Рэгіна Лавор: «Начальнік ізалятара сказаў мне: «Не хрюкай. Скоро поедешь на зону»
Рэгіна Лавор — культуролаг і рамеснік, заснавальніца Іўеўскага музея Нацыянальных культур. Тры тыдні таму яна экстрана пакінула Беларусь. Але верыць, што абавязкова вернецца. А яшчэ марыць апрануць у вышыванкі ўсіх жадаючых.
У верасні 2021 года жанчыну асудзілі да двух гадоў абмежавання волі (“хатняй хіміі”) за нібыта абразу прадстаўніка ўлады — гаворка ідзе пра камэнтар у тэлеграм-канале пра намесніка начальніка Іўеўскага РАУС. Чытачам “Новаму Часу” Рэгіна Лавор распавядае пра ціск з боку сілавікоў, уцёкі і пра тое, чаму хоча вярнуцца ў Беларусь.
“Пракапалі глюкозу і вярнулі ў камеру”
— Рэгіна, здаецца, “хатняя хімія” не самы горшы варыянт. Што гэта было для вас?
— Стан пастаяннага напружання, неверагодны ціск, запалохванні і правакацыі. Увесь час над табой вісіць пагроза замены рэжыму адбывання пакарання — на калонію.
Першае парушэнне мне далі ўжо праз месяц пасля пастаноўкі на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспекцыю. Там мне паставілі ўмову: цягам пятнаццаці дзён працаўладкавацца. А як? Мяне нідзе не бралі, нават мае былыя калегі адмаўлялі.
Вырашыла пайсці на прыём да старшыні райвыканкаму, каб задаць яму гэтае пытанне. Напярэдадні візіту схадзіла ў РАУС і ў пісьмовай форме запыталася дазволу на наведванне ўстановы, міліцыянты адказалі мне вусна: “Ідзі”.
Я і пайшла. Старшыня райвыканкаму ў гэты дзень не прымаў, хоць я і была да яго запісаная. І толькі вярнулася дадому, як адразу прыйшоў участковы. Службоўца завёў мяне ў РАУС, дзе мне аб’явілі вымову. Ніхто нават не хацеў слухаць маіх тлумачэнняў. Проста ўляпілі парушэнне рэжыму адбывання пакарання, і ўсё на гэтым.
Праз два тыдні навесілі другое парушэнне. Нібыта ў часе праверкі я падышла да дзвярэй, але не адчыніла іх. Неўзабаве выклікалі ў РАУС у якасці сведкі, я прыходжу, а мне там раптам даюць дзесяць сутак дысцыплінарнай ізаляцыі. У мяне з сабой не было ніякіх рэчаў, я не чакала такога павароту. Суткі адбывала без нічога, бо перадачы там забароненыя. Прагулкі, дарэчы, таксама. Выдавалі толькі матрац на ноч. Сядзела я ў адзіночнай камеры.
— Не вытрымаўшы гэтых здзекаў, вы аб’явілі галадоўку?
— Так. Іншай формы пратэсту, знаходзячыся за кратамі, я ўжо не бачыла на той момант. Праз некалькі дзён мне стала блага, прыехала “хуткая”. Забралі ў шпіталь, пракапалі глюкозу і даслалі назад у камеру.
Падчас адбыцця сутак вельмі часта ўзгадвала парады свайго псіхолага — ужо доўгі час я атрымліваю псіхалагічную кансультацыю анлайн — і адмыслоўца вучыў мяне, як паводзіць сябе ў экстрэмальных сітуацыях. Вельмі ўдзячная яму за гэта, яго парады мне дужа дапамаглі.
Вызваліўшыся з ізалятару, разумела, што на гэтым мае праблемы не скончацца, што сітуацыя ў краіне крытычная, што рэпрэсіі будуць толькі ўзмацняцца. Нягледзячы на гэта, з’язджаць на той момант не збіралася.
