Сачыце за логікай. Прапагандыст прадставіў доказ «перамогі» Лукашэнкі на выбарах 2020 году
У эфіры беларускага дзяржаўнага Першага каналу Дзьмітры Жук заявіў, што выбары 2020 году былі «рэальнымі» і прадставіў свой уласны доказ таго, што беларусы на іх падтрымалі Лукашэнку, піша «Св*бода».

У якасьці аргумэнта Жук прывёў сустрэчы высокапастаўленых лукашэнкаўскіх сілавікоў на дзяржаўных прадпрыемствах.
«Прэзыдэнт (так Жук называў Аляксандра Лукашэнку)
накіроўвае найвышэйшых службовых асобаў сілавога блёку Беларусі да людзей расказваць пра рэальныя небясьпекі і пагрозы. І пры гэтым увогуле не баіцца,
што абураныя гэтым людзі выйдуць на нейкія палітычныя мітынгі ці яшчэ нешта. А
чаму? Бо гэта элемэнт даверу. І гэты элемэнт даверу падкрэсьлівае тое, што
рэальнасьць выбараў 2020 году ў тым, што большасьць грамадзтва падтрымала», —
сказаў Дзьмітры Жук у эфіры перадачы «Клюб рэдактараў».

Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі пачалася найбуйнейшая за
гады незалежнасьці хваля палітычных рэпрэсіяў. Дзясяткі тысяч грамадзян былі
асуджаныя ў адміністрацыйных працэсах, тысячы сталі фігурантамі крымінальных
справах, сотні тысяч пакінулі краіну.
На дадзены момант, паводле праваабаронцаў, у беларускіх турмах
знаходзіцца 1334 чалавекі, прызнаныя палітвязьнямі. У краіне ліквідавалі сотні
недзяржаўных арганізацый і СМІ. Падчас судовых працэсаў беларусаў караюць за
выказваньне меркаваньня ў форме лайка ў сацыяльных сетках або камэнтара.