Расія збіраецца знайсці ў Беларусі 2000 наймітаў для вайны ва Украіне

Расіяне штодня губляюць на фронце да тысячы жаўнераў, пры гэтым камандаванне войска РФ не паспявае папаўняць батальёны. Застаецца шукаць наймітаў. І тут у РФ ёсць планы і на Беларусь.

_belarus_zyccjo_armija_vaennyja_fota_novy_czas_logo.jpg


Расія вярбуе наймітаў для вайны ва Украіне па ўсім свеце, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта 23 сакавіка паведаміў украінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву (ЦНС).

ЦНС адзначае, што Расія шукае магчымасці для аднаўлення наступальнага патэнцыялу для працягу вайны супраць Украіны. Аднак вялікія страты сярод мабілізаваных выклікаюць незадаволенасць у грамадстве. Таму ў РФ плануюць прыцягнуць яшчэ больш наймітаў. «Страта наймітаў не выклікае сацыяльнага напружання ў расійскім грамадстве», — адзначаюць у Цэнтры нацыянальнага супраціву.

Наймітаў шукаюць і ў суседняй з РФ Беларусі, і ў далёкай Афрыцы. Так, расіяне разлічваюць прыцягнуць з Беларусі да 2 тысяч наймітаў.

Гаворка ідзе пра супрацоўнікаў ахоўнай кампаніі «ГардСэрвіс». ЦНС адзначае, што «ГардСэрвіс» — «не проста прыватная ахоўная кампанія. Гэта першая кампанія такога кшталту ў Беларусі, якая была створана спецыяльным указам Аляксандра Лукашэнкі ў 2019 годзе. Базіруецца «гвардыя» на тэрыторыі былога цэнтра падрыхтоўкі беларускіх спецназаўцаў».

ЦНС таксама піша, што ў РФ прыбылі каля 100 наймітаў з Анголы. Нібыта пра іх удзел у вайне асабіста дамаўляўся кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў падчас візіту ў афрыканскую краіну.


І наогул, Расія мае намер павялічыць свой уплыў на бедныя краіны Афрыкі, каб з іх тэрыторыі супрацьстаяць заходнім дзяржавам.

Так, напрыклад, нядаўна расіяне стварылі так званы «Міжнародны рух русафілаў», сярод задач якога — стварэнне плацдарма для вярбоўкі наймітаў. А 14 сакавіка ў Маскве адбыўся «з’езд агентаў уплыву Крамля ў свеце», адзначае ЦНС. Афіцыйна гэта падавалася як «з'езд русафілаў», на якім насамрэч сабраліся расійскія прапагандысты з усяго свету і ўтварылі «Міжнародны рух русафілаў». «Мерапрыемства наведалі прадстаўнікі больш чым 40 краін. Курыравалі гэты працэс «праваслаўны алігарх» Канстанцін Малафееў і філосаф Аляксандр Дугін. Афіцыйным тварам працэсу стаў вядомы агент уплыву Стывен Сігал, які даўно прамяняў кар'еру на падтрымку Расіі… Лідарам руху стаў балгарын Мікалай Малінаў, расійскі шпіён, якога на Радзіме праводзяць пад следствам за здраду Радзіме».

Пры дапамозе гэтага руху РФ спадзяецца ў тым ліку вербаваць наймітаў для ўдзелу у вайне ва Украіне па ўсім свеце.