Неўзабаве павесілі новае парушэнне. Я пісала вельмі шмат скаргаў і задавала ўладам вельмі шмат пытанняў, бо не магла іначай. Не магла сядзець, склаўшы рукі, і моўчкі назіраць за гэтым беззаконнем, за пакутамі людзей. Увесь час пісала палітвязням, на ўсе святы дасылала ім паштоўкі, прымала ўдзел у арганізацыі грашовых збораў для рэпрэсаваных.
Пісала нават у МУС, каб мяне выдалілі са спісу экстрэмістаў. Вядома, улады гэта дужа раздражняла, і яны рэагавалі ў выглядзе ціску.
“Гляджу ў вочка — а там чатыры здаровых амапаўца”
“Званок у дзверы. Гляджу ў вочка — а там АМАП. Чатыры здаравенныя амбалы, уяўляеце сабе? Нашыўкі амаль не бачныя, таму адразу зразумець, хто гэта, цяжка. Дзверы я не адчыніла, патэлефанавала ў міліцыю, сказала, што да мяне ломяцца невядомыя, што я апасаюся за сваё жыццё. Дзяжурны міліцыянт так і не змог мне патлумачыць, хто там за дзвярыма, ці гэта супрацоўнікі МУС ці не, сказаў чакаць нарад.
Падыходжу да дзвярэй і кажу амапаўцам: “Хлопцы, пачакайце, зараз прыедзе нарад міліцыі і разбяромся, хто вы, што вы”. Бачу ў вакно, што пад’ехаў нарад. Гляджу ў вочка — а амбалаў ужо няма.
Праз месяц мяне выклікаюць у РАУС і вешаюць чарговае парушэнне. Маўляў, вы не адчынілі дзверы нашым супрацоўнікам. Трое сутак дысцыплінарнага спагнання.
Па выйсці з ІЧУ я доўга думала: як сябе абараніць ад правакацый сілавікоў і вырашыла ўсталяваць каля дзвярэй кватэры камеру відэаназірання. Заўважыла, што пыл службоўцаў трошачкі сцішыўся. Але праверак усё роўна было багата, хто да мяне толькі не прыязджаў”.
“Участковы сказаў мне: “Вы не патриот, потому что не платите налоги»
— Мне ўвесь час пагражалі, правакавалі, а ўчастковы аднойчы ўвогуле сказаў мне, што я не патрыёт.
“Чаму вы так лічыце? — пытаюся ў таго. — Я патрыёт, бо размаўляю на беларускай мове, шаную і падтрымліваю культуру, традыцыі, развіваю рамёствы”. Ён мяне адразу перабівае і кажа: “Это не патриотизм”. Я удакладняю: “А што па-вашаму патрыятызм?”. “Надо платить налоги”, — гучыць у адказ.
Я засмяялася яму ў твар. “Я таксама плачу падаткі, — кажу. — А ваш патрыятызм на чым палягае? На тым, што вы не даеце жыць і свабодна дыхаць нармальным людзям?”
Прыехаў да мяне неяк іншы супрацоўнік, запытаўся, кім працую. Кажу, рамеснікам. “Я у вас спрашиваю: кем вы работаете?!” — гаркнуў ён. Тлумачу яму, што зарэгістраваная рамеснікам. “На земле, что ли, работаете?” — на поўным сур’ёзе запытаўся міліцыянт.
Я не вытрымала і зрабіла яму заўвагу пра ўзровень яго адукацыі, той закусіў губу і праз пэўны час навесіў на мяне чарговае парушэнне.
Адбылося гэта напярэдадні каталіцкага Вялікадня. У той вечар у мяне было пяць праверак. Прыходзілі вельмі позна. Толькі засынаю — званок, ізнову засынаю — званок…
У чарговы раз адчыняю дзверы — а той міліцыянт, што затаіў на мяне крыўду, у гэты момант разварочваецца і сыходзіць. “Вы куды?” — крычу яму ўслед. А ён мне адказвае: “До свидания”.
