«Права выбару» заклікала партыі спыніць вылучэнне фіктыўных сябраў камісій

Кампанія назірання "Права выбару" звярнулася да арганізацый, якія забяспечваюць прыкрыццё фіктыўным сябрам участковых камісій, з заклікам спыніць удзельнічаць у фальсіфікацыях.

padlik_logo_1.jpeg


Адкрыты ліст адрасаваны кіраўнікам наступных партый і арганізацый: Беларуская аграрная партыя, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды, Беларускі саюз жанчын, Беларускі фонд міру, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў.
У звароце звяртаецца ўвага, што пры ўтварэнні камісій парушаецца заканадаўства Беларусі, згодна з якім, «органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш адной траціны яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў». На практыцы большасць членаў камісій фарміруецца з работнікаў аднаго максімум двух прадпрыемстваў. "Тым самым парушаецца асноватворны прынцып правядзення выбараў — незалежнасць выбарчых камісій".
"Фармальна захаванне Выбарчага кодэкса РБ забяспечваецца выкарыстаннем для вылучэння брэндаў вашых арганізацый. На парламенцкай кампаніі 2019 года ад 93 да 100% асоб вылучаных вашымі арганізацыямі трапілі ў камісіі, тады як для астатніх партый гэтая доля была на ўзроўні статыстычнай хібнасці (канкрэтныя лічбы можна паглядзець на сайце нашай кампаніі pvby.org)", — гаворыцца ў адкрытым лісце.
Наступствы залежнасці членаў камісій ад кіраўнікоў прадпрыемстваў вядомыя: укіды бюлетэняў, адсутнасць адкрытага і галоснага падліку галасоў, прымус да датэрміновага галасавання, масавыя фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
"У бліжэйшыя дні завершыцца фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій для правядзення прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня.
Кампанія "Права выбару" заклікае кіраўніцтва і членаў вышэйзгаданых партый і грамадскіх аб'яднанняў пакласці канец заганнай практыцы вылучэння ў камісіі фіктыўных членаў гэтых арганізацый, даць магчымасць стаць членамі камісій сапраўдным патрыётам краіны, высокапрафесійным людзям, якія сапраўды вылучаны грамадзянамі краіны, палітычнымі партыямі і грамадскімі аб'яднаннямі", — заклікалі аўтары адкрытага ліста .