца ў шпіталі, і адразу ж з'ехаў. Ёсць хлопец, у якога ўсё цела — суцэльная гематома.

Прывезлі аднаго 20-гадовага хлопца, у якога была пранікальнае раненне гумавай пуляй у грудную паражніну. І яго экстрэнна праапэравалі. Ён знаходзіцца ў шпіталі з бацькамі. І яны гатовы кантактаваць. Да хлопца прыходзілі супрацоўнікі Следчага камітэту, але нашы дактары іх не пусцілі, бо ён быў у цяжкім стане. Цяпер яго перавялі ў аддзяленне таракальнай хірургіі, стан у яго ўжо стабільны, і ён пастаянна знаходзіцца з бацькамі.

У мае сённяшняе і пазаўчорашняе дзяжурствы да нас нікога не прывозілі. Але я бачыў чаргу ў афтальмалягічнае аддзяленне, сядзелі людзі з кулявымі раненнямі ў павека, вока».

«Раненні гумавымі кулямі, аскепкавая рана ступака, сляды ад дручкоў»

Аляксандра Цітова, траўматолаг з 6-га клінічнага шпіталя, прымала траўмаваных людзей у першую ноч, з 9 на 10 жніўня. Кажа, што тыя «хуткія», якіх шмат бачылі ў тую ноч, ехалі ў асноўным у лякарню хуткай дапамогі і вайсковы шпіталь.

«Да нас у асноўным прыходзілі і прыяжджалі самі. Усіх шпіталізавалі. У нас спецыялізацыя — траўмы канцавін, таму паступалі з пабітымі і параненымі рукамі-нагамі. Я ведаю, што асноўную масу людзей везлі ў шпіталь хуткай дапамогі, таму што там спалучаная траўматалёгія (рукі-ногі і жыццёва важныя органы), з траўмамі грудной клеткі везлі ў 10-ю лякарню.

Было шмат людзей са слядамі збіцця міліцэйскімі дручкамі. У асноўным гэта сляды на руках, на нагах і на спіне. Былі людзі з ранамі ад гумавых куль, траўмамі, нанесенымі гумавымі кулямі.

Кулі былі даволі вялікія — круглыя чорныя шарыкі дыяметрам сантыметры тры. Адну мы вынялі, другую хлопец прывёз з сабой. Быў хлопец, у якога пад нагамі штосьці выбухнула. Што — ён дакладна патлумачыць не можа. У яго выбуховая рана ступака. Былі няроўныя краі, відавочна, аскепкі трапілі. Аперацыя экстраная ў момант паступлення.

З акепкавымі раненнямі мы сутыкаліся толькі адзін раз — 11 красавіка 2011 года, калі быў выбух у метро», — расказала траўматолаг Аляксандра Цітова.