І на яго відэарэгістратары бачна, што ён са мной размаўляў і што я нібыта не адчыняю дзверы. Канечне, ён жа ўжо развярнуўся, калі я дзверы адчыніла, і гэты момант яго відэарэгістратар ужо не ахопліваў.
Мая камера зафіксафала сапраўдную карціну, але ў РАУС ніхто мае тлумачэнні, як заўсёды, слухаць не захацеў. Мне знову далі суткі. Я аспрэчвала гэтае спагнанне ў судзе, але суддзя напісала ў пастанове, што «доказать обратное невозможно». У якасці доказнай базы міліцыянты прадставілі відэа, але яно было без гуку.
І падобных правакацыяй у часе адбыцця пакарання было вельмі шмат. З канца студзеня да мяне пачалі прыязджаць амаль што кожны дзень, а часамі і некалькі разоў на дзень, правяралі і ўначы. Вельмі часта прыкладалі палец да званка, але не націскалі на яго. Міліцэйскі відэарэгістратар паказвае, што службоўца нібыта звоніць мне ў дзверы, а я нібыта не адчыняю.
“На прыборы паказвае нуль праміле, а мяне абвінавачваюць, што я п’яная”
Неяк павезлі мяне на медагляд. Прыбор паказвае: 0,210 праміле. Удакладняю ў медыка: “Што гэта значыць?”, яна адказвае: “Ну, вы могли выпить какие-то лекарства”. І піша ў акце, што алкагольнае ап’яненне адсутнічае. А ў РАУСе мне пры гэтым даюць парушэнне і сцвярджаюць, што я была п’яная. Прымушаюць пісаць тлумачэнне.
Мяне выпусцілі, але неўзабаве па мяне знову прыехалі. Затрымлівалі вельмі груба. Рукі сказалі пакласці на машыну, ногі паставіць на шырыні плеч, надзелі кайданкі і ў прамым сэнсе тварам упіхнулі ў машыну. Прывезлі ў РАУС і там прымусілі дагала распранацца перад відэакамерай.
У гэты момант я увесь час узгадвала словы свайго псіхолага і старалася сябе стрымліваць, дыстанцыявацца ад таго, што адбываецца. Мне выдалі матрац, аддалі нават цёплыя рэчы. Але праз некаторы час усё забралі. Аказалася, што ўсё тое, што адбываецца ў камеры, наўпрост транслюецца ва Упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага абдвыканкама. Высокія чыны пабачылі, што ў мяне цюфяк, падушка, цёплыя рэчы і гэта іх абурыла. І вось мяне раніцай выводзяць з камеры, і пачынаецца страшэнны ор начальніка: “Не хрюкай. Скоро поедешь в металлическом вагоне на зону”. Усё астатняе з яго маналогу — лаянка.
Я засталася на голых нарах. На вобшук выводзілі чатыры разы на дзень. Кайданкі надзявалі праз кармушку, зашпільвалі ззаду. Цягам ночы ўзнімалі двойчы — патрабавалі, каб здавала рапарт. У камеры мышы і блохі. Вельмі халодна было, бо пачатак красавіка, а ацяпленне яшчэ не ўключылі. Вада толькі халодная. Каб сагрэцца, я рабіла практыкаванні, у тым ліку выбівала нагамі “Жыве Беларусь”. Ежа жахлівая і яе вельмі мала. Я аб’явіла галадоўку. Мне знову зрабілася блага, міліцыянты выклікалі “хуткую”.
“Тройка НКВД пастанавіла: Лавор Рэгіну Мечыславаўну расстраляць”
— На сваіх апошніх сутках я зразумела, што
буду з’язджаць. Дзесьці на трэці дзень. І на гэты раз я ўжо не вагалася. Асэнсавала, што мяне неўзабаве дашлюць у калонію, і вытрымаць гэтыя
выпрабаванні, улічваючы мой стан здароўя, ці здолею? Адзін этап чаго варты!
Плюс выдатна ўсведамляла, што і ў калоніі мне спакойна жыць не дадуць: як
мінімум узбудзяць яшчэ адну справу за “непадпарадкаванне адміністрацыі”. А магчыма, і іншыя крымінальныя справы, бо вельмі актыўна ўдзельнічала ва ўсіх
палітычных падзеях 2020 года ў сваім горадзе.
Пасля адбыцця сутак мяне прывялі ў інспекцыю ў кайданках. Прыйшоў начальнік і пачаў на мяне крычаць. Службоўцы далі мне чысты аркуш паперы і патрабавалі, каб зноў напісала нейкія тлумачэнні. Я і напісала: “Тройка НКВД пастанавіла: Лавор Рэгіну Мечыславаўну расстраляць”. Начальнік разгневаўся і сказаў прыкласці гэтую паперу ў маю асабістую справу, пры гэтым назваў прозвішча суддзі. Іншымі словамі, даў зразумець, што будзе суд па змене пакарання. Апроч іншага, ён яшчэ дадаў мне новыя суткі.
Я разумела, вызваліўшыся з ІЧУ, што часу вельмі
мала. Уцякала з Беларусі з адным заплечнікам. Было вельмі крыўдна: за што мяне пазбаўляюць
Радзімы? Толькі за тое, што люблю сваю краіну, мову, культуру, хачу справядлівых
выбараў, нармальнай будучыні для сваіх дзяцей і ўнукаў. Вельмі складана было і
папрасіць абароны ў іншай дзяржавы, але іншага выйся не было. Я цешуся, што
цяпер у бяспецы. Пачуваюся нармальна, планую аднавіцца ў рамесніцтве, заняцца
валанцёрствам.
Дзякуй усім, хто дапамог мне бяспечна дабрацца да Польшчы. Вялікая падзяка службе эвакуацыі B*SOL, усім сябрам, усім неабыякавым людзям.
Мой псіхолаг сказаў мне калісьці: уяві сабе две шклянкі. У адной наліта трошачкі вады, другая шклянка пустая. Ёсць дзве жабкі. Адну кідаюць у шклянку з вадой. Яна там плавае, ёй пачынаюць даліваць кіпень, ёй непрыемна, але яна неяк прыстасоўваецца, ёй яшчэ даліваюць — і знову яна прыстасоўваецца. І ў выніку яна гіне. У другую шклянку адразу наліваюць толькі кіпень, кідаюць туды жабку — і яна адразу выскоквае.
Развітваючыся з Радзімай, я ўвесь час пракручвала ў галаве гэтыя словы. Я і была той жабкай, якой усё далівалі і далівалі ваду, я разумела, што калі зараз не выскачу, то загіну.
“Пачала выходзіць на плошчу пасля таго, як убачыла зверствы сілавікоў”
Пра падзеі 2020 года Рэгіна ўзгадвае і з болем, і з гонарам:
— Унутры мяне ўсё пераламілася пасля таго, як ўбачыла страшэнныя зверствы сілавікоў у жніўні. Не магу сказаць, што да гэтага моманту была надта палітызаванай асобай. Вядома, за афіцыйнага кіраўніка дзяржавы я не падпісвалася і не галасавала, даўно ўжо яго не падтрымлівала, але на большасць падзей у краіне назірала неяк збоку.
12 жніўня выйшла на цэнтральную плошчу Іўя і з гэтага моманту выходзіла туды кожны дзень.
Чым для мяне стаўся 2020 год? Вялікім адкрыццём. Я была вельмі здзіўленая, бо 24 гады адпрацавала ў сферы культуры і ведала, як складана збіраць людзей на мерапрыемствы: яны не прыходзілі, як працаўнікі культуры іх не прываблівалі. Глухі нумар.
А тут на плошчу раптам выйшлі 300-350 чалавек. Улічваючы, што наш горад — гэта 7 тысяч насельніцтва, 350 чалавек — гэта шмат. Праз сацыяльныя сеткі, праз чаты людзі вельмі хутка зарганізаваліся, і нікога не трэба было прымушаць. І людзі не баяліся, ставілі подпісы за тое, каб запрасіць дэпутата на мітынг, збіралі подпісы нават, каб яго адклікаць, таму што ён не вырашаў нашыя пытанні.
Напрыканцы жніўня на мітынг прыйшоў начальнік РАУС і сказаў, што гэта апошняе наша мерапрыемства, што, маўляў, з гэтага моманту ніякіх гарантый нашай бяспекі ён не дае.
Тым не менш мы працягвалі выходзіць амаль да 29 лістапада”.
“І тут чую: “Берем только женщин”
— У гэты дзень у нас адбыўся масавы хапун, — працягвае суразмоўца. — Людзі выйшлі на плошчу, прайшлі невялічкім маршам па горадзе, я вярталася да машыны з бел-чырвона-белым парасонам і тут побач спыняецца бус, адтуль выскокваюць невядомыя ў балаклавах, хапаюць мяне за каўнер і кідаюць у бус. Унутры іх, службоўцаў, было чалавек 7-8. Увесь час яны крычалі, лаяліся, нешта патрабавалі. А ў мяне ў галаве адна думка: “Ну ўсё, вывезуць у лес…” Потым думаю: “Як добра, што тэлефон з сабой не ўзяла”.
Раптам бус спыняецца каля групы людзей. І тут чую: “Берем только женщин”. Унутры ўсё пахаладзела.
Сілавікі выбеглі з мікрааўтобуса і пачалі хапаць жанчын. Мяне пры гэтым кіданулі (што там мяне кідаць — я важу 47 кілаграм) у канец буса.
Сярод пратэстоўцаў былі і мужчыны і яны, вядома, пачалі бараніць жанчын. Усіх закінулі ў бус, аднаго мужчыну сілавікі пачалі душыць. Я крычала і парасонам біла амапаўца, парасон мне зламалі. Чым нам пры гэтым толькі не пагражалі! Гэта страшна, што з намі адбывалася.
Нас прывезлі ў РАУС, склалі пратаколы і праз тры гадзіны выпусцілі.
Мая сям’я не ведала, дзе я, бо мяне схапілі першую і гэтага ніхто не бачыў. І паколькі я дадому не вярнулася, а мая машына стаяла на прыпынку, сям’я зразумела, што штосьці адбылося.
З таго часу больш ужо ніхто на мітынгі не выходзіў. Пачаўся канвеер судоў. Чамусьці ўсе суды над пратэстоўцамі адбываліся ў Лідзе і судзіў нас усіх адзін і той жа суддзя — Філатаў. Гэта менавіта ён асудзіў Вітольда Ашурка.
Усім жанчынам прызначылі штраф у трыццаць базавых, мужчынам далі па пятнаццаць сутак.
І вось толькі я вярнулася з судовага пасяджэння, як да мяне прыйшлі з вобшукам. Маўляў, узбуджаная крымінальная справа — за каментар у сеціве, нібыта я абразіла міліцыянта.
Як яны прыйшлі да такой высновы, я не ведаю. Тэлефон мой не забіралі, а сам каментар цяжка было прывязаць да канкрэтнай асобы, бо ў ім узгадвалася толькі прозвішча, але не было ні здымку, ні звання, ні пасады. У мяне не ўкладвалася ў галаве, як мяне маглі абвінаваціць без аніякіх доказаў.
Прысуд мне вынеслі 21 верасня 2021 года. Падчас следства я знаходзілася на волі — пад задаткам.
“Мару апрануць у вышыванкі ўсю Беларусь”
— Рэгіна, большую частку жыцця вы прысвяцілі адраджэнню беларускай культуры, мовы, нацыянальных традыцый. Адкуль такая любоў да беларушчыны? Вы памятаеце, з чаго ўсё пачалося?
— На фармаванне майго светапогляду перш за ўсё паўплывалі мае бацькі. Мама і тата выхоўвалі нас, траіх дачок, у любові і гармоніі. З дзяцінства мы бачылі, як пяшчотна бацькі ставяцца адно да аднаго, да нас, з якой цеплынёй і дабрынёй да ўсіх іншых людзей, да зямлі, як усім дапамагаюць.
Калі навучалася ў дзявятым класе, у школе на базе вучэбна-вытворчага камбінату набіралі групу будучых культработнікаў. Вядома, я запісалася і з тых часоў літаральна загарэлася гэтай працай. Пасля працавала ў сельскім клубе, паступіла ў Інстытут культуры, працавала ў Доме культуры. У 2005 годзе я ўзначаліла ў Іўі Цэнтр рамёстваў: пачыналі ўсё з нуля з калегамі, ездзілі па вёсачах і збіралі рушнікі, пралкі. Нашыя майстры займаліся саломапляценнем.
За гэты час я атрымала яшчэ адзін дыплом — музеязнаўцы.
У чэрвені 2009 года ў горадзе адчыніўся Музей нацыянальных культур, які я і ўзначаліла. Я стварала яго таксама з нуля. Пачыналі ўтрох: бухгалтар, прыбіральшчыца і я, дырэктар. Шмат чаго прынесла з дому туды, у тым ліку вышыўкі матулі. Калі звярталася да кіраўніцтва па падтрымку, мне адказвалі: “З грашыма ўсе могуць. А вы зрабіце без грошай”.
З пасады кіраўніка музея сышла ў 2019 годзе. Я і чыноўнікі па-рознаму бачылі канцэпцыю яго дзейнасці і развіцця. Плюс рэканструкцыя будынка адбывалася з парушэннем усіх норм. На другім паверсе правальвалася падлога, пайшоў грыбок. Не магла ўзяць на сябе адказнасць кіраваць музеем, калі існуе такая сур’ёзная небяспека і для калектыву, і для наведвальнікаў.
Зразумела тады, што з беларускай сістэмай і ўладай штосьці не тое, што ў ёй бракуе справядлівасці, што яна фальшывая. Пасля звальнення занялася рамесніцтвам, спецыялізавалася на вышыўцы. Марыла апрануць у вышыванкі ўсю Беларусь.
Дарэчы, у часе працы ў музеі ўсю дакументацыю, усе экскурсіі я вяла па-беларуску. І ўвогуле ўвесь час за мову змагалася. Пісала шмат хадайніцтваў у дзяржаўныя структуры, каб на іх сайтах прысутнічала і беларуская мова, каб бланкі і іншыя афіцыйныя паперы былі па-беларуску.
“Абавязкова вярнуся на Радзіму”
— Якой вы бачыце будучыню Беларусі?
— Мой прагноз у гэтым сэнсе вельмі аптымістычны. Я веру, што праўда і дабро перамогуць. Веру, што ў Беларусі ўсё зменіцца ў лепшы бок, што ў нас будзе дэмакратычна абраны прэзідэнт і краіна будзе развівацца ў дэмакратычным кірунку.
Вельмі ганаруся нашым народам. Вельмі ўдзячная ўсім, хто змагаецца за свабоду, за лепшы лёс для нашай Радзімы, за годную будучыню для нашчадкаў.
Скажу шчыра: не бачу свайго жыцця без Беларусі. І як толькі там адбудуцца перамены, пайду туды пешшу, пабягу. Абавязкова вярнуся на Радзіму — мы ўсе туды вернемся. А пакуль буду дапамагаць тым, хто трапіў пад рэпрэсіі, працягваць займацца рамесніцтвам, маліцца за ўсіх нас і за тое, каб дэмакратычныя перамены адбыліся як мага хутчэй.